З пачатку году ў Беларусі скасаваныя чырвоныя замежныя пашпарты былога СССР. Калі беларускія грамадзяне могуць атрымаць новыя пашпарты сіняга колеру, дык асобы без грамадзянства, якія стала жывуць у Беларусі, апынуліся ўвогуле без дакумэнтаў, сапраўдных для замежных паездак.
Паводле неафіцыйных зьвестак, асобаў без грамадзянства ў Беларусі можа быць аж да 100 тыcяч чалавек. Але большасьць зь іх тут проста не рэгіструюцца й не атрымліваюць пасьведчаньня на права жыхарства. Афіцыйныя ж лічбы падаў намесьнік начальніка ўпраўленьня пашпартна-візавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Валеры Казлоўскі:
(Казлоўскі: ) “Усяго ў нас прыкладна 25 тысяч асобаў без грамадзянства стала жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Цяжка сказаць, колькі зь іх мелі пашпарты СССР, — мы не вялі адмысловы ўлік. Яны былі выязныя, а цяпер, калі чалавек жадае выехаць, ён невыязны”.
Спадар Казлоўскі не пажадаў удакладняць, колькі чалавек з гэтых 25 тысяч мелі замежныя пашпарты й цяпер іх пазбаўленыя. Аднак можна зазначыць, што ўсе 25 тысяч — гэта насельніцтва вялікага раённага цэнтру — пазбаўленыя ўсялякай мажлівасьці выехаць за межы Беларусі, нават у выпадку сьмерці іхных сваякоў у Прыбалтыцы ці Ўкраіне.
Атрымліваецца, што Беларусь масава парушае правы чалавека, чым раней папракалі Латвію ды Эстонію. Пацярпелі ад скасаваньня пашпартоў найперш гэтак званыя расейскамоўныя. Гаворыць Валеры Казлоўскі:
(Казлоўскі: ) “З гэтымі пашпартамі выяжджалі й дакумэнтаваліся гэтымі пашпартамі толькі грамадзяне былога СССР — з Латвіі, зь Літвы, з Расеі, з Украіны й гэтак далей”.
Спадар Казлоўскі з былога рэспубліканскага АВіРу кажа, што новыя пашпарты для асобаў без грамадзянства — з назовам “Праязны дакумэнт” — ужо гатовыя, але іх нельга выдаваць “з тэхнічных прычынаў”, бо трэба мадэрнізоўваць тэхніку мясцовых філіяў пашпартна-візавай службы Беларусі. Валеры Казлоўскі заяўляе, што грошай на гэта няма. Аднак незразумела, чаму нельга мадэрнізаваць толькі тэхніку цэнтральнае службы ў Менску й выдаваць дакумэнты там.
Насамрэч прычына палягае ў тым, што ўзоры “Праязных дакумэнтаў” мусяць быць прызнаныя іншымі дзяржавамі, але гэтыя ўзоры ім зь Менску ня выслалі. Колькі часу можа заняць гэтае ўзгадненьне? Вось як адказаў на гэтае пытаньне начальнік консульскага ўпраўленьня МЗС Віктар Гейсік:
(Гейсік: ) “Ну, я ня ведаю, колькі трэба часу. Разаслаць гэта можна й за гадзіну — падрыхтаваць ноты й паслаць. Звычайна робіцца так: бярэцца ўзор дакумэнту, нота дасылаецца й адразу прымаецца да разгляду. То бок мы інфармуем: вось, нашыя грамадзяне будуць карыстацца вось такімі дакумэнтамі”.
(Карэспандэнт: ) “Але вы яшчэ не інфармавалі?”
(Гейсік: ) “Ну, ня ўсіх. Магчыма, трэба паглядзець, калі чэсна сказаць, каго мы інфармавалі, а каго не”, — распавёў спадар Гейсік зь Міністэрства замежных справаў.
Але ягоны калега зь Міністэрства ўнтураных справаў Валеры Казлоўскі шчыра прызнаўся:
(Казлоўскі: ) “Мы нікому яшчэ не высылалі”.
Такім чынам, беларускія невыязныя будуць чакаць яшчэ вельмі доўга, каб атрымаць шанец паехаць за мяжу.
Цікава, што колькасьць асобаў без грамадзянства ў Беларусі не скарачаецца, што мусіла б адбывацца дзякуючы атрыманьню імі беларускага грамадзянства, а павялічваецца. Цяпер іх каля 25 тысяч, але спадар Казлоўскі нагадвае:
(Казлоўскі: ) “Паўтара года таму ў нас было недзе 22 тысячы”.
З гэтага можна зрабіць выснову, што жыхары іншых краінаў былога СССР, нават перабіраючыся на сталае жыхарства ў Беларусь, не сьпяшаюцца атрымліваць яе грамадзянства.