Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
АКТЫВІСТАЎ УСЯСЬВЕТНАГА ЗГУРТАВАНЬНЯ БЕЛАРУСКІХ ГАБРЭЯЎ ЗАТРЫМАЛІ ЗА ПІКЕТАВАНЬНЕ МЕНГАРВЫКАНКАМУ

АКТЫВІСТАЎ УСЯСЬВЕТНАГА ЗГУРТАВАНЬНЯ БЕЛАРУСКІХ ГАБРЭЯЎ ЗАТРЫМАЛІ ЗА ПІКЕТАВАНЬНЕ МЕНГАРВЫКАНКАМУ


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня зранку два актывісты Ўсясьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў Якаў Гутман і Ўладзімер Рубінчык выйшлі зь пікетам да будынку Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, што на пляцы Незалежнасьці. Яны трымалі ў руках плякат на беларускай мове: "Разбурэньне храму — разбурэньне сьвету. Людзі! Ратуйце менскую сынагогу на Дзімітрава 3, помнік габрэйскай і беларускай культураў!"

На тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца будынак былой габрэйскай сынагогі — помнік архітэктуры ХІХ стагодзьдзя, фірма "Камкон" вырашыла збудаваць жылы дом у цэнтры Менску. Гарадзкія чыноўнікі спачатку дазволілі руйнаваць былы храм, але пазьней Савет Міністраў прыпыніў пастанову Менгарвыканкаму.

Тым часам, ігнаруючы рашэньне ўраду, будаўнікі ў аўторак ужо зьнішчылі на 70% будынак на Дзімітрава, 3.

Якаў Гутман упэўнены, што гэта робіцца з маўклівай згоды гарадзкіх уладаў. А агульную сытуацыю з захаваньнем гістарычнай спадчыны ў Беларусі ён камэнтуе так:

(Гутман: ) "Дзікунства! Ніякі нармальны, больш-менш цівілізаваны чалавек ня рушыць могілкі і ня рушыць храмы. Той, хто ўчора разбурыў сынагогу, заўтра сядзе ў самалёт і паляціць на Вашынгтон, альбо на Менск, альбо на Кіеў. У людзей у галаве ўжо ёсьць імкненьне разбураць, і няма ў душы нічога сьвятога".

Пікетаваньнем спадары Гутман і Рубінчык спрабавалі прыцягнуць увагу чыноўнікаў да сытуацыі, што склалася вакол будынку былой сынагогі. Яны патрабуюць перадаць яго "законным нашчадкам" і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у разбурэньні.

Але замест увагі чыноўнікаў пікетоўцы выклікалі цікавасьць міліцыянтаў у асобе намесьніка начальніка ўправы ўнутраных справаў Маскоўскага РАУС Мікалая Кудзінава.

(Кудзінаў: ) "Ці вы ведаеце, што стаяць з плякатамі — гэта ўжо пікетаваньне? Вы маеце дазвол?"

Дазволу ў спадароў Гутмана і Рубінчыка не было. Падпалкоўнік Кудзінаў прапанаваў іншае месца для пратэсту:

(Кудзінаў: ) "Маглі б паехаць у Пухавічы, альбо Лепель. А тут — ня месца. Гэта рэжымны аб'ект".

Пасьля гэтага актывістаў Усясьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў адвезьлі ў Маскоўскі РАУС, дзе міліцыянты склалі пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэньне.

Якаў Гутман кажа, што ў сытуацыі, калі ўлады парушаюць закон, застаецца адно выйсьце — прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да канфлікту вакол будынку па вуліцы Дзімітрава, 3.

XS
SM
MD
LG