Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІ ГАРВІ ОСВАЛЬД: “КАЛІ Ў МЯНЕ Ў СССР НАРОДЗІЦЦА СЫН, ЁН НІКОЛІ НЯ ЗДОЛЕЕ СТАЦЬ ПРЭЗЫДЭНТАМ ЗША”


Ігар Карней, Менск

Адмысловая камісія Ўорэна, якая спрабавала расьсьледаваць справу, так і не знайшла пераканаўчых фактаў, якія б засьведчылі, што менавіта Освальд і ёсьць забойцам прэзыдэнта. Адна з прычынаў — немагчыма дакладна аднавіць асобныя моманты ягонай біяграфіі. Перадусім — менскі пэрыяд, аб які спатыкаюцца дзясяткі дасьледчыкаў з усяго сьвету.

Авацыямі ў 1961 годзе вітала Амэрыка свайго новага прэзыдэнта — Джона Фіцджэралда Кэнэдзі. А 22 лістапада 1963 году два стрэлы ў Даласе літаральна шакавалі амэрыканцаў: быў забіты іхны лідэр, які за некалькі гадоў зрабіўся надзвычай папулярны і паважаны. А яшчэ праз два дні на вачах мільёнаў тэлегледачоў быў застрэлены галоўны падазраваны ў забойстве Кэнэдзі — Лі Гарві Освальд. І менавіта тады ва ўсім сьвеце даведаліся пра Менск: увага дзясяткаў, сотняў заходніх сьледчых, журналістаў, палітолягаў засяродзілася на беларускай сталіцы, якая была за жалезнай заслонай халоднай вайны. Там цягам двух год жыў Освальд.

Напэўна, у свае 20 гадоў Освальд быў рамантык. У Японіі, дзе ён служыў у амэрыканскай марской пяхоце, Лі Гарві так захапіўся клясыкамі марксізму, што нават вывучыў расейскую мову і вырашыў пажыць у краіне, дзе гэты самы марксізм быў рэальна ўвасоблены. У кастрычніку 1959 году ягоная мара збываецца: Освальд з уласнага жаданьня пераяжджае з Амэрыкі ў Савецкі Саюз. У студзені 1960 году пасяліўся ў Менску. Але ўжо ў чэрвені 1962 году вяртаецца на радзіму.

Магчыма, гэтыя гады і маглі б адказаць на шмат пытаньняў, якія застаюцца без адказу ў дасьледаваньні аднаго з самых гучных забойстваў 20 стагодзьдзя. Ці сапраўды прыехаў у СССР і ад’ехаў назад у ЗША Освальд з уласнага жаданьня? Якія напраўду стасункі ён меў з КГБ? Калі іх нават і не было, дык назіраньне за ім вялося стоадсоткава. І адлюстраванае яно, відавочна, не ў адным томе ягонай справы. 10 гадоў таму, у 1993 годзе, журналіст Сяргей Навумчык скарыстаўся са свайго тагачаснага статусу дэпутата Вярхоўнага Савету 12 скліканьня — атрымаў доступ да архіваў КГБ. І пабачыў вялікі стос тэкставых і фотадакумэнтаў са справы Освальда. Дэпутату Навумчыку далі пазнаёміцца з дакумэнтамі пра жыцьцё Освальда і ягонай жонкі Марыны Прусаковай.

(Навумчык: ) “Сапраўды, гэтае пытаньне штораз паўстае ў дасьледаваньнях: а ці ня быў у часе побыту ў Менску Освальд завэрбаваны КГБ з мэтаю забіць Кэнэдзі? Апанэнты гэтай вэрсіі спасылаюцца на тое, што забойства Кэнэдзі было нявыгаднае Крамлю, бо, хоць адносіны паміж Вашынгтонам і Масквою былі ня самыя лепшыя, але назіралася пацяпленьне ў дачыненьнях паміж Хрушчовым і Кэнэдзі. А ўжо пасьля Кэнэдзі, пры Джонсане, стасункі сапсаваліся. Зь іншага боку, як пазьней высьветлілася, тагачасны старшыня КГБ СССР Сямічасны вёў гульню разам з Брэжневым супраць Хрушчова.

У чым я перакананы, дык гэта, што справа Освальда, якая захоўваецца ў Менску, не адкажа на гэтае пытаньне. КГБ само вінаватае ў існаваньні такой вэрсіі, бо не рассакрэціла справы Освальда. Я сапраўды гартаў справу Освальда, сем тамоў, на працягу дваццаці хвілінаў. Я застаюся адзіным чалавекам не ў пагонах, хто бачыў гэтую справу. Амэрыканскаму дасьледчыку і пісьменьніку Норману Мэйлеру паказалі толькі ксэракопіі. побач са мной стаяў тагачасны начальнік архіву КГБ палкоўнік Верас і сачыў, каб, ня дай божа, я не разгарнуў нейкіх асабліва сакрэтных старонкаў. Хаця па тагачасным законе я як дэпутат парлямэнту меў права атрымліваць любую інфармацыю на тэрыторыі Беларусі — закон аб дэпутатах быў, а закону аб КГБ яшчэ не было.

А баяўся палкоўнік Верас, відавочна, таго, каб я не пабачыў прозьвішчаў сэксотаў, стукачоў. якія атачалі Освальда і насычалі інфармацыяй вось гэтыя тамы. Зразумела, што калі будуць рассакрэчаныя стукачы 1960-х гадоў, дык і стукачы сучасныя зразумеюць, што іх калі-небудзь, а можа, нават і хутка рассакрэцяць, і КГБ страціць крыніцы сваёй інфармацыі. Вяртаючыся да справы Освальда, мне ўдалося пабачыць стэнаграмы гутарак Освальда і Марыны, арыгіналы лістоў да Освальда з ЗША ад сваякоў, нэгатывы патаемна зробленых здымкаў вясельля Освальда. Афіцэры КГБ нават корпаліся ў сьметніцах сям’і Освальда, адчышчалі паперкі, якія скарыстоўваліся, прабачце, у прыбіральнях. Усё ж ва ўсіх сэнсах, брудная іхная, афіцэраў КГБ, праца. Усё гэта сьведчыць, што Освальд быў пад шчыльным наглядам КГБ”.

У СССР Освальд прыехаў без асаблівых складанасьцяў, але месца жыхарства за яго выбіралі спэцслужбы. Савецкае кіраўніцтва вызначыла , што ён павінен пасяліцца ў Менску. Чаму менавіта ў сталіцы Беларусі? Пытаньне істотнае. Адзін з адказаў на яго — кампэтэнтныя органы не разглядалі Освальда ў якасьці свайго патэнцыйнага агента і адначасна дэманстравалі пэўны недавер да амэрыканца: хай жыве далей ад Масквы.

Зь іншага боку, у Менску Освальд атрымаў прывілеі, пра якія і марыць не маглі звычайныя менчукі. Яму далі 5 тысяч рублёў на кішэнныя выдаткі, зь якімі, як ён потым занатаваў у сваім дзёньніку, адчуваў сябе багатыром. Амаль нічога не плаціў за прыстойную кватэру ў цэнтры Менску. А вось з працай, хутчэй, не пашанцавала. Ягоная вайсковая спэцыяльнасьць — апэратар радару — не зусім адпавядала таму, што мусіў рабіць на Беларускім радыётэлевізійным заводзе. Ужо пасьля першага месяцу працы Лі Гарві ў сваім дзёньніку з горыччу піша, што праца надакучыла сваёй аднастайнасьцю, а грошай няма на што траціць: ні начных клюбаў, ні боўлінгу; адпачыць няма дзе — толькі танцы. Праўда, пасьля працы яшчэ наведваў паляўнічы клюб ды любіў пастраляць у заводзкім ціры.

Вячаслаў Цімафееў — супрацоўнік аддзелу кадраў цяперашняга заводу “Гарызонт” — адзін зь нямногіх, хто яшчэ памятае Освальда:

(Цімафееў: ) “Таго цэху, дзе ён колісь працаваў, ужо даўно няма. Пасьля яго быў утвораны зусім іншы цэх, а цяпер і гэтага няма. Былы цір гадоў восем як зачынены, а падвал цяпер аддалі пад склад. Дый людзей з таго пэрыяду на прадпрыемстве не засталося, распавядаюць пра яго толькі па чутках. Быў, праўда, у Освальда найлепшы сябра, Павал Галавачоў. Яны сябравалі, разам гулялі, удвох былі на танцах, калі пазнаёміліся з Марынай. Зусім маладыя тады былі. Але нікога з тых, хто працаваў зь ім раней, у нас ўжо не засталося”.

Пазьней некаторыя дасьледчыкі схопяцца за такі факт біяграфіі Освальда: страляў у ціры, меў паляўнічую стрэльбу. Але экспэрты ЦРУ, якія дасьледавалі пасьведчаньне Освальда аб сяброўстве ў паляўнічым таварыстве, ня ўбачылі ў гэтым нічога на карысьць вэрсіі, што менавіта ён забіў Кэнэдзі.

Праз год жыцьця ў Менску Освальд піша ліст у амэрыканскую амбасаду: рашэньне прыехаць у Саюз было памылковае, хачу вярнуцца ў Штаты. Але ад’езд адцягваецца на паўтара году: нечакана ў ягонае жыцьцё ўваходзіць менская дзяўчына Марына Прусакова. Каханьне вянчаецца шлюбам.

Марына Прусакова зьявілася ў Менску незадоўга да Освальда. Дагэтуль жыла ў Ленінградзе, а калі памерла маці, і яна засталася сам-насам са сваім дэспатычным айчымам, уцякла да сваёй цёткі ў Беларусь. Валянціна і Ільля Прусаковы прынялі пляменьніцу з радасьцю: сваіх дзяцей не было, і зьяўленьне Марыны называлі боскім падарункам. Дыплямаваны фармаколяг, Марына ўладкавалася ў аптэку 3-га клінічнага шпіталю. А вось нечаканае зьяўленьне ў сям’і амэрыканца, які зь першага погляду закахаўся ў 18-гадовую прыгажуню, у галавы сям’і выклікала абурэньне. Сваяцтва зь “янкі” ніяк ня мог успрыняць розум кіраўніка вытворчага ўпраўленьня МУС БССР падпалкоўніка Прусакова. Таму, калі пасьля вясельля 30 красавіка 1962 году маладыя з гадавалай дачкой Джун пачалі рыхтавацца да ад’езду ў ЗША, Прусакоў спыніў кантакты і з пляменьніцай, і з Алікам — так на беларускі манер называлі ў сям’і Лі Гарві. Між іншым, многія з тых, каму давялося пазнаёміцца з Освальдамі, дагэтуль згадваюць тую эфэктную маладую пару толькі добрымі словамі. Спадарыня Вольга цяпер на пэнсыі, а на пачатку 1960-х працавала ў шпіталі разам з Марынай Прусаковай:

(Вольга: ) “Яна працавала яшчэ пры мне, у нашай аптэцы. Добрая такая дзяўчына, зусім маладая на той час. Ставіліся да яе вельмі прыязна: заўсёды “Марына-Марыначка”. І муж ейны, Освальд, заходзіў, гэтаксама ўсім падабаўся. Ня ведаю, як і што было там, у Амэрыцы, а тут ён харошы чалавек быў. Цяпер, праз столькі гадоў, нічога не зразумееш. Але вось лёс: каб жылі дагэтуль разам — гэта як цудоўна было бы! А так ад’ехалі на пагібель. Пасьля таго нічога пра іх ня ведала, толькі чуткі ўсялякія — забіў прэзыдэнта і гэтак далей. Але ж, наколькі я ведаю, ніхто дакладна не ўстанавіў, хто забіў Кэнэдзі. Тады навошта ўсё зноў варушыць, калі столькі год мінула? А паколькі ён тут быў, дык і прызналі, што мог нешта ўчыніць. А насамрэч нехта “ўкакошыў”, а на яго звалілі. Гэта маё такое меркаваньне: паколькі быў тут, у Саюзе, — значыцца, вораг”.

Практычна ніхто зь людзей, што былі знаёмыя з Освальдам у Менску, ня вераць у тое, што ён мог забіць амэрыканскага прэзыдэнта. І таму што меў характар не забойцы, і таму, як яны распавядаюць, што Лі Гарві часта кпіў з савецкага лідэра Хрушчова, а пра Кэнэдзі гаварыў толькі з павагаю. І нават марыў, што ягоны сын стане прэзыдэнтам ЗША. Вось што згадвае сяброўка сям’і Освальдаў Тамара Санкоўская:

(Санкоўская: ) “Ён быў гэткі шалапутны хлапчук. Такое адчуваньне было, што проста хацеў добра жыць. На працы яму даплачвалі значную суму: мабыць, больш, чым зарабляў. Дапамагаў савецкі Чырвоны Крыж. Але калі стаў нікому не патрэбны, вырашыў ад’ехаць. А дагэтуль ад’яжджаць не зьбіраўся — толькі тады загаварыў пра гэта, калі спынілі яму грашовую дапамогу. Вось тады матэрыяльна ім давялося цяжка. А яшчэ чаму хацеў ад’ехаць у Амэрыку? Гаварыў так: “Калі ў мяне ў Савецкім Саюзе народзіцца сын, то ён ніколі ня здолее стаць прэзыдэнтам ЗША”. І гэта таксама сьведчыць на тое, што маладосьць брала сваё. Але ўсе мы, хто ведаў яго, ніводнай хвіліны не сумняваліся: ён да забойства Кэнэдзі дачыненьня ня мае хоць бы таму, што быў вельмі легкадумны для такога ўчынку. Натуральна, ён ахвяра”.

Менскія знаёмыя Освальда сёньня гавораць пра Лі Гарві ня толькі й ня столькі як пра ахвяру амэрыканскіх ЦРУ ці ФБР. Перадусім падкрэсьліваюць, што ён увесь час быў пад пільным вокам КГБ: нават пасьля ад’езду Лі Гарві і Марыны ў ЗША людзі ў цывільным не пакідалі ў спакоі Прусаковых. Тамара Санкоўская, якая працавала разам з Марынай у аптэцы, расказвае:

(Санкоўская: ) “Няўжо вы не маглі адгаварыць яе?” — абураліся людзі з органаў. Маўляў, мы не ўзялі належнага ў гэтым удзелу, дык нас папракалі. Дарэчы, напярэдадні, яшчэ да забойства, мы атрымалі ад Марыны ліст, там быў здымак. Дык вось, пасьля візыту службаў усё зьнікла: камусьці даручылі гэта зрабіць (ня выключана, што нашай нябожчыцы-загадчыцы). Тады Марына пісала: хутка сьвяты, у думках я з вамі, наогул ліст быў вельмі шчыры і цёплы. Але ліст таямніча зьнік. Можна здагадацца, дзе ён цяпер, бо тады нашыя спэцслужбы прызнавалі, што Освальд забіў Кэнэдзі. Хоць мы ім казалі, што на Освальда гэта не падобна, што ён проста падстаўная асоба. Падабралі ягоную кандыдатуру, бо быў у СССР. Яго, маладога, заблытаць было лёгка. Можа, каб быў на колькі гадоў старэйшы, такіх памылак не рабіў бы”.

Амэрыка ня вельмі чакала маладых людзей з Саюзу і літаральна адразу ж Освальдам давялося сутыкнуцца з матэрыяльнымі праблемамі. Лі Гарві нэрваваўся, пачаў біць жонку. І Марына вырашае вярнуцца назад, у Менск, адна. Але ў Маскве на вяртаньне дазволу не далі. А паколькі ў сям’і ўжо расьлі дзьве дачкі — Джун і Рэйчэл, нічога не заставалася, як зьмірыцца з абставінамі.

Празь некалькі месяцаў пасьля прыезду ў ЗША Марына затэлефанавала ў Менск: слухаўку зьняў дзядзька Ільля. Выслухаў пляменьніцу без эмоцыяў, а калі тая папрасіла паклікаць цётку Валю, кінуў слухаўку. Наступныя трыццаць гадоў Прусаковы і Марына амаль сувязі не падтрымлівалі. Марына была перакананая, што ў Менску ад яе адракліся; Прусаковы ж лічылі, што пляменьніца пасьля трагедыі ў Даласе вырашыла застацца сам-насам са сваёю бядою. І толькі ў 1992 годзе, калі ўжо памёр Ільля Прусакоў, Марына асьмелілася зноў затэлефанаваць у Менск. Валянціна Прусакова распавядала мне, што тады яны амаль нічога не сказалі адна адной, а проста амаль гадзіну плакалі па розныя берагі Атлянтычнага акіяну. А неўзабаве Прусакова, на запрашэньне Марыны, адважылася на падарожжа ў Тэхас, дзе за дзьве сотні кілямэтраў ад Даласу на вялікай фэрме цяпер жыве Марына са сваім новым мужам, Кэнэтам Портэрам. Сюды ў госьці да 62-гадовай маці і бабулі прыяжджаюць і дзьве дачкі Лі Гарві Освальда, Джун і Рэйчэл, сын ад Портэра Марк, і ўнукі.

Летась Валянціна Прусакова памерла. Вось што яна прыгадвала, распавядаючы пра пляменьніцу:

(Прусакова: ) “Марына цяпер небагатая. Працуе ў краме. Ейны муж, Кэнэт, ужо на пэнсіі. Натуральна, што сюды яна больш ня вернецца, у яе там шэсьць унукаў — пяць хлопчыкаў і дзяўчынка, Клеапатра. Марына, безумоўна, прывыкла да Амэрыкі, яны там дом здаюць, ніхто яе асабліва цяпер не турбуе. І мне яна сказала: “Цёця Валя, я перажыла вельмі шмат, а цяпер жыву сваім жыцьцём: у мяне дзеці, унукі, і я прысьвяціла сябе ім”. Пра Аліка — амаль поўнае маўчаньне”.

Два гады таму, даведаўшыся пра цяжкую хваробу сваёй менскай цёткі, Марына з дачкой Джун, якая ў 1962 годзе нарадзілася ў Менску, прыехалі ў Беларусь: жылі амаль інкогніта, ні з кім не сустракаліся, даглядаючы Валянціну Гур’еўну. Вось што расказвала ў тыя дні Валянціна Прусакова:

(Прусакова: ) “Марына патэлефанавала з Амэрыкі і сказала: цёця Валя, мы за сямейным сталом вырашылі, што я павінна прыехаць вам дапамагчы. Прыехала сама, з уласнай волі, ніхто яе не прасіў. Дарэчы, былі вялікія цяжкасьці, каб прыехаць. У беларускй амбасадзе згаджаліся толькі на турыстычную візу. Празь месяц трэба было падаўжаць візу ўжо ў Беларусі, доўга ганялі, яна абуралася. Даходзіла да таго, што купіла стос асадак гарадзкому АВІРу, бо там не было чым запоўніць дакумэнты. І вось два месяцы мяне даглядала. Вазіла на таксі ў аддзяленьне анкалёгіі. Дарэчы, вельмі непакоілася, што застанецца бяз працы. Але ўжо тэлефанавала, што сустрэлі з кветкамі”.

Гэты ад’езд Марыны Прусаковай-Освальд зь Беларусі, напэўна, ужо апошні: Валянціна Прусакова памерла, а пасьля сьмерці любімай цёткі Марыну зь Менскам ужо больш нічога ня зьвязвае.

У кватэры Прусаковых на плошчы Перамогі загаспадарыла іхная прыёмная дачка, Галіна Зайцава. На жаль, Галіна Фёдараўна супраць усялякіх кантактаў з тымі, хто добра ведаў Валянціну Прусакову. І болей за тое, яна катэгарычна адмаўляецца каму б там ні было паказваць ліставаньне Валянціны і Марыны Прусаковых. Галіна Зайцава так і сказала мне: трымаю лісты з Амэрыкі ў надзейным месцы і ня маю намеру з кімсьці імі дзяліцца.
XS
SM
MD
LG