Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ МАЕ ТЭРАТАРЫЯЛЬНЫЯ ПРЭТЭНЗІІ ДА ЎКРАІНЫ?


Юры Дракахруст, Прага

Сяргей Гурц зьяўляецца супрацоўнікам Украінскага цэнтру войска, канвэрсыі і раззбраеньня.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Згурэц, у чым прычыны канфлікту вакол керчанскай дамбы?”

(Згурэц: ) “Галоўная праблема палягае ў тым, што зьяўляюцца тэрытарыяльныя прэтэнзыі да Ўкраіны, калі глядзець з украінскага пункту гледжаньня. Украіна лічыць, што выспа Тузла ёсьць украінскай тэрыторыяй. Паводле дакумэнтаў гэтая выспа была перададзеная Ўкраіне ў 1973 годзе, гэта была дамоўленасьць паміж крымскай абласной ўладай і краснадарскай краявой ўладай.

Расея будуе дамбу, якая злучыць Тузлу з расейскай тэрыторыяй, такім чынам атрымаецца, што гэтая выспа дэ-факта належыць Расеі, што паўплывае на падзел Азоўскага мора і на разьмеркаваньне яго прыродных рэсурсаў.

Масква просіць Кіеў прадставіць дакумэнт, які падцьвяржае права ўласнасьці Ўкраіны на гэтую выспу. І зараз узьнікае праўная калізыя, калі абодва бакі будуць высьвятляць, каму належыць гэтая тэрыторыя.
Учора МЗС Украіны накіраваў ноту ў расейскае МЗС, у якой заяўляецца, што Ўкраіна будзе абараняць сваю тэрыторыю ўсімі сродкамі.”

(Карэспандэнт: ) “Якія захады робіць Кіеў, каб вырашыць канфлікт, каб прадухіліць тое, што ён лічыць замахам на сваю тэрытарыяльную цэласнасьць?”

(Згурэц: ) “Захады бываюць рознымі. Па-першае, палітычныя – гэта кансультацыі міністра замежных справаў Украіны ў Маскве, ноты пратэсту, паседжаньне Рады бясьпекі і абароны, якое адбылося ўчора і на якім быў ухвалены комплекс мераў забесьпячэньня тэратарыяльнай цэласьці Украіны. На тэрыторыі самой Тузлы створаная ўкраінская памежная застава, адбываюцца манэўры ўкраінскіх памежнікаў, на якіх адпрацоўваецца выцісканьне мажлівых парушальнікаў украінскай тэрыторыі. З расейскага боку таксама адбываецца актывізацыя пэўных вайсковых злучэньняў, але варта сказаць, што пра гэта гавораць палітыкі, якія магчыма спэкулююць на гэтым пытаньні.
Пакуль назіраецца напаленьне жарсьцяў з абадвух бакоў.”

(Карэспандэнт: ) “Спадар Згурэц, на Ваш погляд, як можа разьвівацца гэты канфлікт, ці можа цяперашняя “вайна нэрваў” і “вайна нотаў” ператварыцца ў штосьці больш сур’ёзнае?”

(Згурэц: ) “Калі казаць пра цяперашнюю сытуацыю, то яна неспадзяваная для ўкраінскага боку, бо пасьля набыцьця Ўкраінай незалежнасьці, Расея выступала гарантам тэрытарыяльнай цэласьці Украіны.

Тады не ўзьнікала аніякіх пытаньняў, што нейкая тэрыторыя Ўкраіны ня будзе належыць ёй у будучыні. Падзеі, што адбываюцца вакол Тузлы, шчыльна павязаныя з ваенай дактрынай Украіны, якая прадугледжвае ўжываньне ўсіх сродкаў для абароны тэрытарыяльнай цэласьці. Гэта не азначае, што абавязкова адбудзецца вайсковы канфлікт. Украіна можа зьвярнуцца да міжнародных структураў, магчыма да іншых гарантаў сваёй бясьпекі, прынамсі, да Злучаных Штатаў. Праўнае поле яшчэ дастаткова шырокае. Важна адзначыць, што пакуль ня выказаўся расейскі прэзыдэнт. Іншыя расейскія ўладныя структуры могуць спэкуляваць на гэтым доўга, пакуль сваё слова ня скажа Пуцін. Пуцін пакуль трымае маўчаньне.”

Гэта быў украінскі адмыслоўца, супрацоўнік кіеўскага цэнтру войска, канвэрсыі і раззбраеньня Сяргей Згурэц.

Варта дадаць, што падобныя вострыя сытуацыі часам здараюцца паміж суседзямі. Напрыклад, у 1993 годзе даволі жорсткі канфлікт узьнікаў паміж Беларусяй і Літвой наконт тэрытарыяльнай прыналежнасьці чыгуначнай станцыі Гадуцішкі. Але нягледзячы на вастрыню праблемы, яна тады была вырашаная мірным шляхам.

На мяжы Беларусі з Украінай няма спрэчных тэрыторыяў. Аднак, як вядома, дамова пра мяжу, падпісаная ў 1997 годзе, дагэтуль не ратыфікаваная парлямантам Беларусі. Кіраўніцтва краіны адмаўляецца завершыць працэс ратыфікацыі з прычыны неўррэгуляванасьці ўкраінскага доўгу Беларусі.
XS
SM
MD
LG