Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШОКАВУЮ ТЭРАПІЮ ПРАВЕСЬЦІ НІКОЛІ НЯ ПОЗНА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Ад часу падзеньня камунізму на прыканцы 1980-ых, эканамісты вырашалі праблему лепшага спалучэньня і пасьлядоўнасьці палітыкі ў справе паратварэньня каманднай эканомікі ў рынкавую. Дасьледчык са Злучаных Штатаў і супрацоўнік Фонду Карнэгі Андрэас Аслунд прыйшоў да высновы, што ўрокі пасьлякамуністычнай трансфармацыі могуць быць значна прасьцейшымі, чым гэта здавалася раней.

У сваім дасьледваньні Андрэас Аслунда піша, што раней некаторыя эканамісты даводзілі патрэбу хуткага вызваленьня цэнаў, у той час як іншыя, аддавалі перавагу распродажу дзяржаўных актываў, збалянсаваньню бюджэтаў альбо паляпшэньню інфраструктуры.

Насамрэч, піша Аслунд, не істотна, якія з гэтых рэцэптаў будзе ўжываць краіна. Галоўнае, каб ішлі радыкальныя рэформы, якія суправаджаюцца шырокай дэмакратызацыяй. Ён сьцьвярджае, што лепшая дарога для эканамічных пераўтварэньняў – як найхутчэйшыя радыкальныя рэформы.

(Аслунд: ) “Гэта вельмі выразна: краіны, якія праводзілі палітыку радыкальных рэформаў і дэмакратызацыю маюць вынік. Краіны, якія правялі частковыя рэформы – спыніліся на палове дарогі. А тыя, што зрабілі вельмі мала – знаходзяцца ў заняпадзе”.

Як бачым, былыя камуністычныя краіны Аслунд падзяляе на тры групы. У лік так званых “актыўных рэфарматараў” уваходзіць бальшыня краінаў Цэнтральнай Эўропы і краіны Балтыі, якія стварылі дэмакратычныя дзяржавы з рынкавай эканомікай. Паступовыя рэфарматары, сярод якіх Баўгарыя, Румынія і бальшыня былых савецкіх рэспублікаў, скасавалі дзяржкантроль, правялі абмежаваныя прыватызацыю і палітычныя рэформы. Не рэфарматары, а гэта Беларусь, Туркмэністан і Ўзбэкістан правялі абмежаваныя рэформы і жывуць ва ўмовах дыктатуры з высокім узроўнем дзяржаўнай уласнасьці.

Калі браць пад увагу, што культура і геаграфія граюць істотную ролю ў эканамічных пераўтварэньнях, найбольш істотным фактарам становіцца ўзровень дэмакратызацыі:

(Аслунд: ) “Дэмакратызацыя вырашальная. Асноўны пункт гэта тое, што палітыка аснова і што эканоміка параўнальна важная толькі тады, калі ты вырашыў чаго сапраўды хочаш”.

Паводле Аслунда, краіны з больш эфэктыўнымі дэмакратыямі лепш праводзяць рэформы, таму што там галасы лібэральных рынкавых рэфармістаў чуваць больш выразна ў часе барацьбы супраць умацаванай бюракратычнай і былой камуністычнай эліты.

Аслунд цьвердзіць: фактычная пасьлядоўнасьць рэформаў давяла, што яна не такая істотная ў вызначэньні пасьпяховай будучыні эканомікі. Аднак, вялікі крок у гэтым кірунку мусіць выражацца ў вызваленьні цэнаў і зьнешняга гандлю:

(Аслунд: ) “Глыбокія зьмены гэта вызваленьне цэнаў і зьнешняга гандлю. Калі вы гэта зрабілі – вы становіцеся рынкавай эканомікай. Пасьля гэтага ў вас будзе высокі ўзровень інфляцыі, якую трэба стабілізаваць з максымальнай хуткасьцю. Лепшы шлях у гэтым кірунку – зьніжэньне грамадзкіх выдаткаў”.

Аслунд піша, што ён разбурыў шэраг мітаў, народжаных у часы пераходу ад камунізму да капіталізму.

Найбольш згубны міт – зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню пасьля 1989 году, што вынікае, напрыклад, са статыстычных дадзеных Эўрапэйскага Банку Рэканструкцыі і Разьвіцьця. Паводле гэтай статыстыкі краіны-рэфарматары толькі цяпер дасягнулі у сваім разьвіцьці ўзроўню 1989 году.

(Аслунд: ) “Адзін зь мітаў – надзвычайнае масавае зьніжэньне ўзроўню жыцьця. Але тут ёсьць дзьве сур’ёзныя праблемы зьвязаныя з афіцыйнай статыстыкай. Ад пачатку камуністы завышалі паказчыкі таго, што было зроблена на сам рэч, паколькі для парадпрыемстваў асноўным было выкананьне плянаў. У часе капіталізму сыстэма падаткаў і ўхіленьне ад падаткаў спараджаюць значна заніжаныя лічбы, у параўнаньні з тым, што сапраўды адбываецца ў эканоміцы”.

Сытуацыю, кажа Аслунд, пагаршала яшчэ й тое, што прадукцыя створаная пры камуністах, почасту не прыносіла ніякай карысьці.

Паводле Аслунда ягоныя высновы на конт дэмакратызацыі і рэформаў ня могуць прыкладацца да такіх краінаў як Беларусь, дзе дні дыктатуры зьлічаныя.

(Аслунд:) “Я думаю, што Беларусь – папросту ненадзейная мадэль, якая разваліцца праз некалькі гадоў. Эканамімчна яна не надзейная, бо у сапраўднасьці эканоміка Беларусі вельмі адкрытая. Прадпрыемствы Беларусі мусяць экспартаваць, дзеля таго, каб выжыць. Яшчэ адна прычына – існаваньне Беларусі на істотных датацыях з Расеі, якія пры прэзыдэньце Пуціне моцна скараціліся”.

Алунд параўноўвае Беларусь з Украінай – паступовым рэфарматарам, які нядаўна зрабіў крокі, каб спыніць рэгуляваньне эканомікі. У прыватнасьці, ён зазначае, што заробкі ва Ўкраіне (у даляравым адпаведніку) значна вышэйшыя ад заробкаў у Беларусі, што вельмі істотна для насельніцтва.

Паводле Аслунда, цяпер украінцы характарызуюць беларусаў як бедных, чаго не было яшчэ некалькі гадоў таму.

У той самы час пэрспэктывы для самой Украіны, як і для іншых паступовых рэфарматараў тыпу Расеі і Казахстану, Аслунд вызначае станоўча.

Цягам апошніх трох гадоў, піша дасьледчык, эканамічны рост у былых савецкіх рэспубліках, на чале з Расеяй і Казахстанам, перавысіў рост у Эўрапэйскіх краінах-кандыдатах у Эўразьвяз. Асабліва выразна гэта было відаць летась, калі былыя савецкія рэспублікі супольна давалі 6% росту, што амаль удвая больш, чым краіны-кандыдаты.

На гэта, піша Аслунд, ёсьць дзьве прычыны. Па-першае, кожная цэнтральнаэўрапэйская краіна узяла за ўзор недынамічныя з высокім узроўнем сацыяльных выдаткаў і высокім падаткаабкладаньнем, заходнеэўрапэйскія сацыяльна-эканамічныя мадэлі.

Па-другое, Расея, Украіна і Казахстан дастаткова хутка рухаліся апошнія пару гадоў у бок абуджэньня радыкальных рэформаў.

(Аслунд: ) “Проста цяпер мы ўбачылі, што яны пайшлі на вельмі радыкальныя рэформы. Я кажу пра Расею, Украіну і Казахстан. Яны маюць высокі эканамічны рост. Ён пачаўся дзякуючы істотным рэформам, напрыклад, падаткавым рэформам у Расеі і Казахстане, альбо зямельная рэформа і істотнае зьніжэньне дзяржаўнага кантролю над маленькімі прадпрыемствамі ва Ўкраіне”.

Паводле Аслунда, вопыт Расеі, Украіны і Казахстану паказвае, што шокавую тэрапію правесьці ніколі ня позна.
XS
SM
MD
LG