Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЗНОЎЛЕНАЯ КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА СУПРАЦЬ МІХАІЛА ЧЫГІРА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьледчы камітэт пры Міністэрстве ўнутраных справаў аднавіў сьледчыя дзеяньні ў справе Міхаіла Чыгіра, якая налічвае 5 эпізодаў. Сярод іх і такое моцнае абвінавачаньне: нібыта дзейнасьць Чыгіра як банкіра нанесла дзяржаве страты больш чым на 1 мільён даляраў.

Нагадаю, гарадзкі суд ужо разглядаў гэтую справу, і віны Чыгіра што да 1 мільёну даляраў не знайшоў, але паводле аднаго з эпізодаў палічыў яго вінаватым у службовай нядбайнасьці й даў 3 гады ўмоўнага зьняволеньня. Аднак жа Вярхоўны Суд гэтага пакараньня не зацьвердзіў і накіраваў справу на новае расьсьледаваньне.

З таго часу мінуў амаль год, на працягу якога сьледчы камітэт чамусьці нічога не зрабіў, каб завершыць расьсьледаваньне. Аднавілася яно толькі зараз, праз тры дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Міхаіла Чыгіра выклікалі на допыт у сьледчы камітэт, дзе задавалі, як ён сам кажа, "усе ранейшыя пытаньні".

Міхаіл Чыгір кажа, што яму паказвалі заключэньне экспэртаў, якое апраўдвае яго й па эпізодзе, у якім гарадзкія судзьдзі прызналі ягоную віну. Але гэта не памяншае імпэту сьледчых. Чыгір перакананы, што яны проста вымушаныя выконваць загад зьверху.

"Ім сказалі давесьці справу зноў да суду, вось яны і дзейнічаюць", — кажа Міхаіл Чыгір. Ягоная абаронца на першым працэсе Юлія Чыгір не хавае зьдзіўленьня.

(Юлія Чыгір: ) "Я не разумею, як судзьдзі будуць разгдядаць у судзе гэтую справу, калі нічога не дадаецца да матэрыялаў расьсьледаваньня. Ня тое што амаль нічога, а ўвогуле нічога! Ня ведаю, як гэта будзе", — кажа абаронца былога прэм'ер-міністра Юлія Чыгір.

Яна лічыць, што новае сьледзтва па ўжо вырашанай праз суд справе распачалі, каб у выніку апраўдаць тыя 8 месяцаў, якія Міхаіл Чыгір правёў за кратамі пасьля арышту ў траўні 1999 году.

"Сёньня перад сьледчым камітэтам вісіць пагроза судовага перасьледу з боку Міхаіла Чыгіра за незаконнае ўтрыманьне — таму яны і намагаюцца", — лічыць Юлія Чыгір.

Між тым, у сьледчым камітэце сьцьвярджаюць, што дзейнічаюць выключна паводле закону і нават спасылаюцца на ліст з пракуратуры, якая патрабавала ад сьледчых завершыць новае расьсьледаваньне справы яшчэ да 27 жніўня. Чаму гэты тэрмін ня вытрымалі, сьледчыя не тлумачаць.
XS
SM
MD
LG