Багатыя і бедныя, уласьнікі заводаў і беспрацоўныя, мільярдэры і жабракі. У людзей, якія памятаюць час, калі багатых вынішчалі як “клясава варожы элемэнт”, а бядняцкае паходжаньне давала прывілеі і адчыняла дзьверы для службовай і палітычнай кар’еры, сёньняшнія рэаліі выклікаюць супярэчлівыя пачуцьці, а часта — і пратэст. Ці можна дасягнуць сацыяльнай роўнасьці й справядлівасьці, паўтараючы досьвед мінулага — змагаючыся з багатымі й заахвочваючы бедных?
Вось як адказвае на гэтае пытаньне ў сваім лісьце наш слухач Віктар Заяц зь Менску. Ён піша:
“Вашай хлусьні пра Савецкі Саюз можа верыць толькі той, хто ня жыў у СССР і не памятае таго часу. Сацыяльная роўнасьць у рамках магчымага ў Саюзе была дасягнутая. Побыт простага рабочага ня надта адрозьніваўся ад побыту майстра ці начальніка цэху. Хто ў СССР лічыўся багатым? Той, у каго была машына “Жыгулі”, трохпакаёвая кватэра ў звычайным шматкватэрным доме ды шэсьць сотак на лецішчы... Такога дабрабыту мог дасягнуць кожны, калі толькі старанна працаваў і не злоўжываў гарэлкай.
А хто лічыцца багатым у Расеі сёньня? У каго мільярды даляраў у замежных банках, палацы пад Парыжам і на Гаваях, бандыцкая ахова ды падкупленая міліцыя... Імкненьне людзей да сацыяльнай справядлівасьці адолець немагчыма. Асабліва ў Расеі, часткай якой па сутнасьці ёсьць і Беларусь. Калі Пуцін хоча як мага даўжэй заставацца пры ўладзе, ён павінен адабраць тое, што нажыта коштам рабаўніцтва агульнанароднай уласнасьці. Такім жа шляхам павінен яшчэ больш настойліва ісьці Лукашэнка. Сумленны чалавек ня можа езьдзіць на новым мэрсэдэсе ды жыць у доме коштам 200 тысяч даляраў. А такіх у Менску хапае. Усімі імі павінны заняцца адмысловыя органы. Народнае дабро павінна быць вернутае народу”.
Семдзесят год у Савецкім Саюзе спрабавалі стварыць грамадзтва менавіта паводле такіх рэцэптаў, спадар Заяц: адабралі ўласнасьць у багатых (і ня толькі багатых); вынішчылі найбольш актыўных і прадпрымальных людзей; ураўнялі заробкі таленавітым і бяздарным, працавітым і гультаям; забаранілі мець ва ўласнасьці любую маёмасьць, апроч нягеглага жытла ды лапіка зямлі памерам шэсьць сотак... І што ж, спадар Заяц, вы лічыце той сацыяльны экспэрымэнт удалым? Разам з правам мець уласнасьць і працаваць на самога сябе ў людзей адабралі стымул для эфэктыўнай працы. А гэта галоўны рухавік эканамічнага разьвіцьця. Што такое эканоміка бяз гэтага стымулу? Яркі прыклад — апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу: карткі на масла, цукар і мыла: так званыя “візыткі” на наведваньне прамтаварнай крамы; чарга на мэблевы гарнітур — на дзесяць год наперад.
Так, грамадзтва, пабудаванае на прынцыпах рынку і дэмакратыі — зусім не ідэальнае. Але нічога лепшага чалавецтва пакуль ня вынайшла. Пры гэтым майце на ўвазе: на Захадзе выпрацавалі дастаткова эфэктыўны мэханізм таго, каб у грамадзтве не было (ці амаль не было) бедных. А вось тое, як спрабуюць вырашыць гэтую праблему ў Расеі, выклікае шмат пытаньняў. Вось як разважае ў сваім лісьце на гэту тэму наш даўні слухач Мікола Саскевіч з Калінкавічаў. Слухач піша:
“Дзіву даесья, што робяць расейскія ўлады са сваімі алігархамі. Яны іх проста хапаюць ды саджаюць у турму — замест каб стварыць справядлівыя законы, паводле якіх багатыя будавалі бы заводы, фабрыкі, гатэлі, стваралі працоўныя месцы. І, вядома, патрэбныя законы, якія б абаранілі іх капіталы — тады Расея будзе разьвівацца ды імкнуцца стаць прававой дзяржавай.
А што замест гэтага? Зрабілі паслухмяную Думу, падціснулі пад сябе ўсе партыі. Нядаўна я слухаў па Расейскай Свабодзе палітыка з партыі “Яблоко” Іваненку. І пра што гаварыў гэты так званы “дэмакрат”? Пра тое, што Расеі трэба яшчэ больш шчыльна ўзалежніць Беларусь ды Ўкраіну, стварыць агульную зьнешнюю мяжу і мытню, а народы гэтых дзяржаваў, маўляў, стануць для Расеі таннай працоўнай сілай. І гэта казаў дзеяч дэмакратычнай партыі, якую я паважаў і лічыў эўрапейскай. Як могуць пасьля гэтага нашыя дэмакраты езьдзіць у Маскву, наладжваць зь “яблычнікамі” кантакты, спадзявацца на іхную дапамогу?”
Тое, што сёньня адбываецца вакол буйнога бізнэсу ў Расеі, у многім абумоўлена тамтэйшай палітычнай сытуацыяй — хуткімі парлямэнцкімі, а неўзабаве і прэзыдэнцкімі выбарамі. Гэтым, дарэчы, тлумачыцца і актыўная імпэрская рыторыка амаль усіх расейскіх палітычных лідэраў — у тым ліку і тых, што належаць да правых партыяў.
Многія сёньня гавораць пра тое, што Пуцін паўтарае досьвед Лукашэнкі, паступова ператвараючы свой рэжым у аўтарытарны. Некаторыя факты (сытуацыя з тэлеканаламі, перасьлед алігархаў), сапраўды, насьцярожваюць. Хоць параўнаньні зь Беларусьсю тут умоўныя. У сёньняшніх беларускіх умовах цяжка ўявіць, што апазыцыя (так, як у Расеі) можа змагацца за большасьць у парлямэнце, мець шырокі доступ да мэдыяў і вольна выказваць сваю пазыцыю на масавых шэсьцях у цэнтры сталіцы.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.