Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ МОЛАДЗЕВЫХ ЭКАЛЯГІЧНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ СЬЦЬВЯРДЖАЮЦЬ, ШТО КГБ АДСОЧВАЕ ІХ ДЗЕЙНАСЬЦЬ


Любоў Лунёва, Менск

Падчас экалягічнай вечарыны на сцэне студэнцкага клюбу "Мэдыюм" выступалі рок-гурты зь Менску й Горадні – "Deviation", "Баста Баста", "НКВД" ды іншыя. Міліцыянты, якія ўварваліся ў памяшканьне, паведамілі, што ў будынку нібыта закладзеная бомба, і загадалі ўсім выйсьці. Потым некалькі чалавек кінулі ў міліцэйскія "варанкі", астатніх жывым ланцугом пагналі ў бок вакзалу. Там затрымалі яшчэ колькі чалавек. Усіх затрыманых выпусьцілі позна ўначы. Распавядае адзін з удзельнікаў фэсту Павал Манькоўскі:

(Манькоўскі: ) "На маю думку, закрыцьцё канцэрту мае палітычны аспэкт. Гэта рэакцыя на экалягічную кампанію, якая толькі распачалася. Улады такім чынам адрэагавалі на экалягічную кампанію супраць высечкі лясоў. Зь ведама адміністрацыі прэзыдэнта выдаюцца ліцэнзіі на паляваньне і высечку лясоў на запаведных тэрыторыях беларускіх зямель. Супрацоўнікі міліцыі выконвалі волю КГБ. Вядомая інфармацыя (я яе пачуў з вуснаў саміх міліцыянтаў), што КГБ адсачыў інфармацыю пра фэст у інтэрнэце і загадаў міліцыянтам дзейнічаць. Вось яны й спынілі канцэрт".

Арганізатар фэстывалю "Зялёны шабаш" Вольга Гарбунова абвінавачваецца ў арганізацыі несанкцыяванага ўладамі мерапрыемства. Сёньня на яе склалі пратакол паводле 167 артыкула Адміністрацыйнага кодэксу, які дагэтуль ужывалі толькі супраць удзельнікаў апазыцыйных акцый. Цяпер Вользе пагражае суд, які адбудзецца ў Кастрычніцкім раённым судзе.
XS
SM
MD
LG