"Такое разьвіцьцё падзеяў, калі Руслан Зголіч можа апынуцца ў клініцы для прымусовага лячэньня, вяртае нас да сумна вядомых часоў карнай мэдыцыны", — лічаць аўтары заявы расейскага ПЭН-Цэнтру і патрабуюць спыненьня перасьледу беларускага рэжысэра.
Руслан Зголіч стаўся аўтарам шэрагу гучных скандалаў на "Беларусьфільме". У тым ліку, супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа за тое, што ён нібыта скраў рабочыя стужкі фільма "Госьці", зьнятага ім як рэжысэрам на "Беларусьфільме". Між тым, Зголіч заяўляе, што не вінаваты ў зьнікненьні стужак, а свае скандальныя паводзіны цягам апошніх пяці месяцаў тлумачыць перасьледам яго як рэжысэра і чалавека, які публічна выказваецца за рэфармаваньне "Беларусьфільму".
(Зголіч: ) "Без рэфармаваньня "Беларусьфільм", ды ўвогуле ўсё беларускае кінамастацтва, проста ня будуць жыць, а тое, што зараз адбываецца на кінастудыі — гэта проста вядзе да зьнішчэньня беларускага кіно".
Руслан Зголіч падрыхтаваў разгорнутую прамову пра неабходнасьць рэформаў у кінамастацтве Беларусі, зь якой зьбіраўся выступіць сёньня на працэсе ў Першамайскім судзе Менску. Аднак выступіць з гэтай прамовай Зголічу не давялося, бо захварэла судзьдзя Зайцава, якая будзе разглядаць ягоную справу.
У Першамайскім судзе павінна ў тым ліку вырашыцца, ці патрэбнае Зголічу лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі. За гэта раней выказаліся лекары рэспубліканскага псыхіятрычнага шпіталю ў Навінках. Такога ж меркаваньня прытрымліваецца і кіраўніцтва кінастудыі "Беларусьфільм".