Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У САВЕЦЕ РЭСПУБЛІКІ НЕ ЗАХАЦЕЛІ ПАЧУЦЬ ПРАТЭСТАНТАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Зьмест выступаў перад саветам рэспублікі прадстаўнікоў так званых традыцыйных рэлігіяў зводзіўся да лекцыяў па гісторыі, рэклямы сваёй дабрачыннай дзейнасьці ды выказваньня ляяльнасьці да ўладаў. Фактычна новы закон аб свабодзе сумленьня быў ухвалены праваслаўным і каталіцкім ерархамі, прадстаўнікамі мусульманаў, артадаксальных юдэяў і лютэранаў.

Нягледзячы на заявы пра неабходнасьць берагчы міжканфэсійны мір, некаторыя дазвалялі сабе заявы, якія межавалі з распальваньнем рэлігійнай варожасьці. Напрыклад, агрэсіўны выступ прадстаўніка Беларускага экзархату РПЦ Фёдара Поўнага нават спрабавалі спыніць арганізатары сэмінару.

(Поўны: ) “Усе магчымыя маргінальныя і проста злачынныя групы ў многіх выпадках атрымліваюць зялёнае сьвятло для правядзення сваіх вельмі сумнеўных ініцыятываў”.

Ня выявілі нэўтральнасьці й прадстаўнікі дзяржаўных органаў. Кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко заявіў, што Хрысьціяне Поўнага Эвангельля выконваюць “экзальтаваныя абрады”.

Самім жа пратэстантам слова ў савеце рэспублікі так і не далі. Хаця ў залю зь вялікай цяжкасьцю патрапіла некалькі прадстаўнікоў грамадзкай ініцыятывы “За свабоду веравызнаньня”. А вось прадстаўнік пяцідзясятнікаў Сяргей Карнюшка пастаяў ля параднага пад’езду і вымушаны быў зьехаць ні з чым.

(Карнюшка: ) “Тое, што не запрошаныя кіраўнікі пратэстанцкіх дэнамінацыяў, сьведчыць пра ўзровень законапраекту, які абмяркоўваецца, які непасрэдна закране дзясяткі тысяч вернікаў-пратэстантаў”.

Арганізатары круглага стала зрабілі ўсё, каб альтэрнатыўная думка не прагучала. Непаразуменьне з гэтай нагоды выказаў нават старшыня савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Я таксама хацеў бы, каб у першай частцы гэтага круглага стала ўзялі ўдзел прадстаўнікі пратэстанцкай галіны хрысьціянства. Лічу, што гэта было б зусім правільна, гэта трэцяя ў нас канфэсія па колькасьці вернікаў”.

Тым ня менш, Аляксандар Вайтовіч ня думае, што новы закон абмяжоўвае правы пратэстантаў, ён лічыць яго ў цэлым станоўчым, за выключэньнем некаторых асобных момантаў.

Прадстаўніца саюзу Хрысьціянаў Поўнага Эвангельля Дзіна Шаўцова нязгодная са спадаром Вайтовічам. Паводле яе, ціск на пратэстантаў ужо ўзмацніўся — яшчэ да фармальнага прыняцьця закону. Калі ж закон будзе канчаткова ўхвалены — то, яна лічыць, распачнецца перасьлед, спыняць існаваньне дзясяткі рэлігійных грамадаў, зьнікне і сам саюз хрысьцянаў поўнага Эвангельля.

(Шаўцова: ) “У нас такое ўражаньне, што пратэстанты будуць вінаватыя толькі ў тым, што яны ня ходзяць у праваслаўную царкву. Супраць гэтых 100 тысяч грамадязнаў Рэспублікі Беларусь будуць прымацца, можа я і рэзка скажу, блізкія да рэпрэсіўных захады”.

Яна лічыць, што верагоднасьць накіраваньня саветам рэспублікі на дапрацоўку супярэчлівага законапраекту аб свабодзе веравызнаньня, які абмяжоўвае правы рэлігійных меншасьцяў, вельмі малая.
XS
SM
MD
LG