Сёлета ў першым квартале Аляксандар Лукашэнка плянаваў зьезьдзіць зь візытам у Малдову. Але там пачаліся шматлікія дэманстрацыі супраць русіфікацыі, таму візыт адкладаецца. На сёньняшнім брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў ягоны прэсавы сакратар Павал Латушка на маё пытаньне, чаму спадар Лукашэнка так і не паехаў у Кішынэў, адказаў гэтак:
(Латушка: ) "Намеры нашыя што да візыту прэзыдэнта краіны застаюцца ранейшымі. МЗС Беларусі вядзе адпаведную падрыхтоўку, і аб магчымасьці візыту размаўлялі і ў Алма-Аце прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка й прэзыдэнт Малдовы Варонін. Зараз удакладняюцца па дыпляматычных каналах тэрміны згаданага візыту, якія былі б прымальныя як для беларускага боку, так і для малдаўскага боку".
Павал Латушка таксама паведаміў, што на 30—31 сакавіка плянуецца афіцыйны візыт міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова ў Іран на запрашэньне ягонага іранскага калегі Камаля Харазі.
Нагадаю, што на гэтым тыдні спадар Хвастоў і Аляксандар Лукашэнка сустракаліся ў Менску з дэлегацыяй з Іраку — адной з трох дзяржаваў тае "восі зла", пра якую казаў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш.
Чакаецца, што міністар Хвастоў будзе прыняты прэзыдэнтам Ірану Махамадам Хатамі і перадасьць яму асабістае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі. Цікава, што прэсавы сакратар беларускага МЗС заявіў: "Асаблівая ўвага ў рамках перамоваў будзе нададзеная абмену думкамі па пытаньнях рэгіянальнае бясьпекі, барацьбы зь міжнародным тэрарызмам, сытуацыі ў Афганістане і магчымага ўдзелу Рэспублікі Беларусь у праектах аднаўленьня эканомікі Афганістану".
Паводле Паўла Латушкі, візыт беларускага міністра ў Тэгеран мусіць стаць важным этапам у падрыхтоўцы візыту ў Менск іранскага прэзыдэнта Махамада Хатамі.
А ў Вене сёньня адбываецца паседжаньне Сталае рады АБСЭ, дзе будзе разглядацца й беларускае пытаньне. Ужо тры месяцы група АБСЭ ў Менску працуе без кіраўніка, таму дзейны старшыня АБСЭ хоча прызначыць адмысловага пасланьніка ў справах Беларусі. Звычайна такіх пасланьнікаў накіроўваюць на вайну ці ў рэгіён міжнацыянальных канфліктаў — апошні раз адмысловы пасланьнік дзейнага старшыні АБСЭ быў накіраваны летась у Македонію, дзе тады быў пік сутыкненьняў з этнічнымі альбанцамі.
Ці не паўплывае гэта на рашэньне афіцыйнага Менску не даваць згоды на прызначэньне новага кіраўніка КНГ АБСЭ, пакуль мандат гэтай групы ня будзе зьменены? Вось як адказаў на гэтае пытаньне Павал Латушка:
(Латушка: ) "Не да месца зараз разглядаць пытаньне прызначэньня новага кіраўніка КНГ АБСЭ на Беларусі".
(Карэспандэнт: ) "Ці паўплывае на вашую пазыцыю тое, што можа быць прызначаны адмысловы пасланьнік дзейнага старшыні?”
(Латушка: ) "Мы будзем камэнтаваць прызначэньне новага пасланьніка пасьля таго, як будзе прынятае рашэньне".