Уначы з серады на чацьвер Белы Дом выявіў зьмест перамоваў амэрыканскага пасланьніка Джэймса Кэлі з Канг Су Ю, правай рукой паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чон Іра. Размова, якая адбылася ў Пхэньяне у пачатку кастрычніка, была перашай сустрэчай двух бакоў на такім высокім узроўні.
Кэлі, намесьнік дзяржсакратара ЗША у справах Азіі, прадставіў карэйскаму боку разьведвальныя дадзеныя,зь якіх вынікае, што што Пхэньян вядзе сакрэтныя працы над ядзернай зброяй. Неспадзявана ягоны карэйскі суразмоўца пацьвердзіў гэтыя закіды і сказаў: “Ваш прэзыдэнт залічыў нашу дзяржаву да “восі зла”. Вы ўтрымліваеце сваё войска на карэйскім паўвостраве. Ясна, што мы маем ядзерную праграму”.
Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд выказаў думку, што хаця няма канкрэтных доказаў, аднак Пхэньян ўжо мае пэўную колькасьць ядзернай зброі.
(Рамсфэльд: ) “Ні я, ні разьведвальныя службы ЗША, ні ўсе, каму ён давяраю, не дакраналіся да яе, але я веру ў тое, што Паўночная Карэя мае невялікую колькасьць ядзернай зброі”.
Паводле ЦРУ, Паўночная Карэя валодае адной або дзьвюма атамнымі бомбамі, пабудаванымі на базе плютонію. Згодна з разьведвальнымі дадзенымы, Пхэньян прыйшоў да гэтага шляхам абагачэньня ўрану. Газэта New York Times напісала, што галоўным пастаўшчыком неабходных матэрыялаў быў саюзьнік ЗША-Пакістан. Учора прадстаўнік Джорджа Буша выказаў занепакоенасьць у сувязі з гэтым прызнаньнем Пхэньяну. Ён назваў вестку пра гэта “трывожнай і ацьверажальнай”. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр заявіў, што ў сьвятле новых фактаў ЗША спыняць дапамогу Пхэньяну.
Нагадаем, што 8 гадоў таму ЗША, Японія, Паўдзённая Карэя і Паўночная Карэя падпісалі адмысловы дагавор. У адказ на спыненьне працы над ядзернай зброяй заходнія краіны абяцалі пабудаваць у Паўночнай Карэі атамныя электрастанцыі. У адпаведнасьці з дамовай, ЗША атрымалі права праводзіць інспэкцыі, ці Пхэньян выконвае дамоўленасьць.
Дагэтуль не было ніводнай інспэкцыі, хаця ў жніўні распачалася пабудова першай АЭС. Амэрыканцы мелі выдзяліць на гэта 4 мільярды даляраў, а таксама задарма перадаць Пхэньяну вялікую колькасьць агравальнага алею (мазуту). Дагэтуль ЗША ўжо выдаткавалі 700 мільёнаў даляраў, а Эўразьвяз вылучаў штогод на энэргетычныя патрэбы краіны 75 мільёнаў даляраў.
Аглядальнікі зьвяртаюць увагу на факт, што ЗША адрэагавалі на вестку з Паўночнай Карэі даволі стрымана. Паводле прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Рычарда Баўчэра, сытуацыя ў кожнай з краінаў гэтак званай “восі зла” іншая, і ЗША будуць праводзіць ў дачыненьні да іх дыфэрэнцыяваную палітыку. Міністр абароны Рамсфэльд, у прыватнасьці, адзначыў, што ірацкі дыктатар Саддам Хусэйн ўжо скарыстоўваў зброю масавага зьнішчэньня і нападаў на суседнія краіны. Амбасадар ЗША у Сэўле і Пэкіне Джэймс Лільлі адзначыў, што ваенная апэрацыя супраць Пхэньяну выклікала б рэванш у Паўдзённай Карэі.
(Лільлі: ) “Няма пляну ваеннай апэрацыі супраць Карэі. Затое ёсьць у выпадку Іраку. Гэта быў бы сапраўды Армагедон, гэта быў бы жах. Паводле зьвестак, якімі мы валодаем, звычайныя сілы Пхэньяну маглі б нанесьці вялізныя шкоды Паўдзённай Карэі”.
У якасьці гаранта стабільнасьці на карэйскім паўвостраве Злучаныя Штаты утрымліваюць там 40 тысячаў сваіх вайскоўцаў. Затое 70 % мільённай арміі Паўночнай Карэі згуртаваныя ў раёне мяжы з паўдзённым суседам. На Сэўл нацэленыя 12 тысячаў адзінак артылерыі. Аналітыкі лічаць, што Сэўл мог бы быць захоплены паўночна-карэйскімі сіламі ў лічаныя гадзіны новага канфлікту.
Пакуль Злучаныя Штаты, відавочна, не разглядаюць магчымасьці ваеннай апэрацыі супраць Пхэньяну. Паводле Прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Баўчэра, Вашынгтон будзе імкнуцца да “мірнага ўрэгуляваньня праблемы” і заклікаў “міралюбныя дзяржавы ў рэгіёне супрацьстаяць гэтаму новаму выкліку”. У справе далейшых крокаў у дачыненьні да Пхэньяну ЗША прыступілі да кансультацыяў са сваімі саюзьнікамі.