Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
КІРАЎНІК ВІЛЕНСКАЙ СУПОЛКІ ТБМ ЗЬБІРАЕЦЦА СПАГНАЦЬ ГРОШЫ ЗЬ БЕЛАРУСКІХ ЧЫНОЎНІКАЎ ПРАЗЬ МІЖНАРОДНЫ СУД

КІРАЎНІК ВІЛЕНСКАЙ СУПОЛКІ ТБМ ЗЬБІРАЕЦЦА СПАГНАЦЬ ГРОШЫ ЗЬ БЕЛАРУСКІХ ЧЫНОЎНІКАЎ ПРАЗЬ МІЖНАРОДНЫ СУД


Ігар Карней, Менск

Цягам трох год Юры Гіль безвынікова змагаецца з докшыцкай вэртыкальлю. У верасьні 1999 году ў вёсцы Вашунава блізу Докшыцаў ён быў моцна зьбіты старшынём мясцовага калгасу, галоўным аграномам і ўчастковым міліцыянтам на той падставе, што арганізаваў “Засьцянковую хатку” на тэрыторыі, якую яшчэ раней абралі для адпачынку мясцовыя чыноўнікі. Як гэта было, узгадвае сам спадар Гіль...

(Гіль: ) “Побач з “Засьцянковай хаткай” старшыня калгасу Гірын арганізаваў гэтак званую “пчалярню”, дзе ладзіліся п’янкі (“асінае гняздо”, як мы называлі). А паколькі я тут ладзіў фэсты, ім гэта стала не даспадобы — найшла, так бы мовіць, каса на камень. Аднойчы выбілі ў музэі дзьверы, мяне арыштавалі, укінулі ў машыну, там душылі вяроўкай, а потым павезьлі ў Докшыцы ў міліцыю. Назаўтра пасадзілі на сем сутак. Так і сказалі: ты не павінен сюды прыяжджаць, ты “лабус” і г.д. Вось прычына — моцны асяродак беларушчыны”.

Вярхоўны суд Беларусі ўжо разглядаў гэтую справу і зрабіў выснову, што Гіль у дадзенай сытуацыі пацярпелы, аднак, паводле закону, канчатковы вэрдыкт мусіць абвесьціць суд першай інстанцыі. Але ў Докшыцах хаду справы марудзяць: маўляў, не хапае доказаў.

Спадар Гіль лічыць, што перашкаджае гэтаму толькі адно: у рэгіёнах чыноўнікі вельмі моцна залежаць адзін ад аднаго.

(Гіль: ) “Гірын даслаў мне ліст, што ўсё роўна будзе па-ягонаму, бо мясцовыя органы “схопленыя” ім вельмі моцна. Ліст зараз знаходзіца ў пракуратуры ў Докшыцах, але Гірын ад аўтарства адмаўляецца. Сьледзтва, адпаведна, ня хоча ісьці яму насуперак. Калі суд не задаволіць мой пазоў, я буду вымушаны зьвяртацца ў міжнародны суд пры ААН, і думаю, там ужо вырашыцца на маю карысьць, бо ўсе матэрыялы ў мяне ёсьць, я прайшоў усе інстанцыі”.

Суму кампэнсацыі за маральныя і матэр’яльныя страты, якія ўчынілі яму і ягонаму музэю докшыцкія чыноўнікі, спадар Гіль ацэньвае ў 15 тысячаў даляраў. Праўда, разам ён канстатуе, што спагнаць такія грошы праз беларускі суд амаль немагчыма, таму зварот па справядлівасьць у міжнародныя судовыя інстанцыі — крок вымушаны.
XS
SM
MD
LG