Дапушчэньне таго, што распаўсюджваньне сібірскай язвы – справа рук тэрарыстаў, зьяўляецца значным зрухам у поглядах сьледчых, якія раней лічылі, што гэта асобны злачынны акт, ніяк не зьвязаны з акцыямі 11 верасьня.
Гэты зрух у сьледзтве базуецца, аднак, не на пэўных доказах, але на акалічнасьцях, узятых зь інфармацыі апошніх дзён, такіх, напрыклад, як паштовыя маркі на лістах, што ўтрымлівалі споры сібірскай язвы. Кожны з гэтых лістоў быў пасланы зь месцаў, дзе жылі альбо куды прыяжджалі тэрырысты, што ўдзельнічалі ў актах 11 верасьня.
Лісты, дасланыя ў вашынгтонскі офіс лідэра сэнацкай большасьці Тома Дашлі ды ў тэлекампанію NBC у Нью-Ёрку, былі накіраваныя з аднаго гораду, Трэнтану, сталіцы штату Нью-Джэрзі. Некалькі тэрарыстаў-угоншчыкаў самалётаў 11 верасьня жылі якраз у гэтым штаце. Трэці ліст з Малайзіі быў дасланы ў офіс Microsoft у Нэвадзе. Халід Алмідгар, пілёт, які вёў самалёт, што ўрэзаўся ў Пэнтагон, быў засьняты відэакамэрай назіраньня ў Куала-Лямпуры, сталіцы Малайзіі ў студзені 2000 году.
Сьледчыя пакуль не знайшлі самі лісты, якія выклікалі захворваньне на сібірскую язву ў Флорыдзе. Але вядома, што некалькі тэрарыстаў, якія ўчынілі акт 11 верасьня, жылі ў Флорыдзе – сярод іх Махамад Атта, які прызнаецца ўладамі завадатарам усёй акцыі.
Спачатку, калі сібірская язва зьявілася ў Флорыдзе, найбольш верагоднай вэрсіяй лічылася, што распаўсюджваньне хваробы сталася наўмысным актам чалавека, чымсьці незадаволенага, аднак не зьвязанага з тэрарызмам. Але новыя выпадкі заражэньня ў Нью-Ёрку, Нэвадзе і Вашынгтоне зрабілі рэальнай вэрсію, што амэрыканцы ўпершыню ў гісторыі сутыкаюцца з біятэрарызмам, поўная ступень якога пакуль невядомая.
Сьледчым ФБР відавочна нялёгка апошнімі днямі ісьці ў нагу з вірам паведамленьняў пра новыя выпадкі захворваньняў і дасьледваць хваробу, якую разумеюць вельмі няшмат з агентаў. Гэта тым больш складана, бо хвароба можа выяўляцца не адразу, а толькі пазьней з дапамогай больш дасканалых аналізаў.
Прадстаўнікі ФБР кажуць, што сьледчыя спрабуюць высачыць крыніцу паходжаньня заражаных лістоў, але іхняя задача ўскладнена тым, што ў цэнтры сартыроўкі пошты ў Трэнтане, сталіцы штату Нью-Джэрзі, апрацоўваецца карэспандэнцыя 46 паштамтаў і 300 паштовых скрынак. Агенты ФБР зараз праглядаюць стужкі з відэакамэраў, разьмешчаных у калідорах паштовых офісаў, спрабуючы апазнаць чалавека, які дасылаў заражаныя лісты. Але вулічныя паштовыя скрынкі ня маюць аніякіх камэраў, таму магчымасьць таго, што злачынца будзе знойдзены на стужцы, пакуль малаверагодная.