Судзьдзя Савецкага раённага суду Менску Марына Фёдарава вырашыла не разглядаць пазоў Тацяны Процькі да газэты адміністрацыі прэзыдэнта "Советская Белоруссия". Канфлікт паміж спадарыняй Процькай і галоўнай дзяржаўнай газэтай краіны судзьдзя палічыла палітычнай спрэчкай, і на гэтай падставе пазоў не задаволіла.
Між тым старшыня БГК Тацяна Процька перакананая, што газэта яе зьняважыла ды прычыніла шкоду яе прафэсійнай рэпутацыі.
(Процька: ) "Мяне публічна абвінавацілі ў тым, што я шпіёнка. Само гэтае абвінавачаньне для мяне прыкрае, бо я вельмі люблю сваю радзіму і ніколі, нават у думках, яе ня здраджвала.
Па-другое, я працую старэйшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце гісторыі і вывучаю такую складаную тэму, як роля спэцслужбаў у сацыяльна-палітычным развіцьці БССР. Бяз працы ў архівах спэцслужбаў гэтую тэму дасьледаваць немагчыма, але пасьля публікацыі ў "Советской Белоруссии" для мяне доступ у архівы аказаўся закрытым".
Гаворка ідзе пра артыкул "Апэрацыя "Белы бусел", надрукаваны ў спэцвыпуску "Советской Белоруссии" летась 5 верасьня. У артыкуле сьцьвярджалася, што старшыня БГК Процька разам зь іншымі апазыцыянэрамі і замежнікамі нібыта рыхтуе гвалтоўны захоп улады і зьвяржэньне Лукашэнкі.
Газэта спасылалася на дадзеныя спэцслужбаў Беларусі. Судзьдзя Фёдарава, аднак, не пажадала разьбірацца з тым, хто мае рацыю — спэцслужбы разам з "СБ" ці старшыня БГК Тацяна Процька. Адвакат Гары Паганяйла гэтую пазыцыю судзьдзі лічыць юрыдычна памылковай і вылучае сваю вэрсію прычынаў адхіленьня пазову.
(Паганяйла: ) "У публікацыі ні пра якую спрэчку няма гаворкі. Там спасылаюцца на канфідэнцыйныя дадзеныя спэцслужбаў і ў якасьці крыніцы называецца Рада бясьпекі, але потым і КГБ і Рада бясьпекі адказалі на нашыя запыты, што ня маюць такіх зьвестак.
Нагадаю, гэтая хлусьня зьявілася напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, наклад спэцвыпуску газэты быў большым за палову мільёна, людзі атрымалі яго бясплатна ў паштовыя скрыні. Суд баіцца нават закранаць гэты факт, бо адкрытае судовае разьбіральніцтва паказала б, што падчас выбараў улады ішлі наўпрост на фальсыфікацыю".
Тацяна Процька пасьля суду заявіла, што ў цяперашняй Беларусі стала звычайнай зьявай, калі суды абараняюць гонар і годнасьць грамадзянаў выбарачна, ў залежнасьці ад таго, належыць грамадзянін да ўлады ці да апазыцыі.
Нагадаю, месяц таму гарадзкі суд Менску гэтак жа адхіліў пазоў старшыні АГП Анатоля Лябедзькі да беларускага тэлебачаньня і рэжысэра Азаронка. Іхныя беспадстаўныя абвінавачаньні Лябедзькі ў атрыманьні з-за мяжы тысячаў даляраў суд таксама палічыў "палітычнай спрэчкай".