Часам здараецца, што назва той ці іншай кампазыцыі ці песьні настолькі ўдалая, што пачынае жыць самастойным жыцьцём, а сама музыка нават забываецца. Адным з такіх кампазытараў, што выдумвалі для сваіх твораў назвы дасьціпныя і незвычайныя, быў Эдвард Кенэды Элінгтан. Ягоную музыку мы і паслухаем сёньня.
Мэлёдыя сёньняшняга дня мае працяглую назву і цалкам гучыць так: “It Don’t Mean a Thing If It Ain’t Got That Swing”. Перакладаюць яе па-рознаму, хоць найбольш блізкім да самае сутнасьці будзе такі варыянт: “Гэта ня мае сэнсу, калі не зьмяшчае ў сабе сьвінгу”.
Назва твору цалкам невыпадковая: Дук Элінгтан пісаў яго для свайго славутага бэнду, які ў джазе лічыцца адным з найбольш яскравых увасабленьняў сьвінгу, няўлоўнага джазавага рытму, які, па сутнасьці, і робіць з практычна любой музыкі джаз.
Такім чынам, сутнасьць назвы робіцца зразумелай: ёсьць сьвінг — ёсьць і джаз, няма сьвінгу — прабачце, сэнс выконваць гэтую музыку траціцца. Прынамсі, для Дука Элінгтана. І менскага ансамблю традыцыйнага джазу “Рэнэсанс” — таксама.
Гэты запіс найстарэйшага калектыву беларускага джазу, які сёлета адзначыў чвэрць стагодзьдзя творчага шляху, паходзіць з выдадзенага мінулым годам альбому “Swing Station”. Аранжыроўка Зэпа Мэйсьнера.
Зьміцер Падбярэскі