Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША СТВАРАЮЦЬ МІЖНАРОДНУЮ АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНУЮ КААЛІЦЫЮ


Мікола Іваноў, Прага

Амэрыканскі ўрад лічыць, што дзеля змаганьня з усясьветным тэрарызмам патрэбная шырокая міжнародная кааліцыя, і дзеля гэтага цяпер ажыцьцяўляе актыўныя дыпляматычныя высілкі.

Прэзыдэнт Буш ахарэктарызаваў іх наступным чынам:

(Буш: ) “Мы будзем працягваць супрацоўніцтва з Пакістанам і Індыяй. Мы будзем супрацоўнічаць з Расеяй, мы будзем супрацоўнічаць з краінамі, зь якімі яшчэ два гады таму нельга было ўявіць магчымасьці супрацоўніцтва, каб прыцягнуць людзей да адказнасьці, але перадусім, каб выйграць вайну супраць тэрарыстычнай дзейнасьці”.

Раней некаторыя экспэрты сьцьвярджалі, што такі шырокамаштабны тэрарыстычны замах не магчымы без актыўнай падтрымкі з боку дзяржаўных структураў нейкай краіны. Пры гэтым, шмат хто ўказваў у бок Іраку. Але амэрыканская выведка паведаміла, што пакуль што няма ніякіх сьведчаньняў іракскага саўдзелу ў замаху.

Між тым, амэрыканская адміністрацыя паведаміла, што рыхтуецца спэцыяльнае пасланьне іранскаму ўраду з прапановай супрацоўніцтва ў галіне змаганьня з тэрорам.

Іранскі ўрад разглядае талібаў у якасьці сваіх зацятых ворагаў, але адначасна падтрымлівае такія тэрарыстычныя групоўкі, як ліванская Хесбалла.

Мэр Тэгерану Мортэза Алвіры і Мухамэд Атрыянфар, старшыня гарадзкой Рады, накіравалі мэру Нью-Ёрку Рудольфу Джуліяні пасланьне з выразамі спачуваньня ў сувязі з тэрарыстычным нападам на Нью-Ёрк. Гэта першы міждзяржаўны кантакт паміж ЗША і Іранам на працягу апошніх 20 год.

ЗША разьлічваюць на дапамогу ў барацьбе з тэрарызмам такіх краінаў, як Пакістан, Індыя і Саудаўская Аравія.

Індыя ў рамках супрацоўніцтва з ЗША ў галіне змаганьня з тэрарызмам перадала ЗША шмат разьведвальнай інфармацыі ў справе дзейнасьці талібаў і тэрарыстычных арганізацыяў у Афгансітане.

Улады Саудаўскай Аравіі ў якасьці свайго ўкладу ў барацьбу з тэрорам паведамілі, што яны падымуць здабычу нафты ў краіне, калі на ўсясьветных рынках будзе назірацца недахоп нафты.

Урад Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, адной з трох краінаў сьвету, якія маюць дыпляматычныя адносіны з Афганістанам, паведаміў, што ён цяпер пераглядае свае адносіны з Кабулам.

Прэзыдэнт Буш падчас наведваньня будынку старой выканаўчай адмінсітрацыі, які знаходзіцца побач зь Белым Домам, таксама падкрэсліў:

(Буш: ) “Найлепшы спосаб змагацца з тэрарызмам – не дазволіць яму запалохаць Амэрыку. Шмат людзей, якія працуюць у гэтым будынку, моцна непакоіліся за сваё жыцьцё на мінулым тыдні. Сярод вас ёсць шмат сьмелых людзей, якія ўжо вярнуліся да працы. Я хачу падзякваць ім за гэта, а таксама прыгадаць: галоўнае – праца, якую трэба зрабіць”.

ЗША ажыцьцяўляюць адпаведныя крокі ў галіне падвышэньня бясьпекі краіны. Міністар абароны ЗША Дык Чэйні заявіў, што прэзыдэнт Буш аддаў загад ваенным пілётам перахопліваць і зьбіваць пасажырскія самалеты, якія без дазволу паспрабуюць увайсьці ў паветраную прастору над Вашынгтонам.

Закрыты таксама на неакрэсьлены тэрмін пасажырскі аэрапорт імя Рональда Рэйгана каля Вашынгтону ў сувязі з тым, што самалёты, якія ім карысталіся, праляталі ў вельмі блізкай і небясьпечнай адлегласьці ад усіх урадавых будынкаў сталіцы ЗША.


XS
SM
MD
LG