У інтэрвію агенцтву Reuters Паўэл патлумачыў, што абмежаваньне сувэрэнітэту неабходна для таго каб амэрыканскім сілам было дазволена свабодна дзейнічаць у краіне дзеля захаваньня бясьпекі.
(Паўэл: ) “Гэта – сувэрэнітэт, які атрымаюць жыхары Іраку, аднак частку уладных паўнамоцтваў яны нам прадставяць і дазволяць карыстацца зь іхняга дазволу й ад іхняга імя. Гэта ня ёсьць тым, што нібыта мы забіраем уладу, пакідаючы іх у баку. Гэта адбудзецца з разуменьнем таго, што ім патрэбная наша дапамога, і мы павінны яе забясьпечыць. І дзеля гэтага мы павінны мець пэўную свабоду ў дзеяньнях, якая ёсьць ў некаторай ступені замахам на тое, што некаторыя назвалі б поўным сувэрэнітэтам”.
Гэткі камэнтар Коліна Паўэла – відавочная прыкмета таго, што жыхары Іраку ўсё ж атрымаюць няпоўны кантроль над сваёй краінай пасьля 30 чэрвеня. Раней, амэрыканскія ўрадоўцы казалі пра проста "перадачу сувэрэнітэту", мелася на ўвазе поўнага сувэрэнітэту. Але ўжо на мінулым тыдні прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Марк Гросман выкарыстаў тэрмін "абмежаваны сувэрэнітэт" і даў зразумець, што ірацкі ўрад ня будзе кантраляваць ЗША й сілы кааліцыі, якія дзейнічаюць у Іраку.
Заявы Коліна Паўэла пакуль крытычна ўспрынялі ў Іраку.
Лідэр Нацыянальнай дэмакратычнай партыі Іраку Назір Чадэрчы, сябра прызначанай ЗША кіроўнай рады Іраку ў інтэрвію нямецкаму агенцтву DPA назваў нелягічнымі “ідэі Коліна Паўэла наконт таго, што ЗША хоча мець пэўныя паўнамоцтвы ў Іраку пасьля перадачы сувэрэнітэту”.
Незразумела, як паўплываюць пляны ЗША ў абмежаваньні ірацкага сувэрэнітэту на прыняцьце новай рэзалюцыі ААН па Іраку. Вось што ўчора заявіў Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл.
(Паўэл: ) “Новая рэзалюцыя паспрыяла бы таму, каб пашырылася колькасьць краінаў, якія дашлюць свае войскі ў Ірак ці акажуць краіне іншую падтрымку, паколькі мы усе бліжэй да перадачы сувэрэнітэту”.
Як паведамляе "Вашынгтон Пост", некаторыя сябры Рады Бясьпекі ААН заклапочаныя тым, што ў новай рэзалюцыі можа быць прадугледжаны толькі частковы ірацкі сувэрэнітэт, і што пераходны ўрад, такім чынам, ня будзе мець поўную легітымнасьць. Гэтая праблема, як чакаецца, будзе абмеркаваная падчас будучых дэбатаў у ААН.
Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл спадзяецца, што іракцы зразумеюць, што амэрыканскія сілы ў краіне неабходныя дзеля таго, каб падтрымаць бясьпеку ў краіне з тым, каб у Іраку маглі адбыцца справядлівыя выбары.