Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВА ЗАВАДЗКАГА ПЕРАДАЕЦЦА Ў СУД


Любоў Лунёва, Менск


Сьледчая група скончыла сьледзтва ў крымінальнай справе былых спэцназаўцаў, якіх абвінавачваюць у выкраданьнях і забойствах людзей. Валер'я Ігнатовіча і ягоных хаўрусьнікаў абвінавачваюць таксама і ў выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Жонка Зьмітра Сьвятлана Завадзкая лічыцца ў гэтай справе пацярпелай, таму яна праз два тыдні будзе знаёміцца з матэрыяламі справы. У пракуратуры ёй патлумачылі, што ў судзе ня будуць ставіць пытаньняў пра месца знаходжаньня Зьмітра альбо ягонага цела. Пытаньні будуць тычыцца толькі факту выкраданьня.

Гэткі падыход абурае маці й жонку зьніклага апэратара. На іхную думку, гэта ніякім чынам не набліжае да высьвятленьня лёсу Зьмітра.

Сёньня маці Зьмітра Завадзкага Вольга Рыгораўна была ў пракуратуры. Там ёй паведамілі, што яна таксама прызнаная пацярпелай і будзе мець магчымасьць азнаёміцца са справай і зрабіць свае заяўленьні.

Гаворыць Вольга Завадзкая:

(Завадзкая: ) "Па-першае, яны ня могуць абвінаваціць Ігнатовіча нават у першай частцы справы — у выкраданьні. У іх нібыта ёсьць нейкія доказы экспэртызы, і на гэтых падставах яны перадаюць справу ў суд. А трэба ж улічыць і псыхічны стан Ігнатовіча.

Сьледчыя спадзяюцца, што ён пачне гаварыць, бо дагэтуль ён маўчаў і ад усяго адмаўляўся. Я б на гэта не разьлічвала. Цяпер я маю намер знайсьці адваката, каб даслаць лісты ў адпаведныя органы.

Я так зразумела, што справа Ігнатовіча можа расьцягнуцца на доўгія гады. Тым больш, што напачатку будуць разглядаць іншыя эпізоды. А справу Зьмітра выдзялілі ў асобную і толькі потым будуць слухаць яе", — паведаміла Свабодзе Вольга Завадзкая, маці зьніклага журналіста.

Нагадаем, апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік летась пры загадкавых абставінах па дарозе ў аэрапорт "Менск-2". Адразу пачалі крымінальную справу. Як і справы зьніклых палітыкаў — Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — справа Зьмітра Завадзкага мела вялікі розгалас у грамадзтве. Журналістаў, якія праводзілі ўласныя расьсьледаваньні загадкавага зьнікненьня, выклікалі ў пракуратуру, а газэтам давалі папярэджаньні.

Сьледзтва па справе былога спэцназаўца Ігнатовіча скончылася, а лёс Зьмітра Завадзкага так і не вядомы.
XS
SM
MD
LG