Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: УКРАІНЦЫ Ў БЕЛАРУСКІМ КАЛГАСЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Праблему абмяркоўваюць аўтар перадачы Алег Грузьдзіловіч і эканаміст Міхал Залескі. Ён згадвае прыклад, які дэманструе, як мусіць ставіцца дзяржава да ўсяго, што належыць грамадзяніну.

(Залескі: ) “Неяк мы ехалі ў камандзіроўку за мяжу і адзін з нас захапіў з сабой шматок сала, каб там падсілкоўвацца. Туды ехалі – ніхто да гэтага сала не чапляўся, а вярталіся, і сала ў яго забралі. Але дакладна даслалі гэты шматок яму дамоў. Вось што значыць уласнасьць.”

Выпадак, пра які распавеў эканаміст Міхал Залескі, адбыўся ў Венскім аэрапорце. Аўстрыйскія памежнікі мусілі падпарадкоўвацца новым правілам, уведзеным з прычыны тэрактаў у ЗША. Паводле гэтых правілаў шматок беларускага сала патрапіў у лік рэчаў, правозіць якія самалётам забараняецца. Але, як бычым, усё, што ўзялі ў пасажыраў, у тым ліку і кавалак сала, праз колькі дзён поштай ім вярнулі.”

Паводле Міхала Залескага эканамічны прагрэс немагчымы без паважлівага стаўленьня да уласнасьці чалавека. Асабіста Міхал Залескі лічыць, што гэтае права стаіць нават першым ў шэрагу правоў чалавека, паколькі яно забясьпечвае свабоду і здольнасьць чалавека гэтую свабоду бараніць.

У Беларусі таксама права на ўласнасьць дэкляраванае Канстытуцыяй, але, як выяўляецца, гэта зусім не гарантуе людзям недатыкальнасьці іхнай маёмасьці. Прыкладам можа быць прэзыдэнцскі ўказ, які забараняе везьці празь мяжу больш чым 50 кіляграмаў прадуктаў.

Тым, хто гэта спрабаваў зрабіць, пагражае канфіскацыя прадуктаў і транспартных сродкаў, на якіх іх правозілі. Прычым мытнікаў не цікавіць, якія прадукты ў дадзеным выпадку правозяцца празь мяжу: ці гэта тое, што чалавек набыў на рынку, ці вырасьціў на сваіх уласных сотках альбо атрымаў у якасьці аплаты за працу.

Гэты ўказ яўна супярэчыць праву людзей распараджацца сваёй уласнасьцю, лічыць эканаміст Міхал Залескі і з сумам адзначае, што вось ужо другі год ён працягвае дзейнічаць. Церпяць яд яго сотні сумленных грамадзянаў – гандляроў, сялянаў, у тым ліку і замежнікаў.

Яшчэ адным нэгатыўным наступствам гэтага ўказу ёсьць тое, што ён спараджае розныя іншыя парушэньні закону. Калі дзяржаве можна забіраць у людзей іх уласнасьць, то чаму гэта нельга рабіць дырэктару завода, старшыні калгасу? Наш карэспандэнт зь Берасьця Алег Супрунюк распавядзе гісторыю з гэтага шэрагу.

(Супрунюк: ) “Неаднойчы Радыё Свабода распавядала пра тое, зь якiмi праблемамi сутыкаюцца жыхары Ўкраiны, што прыяжджаюць на заробкi ў беларускiя калгасы. Заробленае жыта, бульбу ды iншую сельгаспрадукцыю мытнiкi i памежнiкi не дазваляюць украiнцам вывозiць на радзiму i канфiскоўваюць на карысьць беларускай дзяржавы. Але сёлета зь некаторымi з запрошаных работнiкаў вырашылi наагул не разьлiчвацца за працу.

У калгас "Рыта" Маларыцкага раёну шасьцёра жыхароў Украiны прыехалі на запрашэньне мясцовага кiраўнiцтва. Колькасць жадаючых працаваць у калгасе з кожным годам змяньшаецца. Напрыклад, на фэрме ў вёсцы Дубiчна сотню кароў абслугоўвае толькi адна даярка. Людзей не прываблiвае нават магчымасьць атрымаць жытло.

Запрошаным украiнцам прапанавалi зарабiць добрыя грошы падчас жнiва, а дакладней – даручылi чысьцiць зерне, якое нарыхтоўвалася да новага пасеву. Паводле дамовы, з кожным з рабочых за ачыстку двухсот тон зерня кiраўнiцтва калгаса паабяцала часткова разьлiчыцца грашыма, часткова – гэтым самым зернем.

Украiнцы сапраўды чысьцiлi зерне. Але ня тое, што плянавалася пасеяць зноў. Жыта, якое апрацавалi прадстаўнiкi суседняй дзяржавы, маларыцкая гаспадарка накiравала на Берасьцейскi камбiнат хлебапрадуктаў. Калi надыйшоў час разьлiчвацца за працу, старшыня калгасу "Рыта" Iван Пастуша абвесьцiў украiнцам, што яны нiчога не атрымаюць, бо выканалi работу, якая не прадугледжаная дамовай. Спадар Пастушак зноў прапанаваў чысьцiць зерне, якое будзе выкарыстанае ў якасьцi семян.

Спрэчкi вакол гэтай гiсторыi зацягнулiся i жыхары Ўкраiны ўжо выправiлiся на радзiму. Паводле вяскоўцаў, яны вымушаныя былi гэта зрабiць, бо мясцовае начальства разам зь мiлiцыянтамi, пагражалi ўкраiнцам дэпартацыяй. Тым ня менш, яны паабяцалi вярнуцца i дамагчыся выплаты заробку.

Насельнiцтва беларускай вёскi, дзе працавалi украiнцы, з большасьцi iх падтрымлiваюць, але ня вераць, што тыя здолеюць перамагчы ў гэтай спрэчцы.

(Вясковец: ) “Гэта такiя самыя хлопцы. Рабiлi ў калгасе тое, што iм казалi. I цяпер – вiнаватыя. I зерне згубiлi, i грошы. А ў начальства праўды ня знойдзеш. I суд не дапаможа”.

Можна прагназаваць, што пасьля гэтай гiсторыi, які бы яна ня мела канчатак, колькасць украiнцаў, жадаючых працаваць у беларускiх калгасах, iстотна зьменьшыцца.

Міхаіл Залескі, да якога я зьвярнуўся па камэнтар да гэтай гісторыі, пацьвердзіў яе тыповасьць. Ён лічыць вінаватым у канфлікце найперш старшыню калгасу.

(Залескі: ) “Паводле беларускага закону для любога чалавека (і ня мае значэньне грамадзянства) умовы аплаты ня могуць быць горшымі, чым прадугледжана адзінай тарыфнай сеткай і працоўным кодэксам . Гэта першае патрабаваньне, якое дазваляе чалавеку падаць у суд , найперш на старшыню.”

Аднак ён заўважае, што перад тым як заключаць дамову з гаспадаркай, трэба было спытаць ў эканамічнага экспэрта пра магчымасьці законна вывесьці заробленыя прадукты зь Беларусі. Ягоная асабістая парада заключаецца тым, каб аформіць гэтыя прадукты як транзыт груза, альбо як экспарт груза. А збольшага Міхал Залескі выказваецца за бесперашкодны транзыт прадуктаў як умову для існаваньня сучаснага рынку.

(Залескі: ) “Толькі ў сапраўды рынкавых умовах магчыма максымальна разьвіваць гаспадарства і забясьпечваць правы грамадзянаў.”
XS
SM
MD
LG