Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСАЎСКІ АПАЗЫЦЫЯНЭР НАКІРАВАЎ СКАРГУ НА БЕСЧАЛАВЕЧНАЕ АБЫХОДЖАНЬНЕ ЗЬ ІМ МІЛІЦЫЯНТАЎ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Учора позна ўвечары пасьля свайго чарговага адміністрацыйнага пакараньня за правядзеньне 4 красавіка недазволенага пікету ў абарону НТВ, Аляксандар Абрамовіч выйшаў на волю. Ужо за брамай ізалятару ён зьняў з сябе кашулю і паказаў сябрам і аднадумцам сваё цела. Яно было спрэс пакрытае драпінамі, балячкамі, чырвонымі плямамі ды пухлінамі, а сваё набыцьцё скураной хваробы патлумачыў тым, што з 11 па 13 красавіка ён утрымліваўся ў камэры, дзе знаходзіліся так званыя бамжы, і ён спаў зь імі на адных нарах.

(Абрамовіч: ) “Камэра двухмесная, нары былі занятыя, і мне заставалася, ці спаць на слізкай і бруднай падлозе, ці на нарах з гэтым бамжом. Я выбраў апошняе і дзьве начы спаў з гэтым бамжом. Я напісаў пісьмовую заяву на імя начальніка ізалятара, каб мяне перавялі ў іншую камэру і выклікалі дэрматоляга. Але мяне толькі перавялі ў іншую камэру, дзе ўжо былі вольныя нары”.

У лісьце да генэрала Басалыгі Абрамовіч згадвае і пра іншыя такія факты. 11 красавіка Аляксандру Абрамовічу стала кепска і ён папрасіў начальніка ізалятара выклікаць хуткую дапамогу, аднак яны выклікалі брыгаду псыхіятраў. Мэдыкі, як згадвае ў скарзе Абрамовіч, паведамілі адміністрацыі ізалятара і самому зьняволенаму, што ў яго паводзінах ня бачаць ніякага адхіленьня ад нормы.

Аляксандар Абрамовіч мае намер пасьля лячэньня запатрабаваць праз суд ад барысаўскага ГрАУС маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі, як гэта ўжо было летась, калі ён за падобныя дзеяньні міліцыянтаў выйграў працэс.
XS
SM
MD
LG