На гэтыя пытаньні брытанскаму часопісу New Scientist адказвае аналітык Уорэн Сэндэрсан зь Міжнароднага інстытуту аналізу прыкладных сыстэмаў, які даволі аптымістычна глядзіць на гэтую праблему і прапануе пераацаніць многія ранейшыя перасьцярогі.
Што да апошніх прагнозаў адносна росту насельніцтва Зямлі, то аналітык Уорэн Сэндэрсан і ягоныя калегі на 85 адсоткаў упэўненыя, што насельніцтва Зямлі дасягне 9-мільярднай мяжы да 2100 году, а затым пачне памяншацца. У ААН жа прадказваюць, што ўжо ў 2050 годзе насельніцтва Зямлі дасягне 9 мільярдаў 300 мільёнаў чалавек. Адкуль такая розьніца ў прагнозах? Спадар Сэндэрсан мяркуе, што справа ў тым, што экспэрты ААН маюць няправільныя базавыя падыходы. У прыватнасьці, разьлічваюць, што ў будучым у кожнай краіне ўстановіцца сярэдняя нараджальнасьць на адну жанчыну ў памеры 2,1 дзіцяці, што патрэбна для простага замяшчэньня насельніцтва. Напрыклад, цяпер ў Аўстрыі гэты паказчык складае 1,3 і пры гэтым ААН разьлічвае на надзвычайны прырост нараджальнасьці – да 2,1 ... Гэта сумнеўна. З другога боку, многія краіны, што разьвіваюцца, маюць высокі паказчык нараджальнасьці на адну жанчыну, але ён падае, як у Паўднёвай Карэі, напрыклад, – да 1,6, ці ў Тайляндзе – да 1,8. І няма прыкладаў, каб нейкія краіны сапраўды спыняліся на вызначанай экспэртамі ААН мяжы ў 2,1 нараджэньня на адну жанчыну. Нацыянальная дасьледчая рада ЗША мяркуе, што краіны, якія разьвіваюцца, дасягнуць у гэтай праблеме таго ўзроўню, які маюць цяпер разьвітыя краіны свету.
У памылковых, на думку спадара Сэндэрсана, разьліках ААН вінаваты палітычны элемэнт. Калі браць пад увагу паказчык нараджальнасьці ніжэй за 2,1, то ў далёкай будучыні будзе бачыцца зьнікненьне насельніцтва, што ня можа не выклікаць панікі сярод палітыкаў. У рэальных краінах насельніцтва ня можа зьмяншацца да нуля, бо яны рэгулююць сытуацыю.
Такім чынам, перанасяленьне Зямлі нас не чакае, мяркуюць навукоўцы, якія аспрэчваюць ацэнкі ААН.
Па-ранейшаму, найбольшы рост насельніцтва назіраецца ў бяднейшых кріанах сьвету, у Паўднёвай Азіі і Афрыцы. Але і там гэты рост запаволіўся і можа нават спыніцца ў бліжэйшы час.
Цяпер, нарыклад, у ЗША ўвогуле назіраецца зваротная рэакцыя на пэсымістычныя прагнозы пра перанаселенасьць, зь якімі выступаюць абаронцы навакольнага асяродзьдзя. Многія амэрыканскія эканамісты і людзі бізнэсу мяркуюць, што ня варта турбавацца пра колькасьць людзей, калі вы думаеце пра эканамічнае разьвіцьцё.
Аналітык Уорэн Сэндэрсан зь Міжнароднага інстытуту аналізу прыкладных сыстэмаў лічыць гэтыя заявы таксама нерэалістычнымі. У сваім інстытуце Сэндэрсан і ягоныя калегі працуюць, зыходзячы з новага разуменьня праблемы – балянсу насельніцтва, беручы пад увагу навакольнае асяродзьдзе, стваральную дзейнасьць чалавека, які вынаходзіць новыя тэхналёгіі, цыклічнасьць чалавечага жыцьця. Гэты падыход паказвае, што ў адных краінах праблемай можа быць хуткі рост нараджальнасьці, у той час як іншыя могуць цярпець ад старэньня насельніцтва. Пошук балянсу прымушае думаць, якім павінна быць насельніцтва, і што можа быць лепшым для чалавецтва ў цэлым, – лічыць аналітык Уорэн Сэндэрсан зь Міжнароднага інстытуту аналізу прыкладных сыстэмаў.
Гэтыя праблемы будуць абмяркоўвацца сёлета на Саміце Зямлі (Earth Summit) ў Ёганэсбургу.