У сваім радыёвыступе, які трансьляваўся па ўсёй краіне, прэзыдэнт Буш сказаў, што тыя, хто вядзе вайну супраць Злучаных Штатаў, самі асуджаюць сябе на зьнішчэньне
Буш заявіў, што ён наважаны давесьці змаганьне з тэрарыстамі да канца:
(Буш: ) «Мы плянуем шырокую і доўгатэрміновую кампанію, каб абараніць нашую краіну і выкараніць зло тэрарызму. І мы наважаныя давесьці змаганьне да канца. Усе амэрыканцы незалежна ад рэлігіі і паходжаньня гатовыя да гэтага».
Буш таксама заявіў, што ня мае ніякага сумневу ў тым, што галоўным падазраваным у нападзе трэба лічыць Усаму бін Ладэна. Ён сказсаў, што бін Ладэн не схаваецца ад Злучаных Штатаў Амэрыканскія збройныя сілы, зазначыў Буш, гатовыя адплаціць за найстрашнейшы ў гісторыі краіны тэрарыстычны напад.
Мяркуецца, што Усама бін Ладэн хаваецца ў кіраваным талібамі Афганістане.
У пятніцу ўвечары прэзыдэнт Буш сустрэўся ў сваёй рэзыдэнцыі ў Кэмп-Дэйвідзе з асобамі, адказнымі за нацыянальную бясьпеку Злучаных Штатаў. Дзяржаўны сакратар Коін Паўэл паведаміў журналістам, што Пакістан пагаджаецца дапамагчы Злучаным Штатам «у чым толькі будзе патрэба» ў сувязі зь дзеяньнямі ў дачыненьні да суседняга Афганістану:
(Паўэл: ) «Я асабліва хацеў бы падзякаваць прэзыдэнту і народу Пакістану за падтрымку, якую яны нам запрапанавалі, і за іх гатовасьць памагчы нам у нашых патрэбах у гэтай частцы сьвету ў той момант, калі мы выяўляем асобы вінаватых у нападзе. Гэта кааліцыя, якая застанецца непарушная і з часам будзе ўзмацняцца. Мы мусім пакончыць ня толькі з арганізатарамі нападу і тымі, хто дае ім прытулак, але і з усім пракляцьцем тэрарызму, якое яшчэ захоўваецца на зямлі. Гэта кампанія, якую мы распачалі на гэтым тыдні і ад якой мы не адступімся, пакуль не пераможам».
Выступаючы ў Ісьлямабадзе, міністар замежных справаў Пакістану Абдул Сатар сказаў, што ягоная краіна дзейнічае ў адпаведнасьці з рэзалюцыямі Рады Бясьпекі ААН у справе барацьбы з тэрарызмам. Раней на гэтым тыдні прэзыдэнт пакістану Пэрвэс Мушараф запранаваў «поўнае супрацоўніцтва» Пакістану са Злучанымі Штатамі.
Прадстаўнік Талібану Сагайл Шагін папярэдзіў Пакістан аб недапушчальнасьці супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі.
(Шагін: ) «Калі б суседнія краіны або краіны рэгіёну, асабліва ісламскія краіны, станоўча адказалі на амэрыканскія просьбы аб выкарыстаньні іх ваенных базаў, гэта выклікала б надзвычайную небясьпеку. Гэтаксама, калі б нейкая суседняя краіна дазволіла амэрыканскай авіяцыі выкарыстаць яе паветраную прастору для дзеяньняў супраць Афганістану, мы былі б вымушаныя ўступіць у вайну».
У сваім звароце да амэрыканскага народу прэзыдэнт Буш сказаў, што амэрыканскі народ жадае ня толькі адпомсціць вінаватым, але й выйграць вайну супраць барбарскіх дзеяньняў.
(Буш: ) «Тыя, хто вядзе вайну супраць Злучаных Штатаў, самі асуджаюць сябе на зьнішчэньне. Перамога над тэрарызм будзе дасягнутая не адной бітвай, а сэрыяй рашучых дзеяньняў супраць тэрарыстычных арганізацыяў і тых, хто падтрымвае іх і дае ім прытулак».
У пятніцу Буш паклікаў да выкананьня службы 50 тысячаў амэрыканскіх рэзэрвістаў.
Кангрэс Злучаных Штатаў прыняў пастанову, якая дае прэзыдэнту права ўжым «усю неабходную і належную сілу» супраць тэрарыстаў, а таксама тых, хто іх фінансуе і дае ім прытулак. Кангрэс таксама выдзеліў 40 мільёнаў даляраў надзвычайнай дапамогі для змаганьня з наступствамі нападаў і для паляваньня за іх арганізатарамі.
Джордж Буш таксама распавёў свае ўражаньні пра наведваньне ў Нью-Ёрку руінаў на месцы вежаў Сусьветнага Гандлёвага Цэнтру. Прэзыдэнт сказаў, што ён пабачыў надзвычайны дух ахвярнасьці, патрыятызму і самаадданасьці у ратаўнікоў, пажарнікаў, паліцыянтаў і добраахвотікаў.
Што да барацьбы з тэрарызмам, прэзыдэнт Буш зазначыў:
(Буш: ) «Я не зьбіраюся ўчыніць нейкі сымбалічны акт. Наш адказ будзе ўсеабдымны, доўгатэрміновы і эфэктыўны. Му мусім шмат чаго зрабіць і шмат аб чым папрасіць амэрыканскі народ. Я папрашу вас быць цярплівымі, бо канфлікт ня будзе кароткі. Я папрашу вас быць рашучымі, бо канфлікт ня будзе просты. Я папрашу вас быць моцнымі, бо шлях да перамогі можа быць доўгі».
Буш сказаў, што ў часы выпрабаваньняў амэрыканцы заўсёды выяўлялі свае найлепшыя якасьці.