Пакуль у Маскве прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у пасланьні парлямэнту казаў пра тое, што расейцы разглядаюць прастору СНД як сфэру свайго стратэгічнага інтарэсу, у Менску чатыры віцэ-прэм’еры зь Беларусі, Расеі, Украіны й Казахстану зноў абмяркоўвалі пытаньні стварэньня Арганізацыі рэгіянальнае інтэграцыі.
Нагадаю, што Аляксандар Лукашэнка падчас нядаўняга саміту ў Душанбэ вельмі рэзка выказаўся пра гэты “саюз чатырох”, абвінаваціўшы распрацоўшчыкаў у зацягваньні рашэньняў. Спадар Лукашэнка нават папярэдзіў пра мажлівасьць выхаду Беларусі з Арганізацыі рэгіянальнае інтэграцыі. Як цяпер паведамляе ягоная прэсавая служба, “кіраўнік беларускае дзяржавы раней скептычна ставіўся да ідэі стварэньня гэтай арганізацыі, аднак на сустрэчы, што адбылася, ён канстатаваў пэўнае прасоўваньне да мэты, якая пастаўленая прэзыдэнтамі чатырох краін”.
Адначасова Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў пазыцыях Беларусі, Расеі, Казахстану ды Ўкраіны ёсьць прынцыповыя разыходжаньні, якія могуць цалкам разбурыць задуму адзінай эканамічнай прасторы. Ён назваў “непад’ёмнымі” пытаньні ўзаемнага гандлю ды ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, дзе чатыры краіны ніяк ня могуць прыйсьці да пэўнай дамоўленасьці. Спадар Лукашэнка занепакоены разыходжаньнямі наконт самой сутнасьці стварэньня “саюзу чатырох”.
(Лукашэнка: ) “Да верасьня нам трэба дакладна даць адказ — мы ад вас чакаем прапановаў, і мы мусім адзін аднаму сказаць — здольныя мы гэта зрабіць або не. Крый Божа стварыць нейкую яшчэ адну арганізацыю нежыцьцяздольную, дзе будуць сядзець чыноўнікі (няхай нават няшмат іх), якія будуць адводзіць нас ад сутнасьці, перашкаджаць працаваць па сутнасьці, і якім мы будзем плаціць немалую заработную плату. Вось гэтага быць не павінна. Хопіць ужо гэтых саюзаў у саюзе — вялікім саюзе СНД”.
Спадар Лукашэнка дадаў, што гісторыя дала, мажліва, апошні шанец ажыцьцявіць прарыў у стасунках паміж чатырма дзяржавамі. Калі гэтыя краіны дасягнуць рэальных вынікаў, да гэтага саюзу падцягнуцца іншыя, і, цытую: “можна будзе адмовіцца ад іншых саюзаў, створаных на постсавецкай прасторы”.
Аляксандар Лукашэнка паабяцаў таксама не тармазіць працэс фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы й зазначыў:
(Лукашэнка: ) “Калі няздольныя, давайце скажам адзін аднаму, што маем разыходжаньні. Мы гатовыя — калі, дапусьцім, нашыя інтарэсы не супадаюць — сысьці й не перашкаджаць. Няхай тры іншыя дзяржавы, што застануцца, дамаўляюцца”.
Але Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што чакае такой жа гатоўнасьці сысьці ад іншых патэнцыйных сябраў “саюзу чатырох”. Праўда, расейскі віцэ-прэм’ер Віктар Хрыстэнка сказаў у Менску, што паміж Беларусьсю і Расеяй супярэчнасьцяў наконт фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы няма — “ёсьць пэўная розьніца ў нюансах і падыходах”. Такім чынам, прапанова сысьці датычыць або Казахстану, або Ўкраіны.
Але беларускі віцэ-прэм’ер і міністар эканомікі Андрэй Кабякоў заявіў, што ў расейска-беларускіх саюзных дачыненьнях “ня ўсё так бясхмарна” — напрыклад, ёсьць праблемы з рэалізацыяй беларускай прадукцыі на рынку Расеі, хаця спадар Кабякоў лічыць гэтыя праблемы кароткачасовымі. Ён таксама нагадаў лукашэнкаву заяву пра тое, што працэс стварэньня “саюзу чатырох” не павінен быць бясконцым.