Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ЗАНЕПАКОЕНА МАГЧЫМЫМ ПАГАРШЭНЬНЕМ ГАНДЛЁВАГА РЭЖЫМУ З НОВЫМІ СЯБРАМІ ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Валер Каліноўскі, Менск

МЗС Беларусі вітае новую канцэпцыю супрацоўніцтва пашыранага Эўразьвязу з краінамі-суседзямі, аднак пэўную занепакоенасьць беларускага боку выклікае магчымае пагаршэньне рэжыму гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з новымі сябрамі Эўразвязу, дадатковыя тарыфныя бар’еры і іншыя абмежаваньні.

Паводле папярэдніх прагнозаў, у выніку пашырэньня Эўразвязу на Ўсход, ягоная доля ў агульным таваразвароце Беларусі вырасьце у 1,6 раза, а ў экспарце — у 1,8 раза. Разам з тым новыя сябры Эўразьвязу пяройдуць на агульны гандлёвы рэжым у дачыненьнях зь Беларусьсю, у тым ліку і на пэўныя абмежаваньні. Антыдэмпінгавыя захады Эўразьвязу і квоты выклічуць найбольшыя цяжкасьці ў беларускіх экспартэраў калію, поліэфірных валокнаў і тэкстылю — у цэлым яны могуць спыніць пастаўкі беларускай прадукцыі да 60 мільёнаў даляраў.

Але канчаткова магчымыя страты яшчэ не ацэненыя. Як паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, Міністэрства замежных справаў вывучае гэтую праблему:

“Пашырэньне Эўразвязу нясе ў сабе як пазытыўныя тэндэнцыі, гэтак і нэгатыўныя. Пазытыўныя зьвязаныя са скарачэньнем узроўню мытных пошлін, нэгатыўныя — з больш жорсткай сыстэмай гандлю. Канчатковы вынік залежыць ня толькі ад сытуацыі ў Эўразьвязе, але й ад таго, як нашыя вытворцы здолеюць адаптавацца і падрыхтавацца да новых умоваў працы на гэтых рынках”, — сказаў А.Савіных.

Тым часам намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Сычоў на канфэрэнцыі ў пытаньнях пашырэньня Эўразвязу ў Вільні заявіў пра неабходнасьць мінімізацыі нэгатыўных наступстваў пашырэньня Эўразьвязу для краінаў-суседзяў, выдаткаваньня тэхнічнай дапамогі і кампэнсацыі стратаў. Акрамя таго, спадар Сычоў выказаўся за паступовую адмену Эўразьвязам квотаў, зьмякчэньне антыдэмпінгавых ды іншых захадаў, прадстаўленьне эканоміцы Беларусі статуса рынкавай, падтрымку пры ўступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, садзейнічаньне прыцягненью інвэстыцыяў. У палітычнай сфэры Беларусь прапанавала Эўразьвяз прадставіць краінам-суседзям статус назіральнікаў у ягоных структурах, якія прымаюць рашэньні ў галіне міжнароднай палітыкі і бясьпекі, ды стварыць супольныя рабочыя ворганы.

Вядомы беларускі дыплямат Адрэй Саньнікаў лічыць гэтыя прапановы афіцыйнага Менску нерэалістычнымі:

(Саньнікаў: ) “Усе шанцы, якія былі ў Беларусі, сёньняшнія ўлады не выкарыстоўваюць, было ў нас пагадненьне пра партнэрства і супарцоўніцтва, якое прыпыненае менавіта з-за той палітычнай сыстэмы, якая пануе зараз у Беларусі. Таму што там ёсьць вельмі ясныя ўмовы супрацоўніцтва Эўразьвязу з краінамі, якія не зьяўляюцца ягонымі сябрамі. Напэўна, гэта такі прапагандысцкі крок, а ня штосьці істотнае… І я ня думаю, што сур’ёзна будуць разглядаць гэтыя прапановы. Таму што Беларусь не выконвае сваіх забавязаньняў ні як сябра АБСЭ, ні як краіна, якая падпісала дамоўленасьці з Эўразьвязам, ні як краіна, якая падпісала дамоўленасьці зь дзяржавамі, якія зараз уваходзяць у Эўразьвяз”.

Андрэй Саньнікаў мяркуе, што беларуская эканоміка сапраўды пацерпіць ад пашырэньня Эўразьвязу, але вінаваты ў гэтым не Эўразьвяз, а беларускія улады, якія сваёй палітыкаю шкодзяць уласнаму народу.
XS
SM
MD
LG