Добра, калі той ці іншы выканаўца стала мае ў рэпэртуары твор, які можна сьмела называць ягонай музычнай візытоўкай. А вось калі такога твору няма, разьлічваць на шырокую вядомасьць нават у вузкіх колах даволі праблематычна.
Аматары джазу ў Беларусі вось ужо колькі гадоў небеспадстаўна называюць групу “Apple Tea” Ігара Сацэвіча найлепшым калектывам у гэтым жанры. Сапраўды, гэта адзіны ў краіне калектыў джазавай скіраванасьці, які мае на ўласным рахунку тры выдадзеныя альбомы і відэаальбом з запісам канцэрту. Гэта адзіны наш калектыў джазу, які атрымаў замежны кантракт і, адпрацаваўшы яго, вярнуўся дамоў. Гэта, нарэшце, адзіная беларуская джаз-група, чый альбом быў выдадзены ў Маскве.
Канцэрты “Apple Tea” ў Менску на шырокай публіцы рэдкасьць, адбываюцца, можа, два-тры разы на год, затое заўсёды зьбіраюць паўнюткія залі нават тых, хто джаз той ня вельмі шануе. І заўсёды на тых канцэртах гучыць візытоўка групы — п’еса Ігара Сацэвіча, што дала назву калектыву. Прычым у мяне асабіста маецца цяпер аж тры розныя варыянты гэтага твору. А для новага альбома, паводле чутак, Ігар Сацэвіч рыхтуе новую аранжыроўку ў фанкавай стылістыцы. Сёньня ж мы паслухаем клясычную вэрсiю — музыку 1999 году, якая дзівосным чынам адпавядае паводле настрою такой поўнай водару назьве калектыву.
Зьміцер Падбярэскі