Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вырашыў зачыніць грамадзкую арганізацыю “Праўная дапамога насельніцтву”


Алег Грузьдзіловіч. Менск

Судзьдзя Натальля Жупікава зь Менскага гарадзкога суда цалкам задаволіла пазоў управы юстыцыі Менскага гарвыканкаму, якая дамагалася закрыцьця “Праўнай дапамогі насельніцтву”. Судзьдзя пагадзілася, што гэтая арганізацыя насуперак закону аказвала платныя юрыдычныя паслугі насельніцтву, а таксама, што ня выправіла парушэньні ў сваёй дзейнасьці, на якія было ўказана год таму ды яшчэ й карысталася няправільнай пячаткай.

“Суд пастанавіў грамадзкую арганізацыю “Праўная дапамога насельніцтву” закрыць, утрымаўшы зь яе 70 тысячаў рублёў на карысьць дзяржавы”,— агалосіла Натальля Жупікава прыканцы прысуду.

Між тым гэтыя словы чулі толькі два замежныя дыпляматы, прадстаўнік Управы юстыцыі ды ваш карэспандэнт. Больш ніхто на працэс не патрапіў, бо ў кабінэце проста не было вольнага месцу.

Кіраўнік “Праўнай дапамогі насельніцтву” Алег Волчак, ягоныя калегі, а таксама прадстаўнікі грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў, якія прыйшлі сёньня раніцай у менскі гарадзкі суд, адразу запрасілі прадаставіць памяшканьне, у якое змаглі б умясьціцца ўсе, хто жадае. Алег Волчак у суд без грамадзкасьці ісьці адмаўляўся. Судзьдзя спасылася на рамонт у будынку. Перамовы з адміністрацыяй суда цягнуліся больш за дзьве гадзіны, і ў выніку Натальля Жупікава проста адкрыла паседжаньне без Алега Волчака, дзеяньні якога яна ацаніла ў прысудзе як “спробу зацягнуць працэс”. Са свайго боку Алег Волчак назваў рашэньне судзі аб закрыцьці арганізацыі “расправаю, якая заказаная наверсе”…

(Волчак: ) “Не за паслугі насельніцтву нас закрылі, а за тое, што мы шукалі зьніклых палітыкаў, што дапамагалі пацярпелым ад дзяржавы ў трагедыі на “Нямізе” ды за іншыя “грахі”. А гэта ўсё проста прычэпкі, якія паказваюць палітычную сутнасьць прэтэнзіяў да нас. Як мне вядома, хоць я нават ня быў на працэсе, што у іх не было доказаў аказаньня намі платных паслугаў”.

Дадам, што яшчэ напярэдадні працэсу міліцыянты затрымалі побач з судом жыхарку Менску Аксану Новікаву, якая прыйшла да суду з плякатам “Патрабуем незалежнага суду”. Ужо складзены пратакол, паводле якога яна арганізавала несанкцыянаваны пікет побач зь дзяржаўнай установай. Суд над Аксанай Новікавай адкладзены на тыдзень.
XS
SM
MD
LG