Кажуць, што з дапамогай музыкі можна перадаваць самую розную інфармацыю. Нават у тым выпадку, калі музыка гучыць бяз словаў. Тады да справы далучаюцца іншыя сродкі камунікацыі. Напрыклад, назвы тых інструмэнтальных п’есаў, якія часам падказваюць, у чым, уласна, справа, пра што ідзе гаворка.
Імя беларускага джазавага піяніста Аркадзя Эскіна вядомае далёка па-за межамі нашае краіны. Ягоная біяграфія — гэта зайздросны пералік імёнаў музыкантаў і назваў калектываў, зь якімі і ў якіх Аркадзю Эскіну даводзілася працаваць.
Вось чаму можна толькі зьдзіўляцца, чаму пасьля некалькіх гадоў выкладаньня джазавага фартэпіяна ў Беларускім унівэрсытэце культуры такі піяніст быў змушаны пакінуць выкладаньне. Шкада, бо вызначаць талент маладых музыкантаў спадар Эскін умее дасканала: яму самому ёсьць што сказаць у музыцы.
Зараз вы пачуеце рэдкі запіс аднаго зь філярманічных канцэртаў, што адбыўся недзе ў першай палове 1990-х. Квартэт Аркадзя Эскіна, у якім тады выступалі гітарыст Віктар Малчанаў, бубнач Вадзім Чайкоў і басіст Барыс Бернштэйш. І вядомы джазавы стандарт пад назваю “What’s New?” Боба Хагарта.
Той самы выпадак, калі назва нясе шмат інфармацыі. Пачатак п’есы — павольнае гучаньне раялю, потым да яго нячутна далучаюцца іншыя інструмэнты квартэту. Па тым, як гучыць музыка, можна зразумець, што навіны ў цэлым неблагія. Прынамсі, не такія, з-за якіх варта было б рваць струны.
Зьміцер Падбярэскі