Рашэньне стварыць Міжнародны цэнтар прапаганды сацыял-дэмакратычных ідэяў на постсавецкай прасторы прынялі мінулымі выходнымі ў Кіеве. Менавіта тут праходзіла буйная навукова-практычная канфэрэнцыя прыхільнікаў гэтай палітычнай плыні, у ёй узялі ўдзел амаль 400 чалавек.
Сёньня ў Менск вярнуўся намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" Ўладзімер Нісьцюк, які ўдзельнічаў у канфэрэнцыі. Ён характарызуе яе гэтак:
(Нісьцюк: ) "Усе прыйшлі да высновы, што трэба мець аналітычны, сацыялягічны, інфармацыйны, гістарычны, навукова-дасьледчы цэнтар, які праблемамі сацыял-дэмакратыі на постсавецкай прасторы мог бы займацца на высокім прафэсійным узроўні. Канечне, важна, каб удзельнічалі прастаўнікі сацыял-дэмакратычных партыяў з постсавецкай прасторы.
Прыйшла думка спалучыць стварэньне гэткага цэнтру з адраджэньнем Усходнеэўрапейскага сацыял-дэмакратычнага форуму, які зараз узначальвае Мікола Статкевіч", — кажа намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" Ўладзімер Нісьцюк.
Украіну невыпадкова абралі месцам правядзеньня канфэрэнцыі. Тут дзейнічае найбуйнейшая ў былым Савецкім Саюзе аб'яднаная сацыял-дэмакратычная партыя. А ейны лідэр Віктар Мядзьведчук з'яўляецца першым намесьнікам старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
Удзельнікі міжнароднай канфэрэнцыі прынялі адмысловую заяву, дзе выказваюць салідарнасьць зь лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" Міколам Статкевічам, які цяпер пад судовым перасьледам.