Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму польскія беларусы ўсё радзей едуць вучыцца ў Беларусь?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле польска-беларускага пагадненьня, беларусы зь Беласточчыны могуць паступаць у беларускія ВНУ, знаходзячыся ў Польшчы. Штогод у Беласток прыяжджае камісія зь Беларусі ды ладзіць іспыты.

У апошнія гады, нягледзячы на пэўныя ільготы і, што прызнаюць на Беласточчыне, высокі ўзровень навучаньня ў беларускіх ВНУ, колькасьць ахвотных вучыцца ў Беларусі рэгулярна зьмяншаецца. Калі на пачатку 90-х гэта было каля сотні чалавек, дык ў 1999-м годзе – 50, а сёлета толькі 7.

Чым можна патлумачыць гэты працэс? Гаворыць Андрэй Сьцепанюк - дырэктар Ліцэю №2 зь белаускай мовай навучаньня што ў Бельску Падляшскім.

(Сьцепанюк: ) “Калі гаварыць пр тое, якія праблемы чакаюць у Беларусі нашу моладзь, гэта, безумоўна, мова. Тут яны вывучаюць амаль усе прадметы па-польску і вывучаюць беларскую мову. А калі прыяжджаюць у Беларусь, трэба ўсё па-расейску вучыць. Я часта размаўляю з маладымі людзьмі, што зьбіраюцца ехаць у Беларусь, дык яны добра разумеюць, што ня будуць там размаўляць па-беларуску нават зь беларусамі. Яшчэ адзін важны фактар – матэрыяльны. Раней у Беларусь нярэдка ехалі тыя, каму не хапала грошай, каб вучыцца ў Польшчы. Цяпер у Беларусі цэны такія, што ніякай розьніцы няма. Можа, нават тут таньней будзе вучыцца, бо бліжэй”.

Паводле Андрэя Сьцепанюка, яшчэ адзін істотны чыньнік, які ўплывае на зьмяншэньне колькасьці ахвотных вучыцца ў Беларусі, гэта статус беларускага дыплёму – дагэтуль невядома, ці будуць беларускія дыплёмы ў будучым прызнавацца ў Польшчы.

Два гады таму радны з Гайнаўкі Міхась Андрасюк таксама накіраваў свайго сына вучыцца ў Горадню. Ён пасьпяхова здаў іспыты, але даведаўшыся, што яму прыйдзецца вучыцца па-расейску, вярнуўся ды паступіў на вучобу ў Беластоку. Гаворыць Міхась Андрасюк.

(Андрасюк: ) “Па-першае, Беларусь цяпер стала дзяржавай непрывабнай для маладых людзей. Тыя, хто вычыўся там напачатку 90-х, адчуваў сябе так, быццам бы трапіў у нешта новае і прыгожае, туды, дзе нараджаецца новая дзяржава. Цяпер гэтага адчуваньня няма. Маладыя беларусы зь Беласточчыны трапляюць у, так бы мовіць, расейскую плынь – ім гэта не цікава. А другое, гэта тое, што абавязкова трэба ведаць расейскую мову”.

Ці ёсьць, аднак, падставы спадзявацца, што ў бліжэйшы час гэтая сытуацыя зьменіцца і больш беларусаў зь Беласточчыны будуць паступаць у беларускія ВНУ?

Працягвае Андрэй Сьцепанюк.

(Сьцепанюк:) “Цяжка сказаць. Паглядзеце, сёлета ўсе, хто здаваў іспыты ў беларускія ВНУ былі выпускнікамі Бельскага ліцэю, з Гайнаўкі ўжо ніхто не захацеў. І яшчэ адно: ня ўсе тыя, хто здаў іспыты, паедуць у Беларусь. Калі ў іх атрымаецца адначасова паступіць у добрыя польскія ВНУ, дык у Менск яны не паедуць”.




XS
SM
MD
LG