Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Маналёг сабакі”. Група “Песьняры”. Музыка Ігара Паліводы, словы Петруся Макаля. Альбом “Гіт-парад “Беларускай маладзёжнай”, “Мелодия”, 1990



У кожнай краіне ёсьць музыканты, якія яшчэ пры жыцьці робяцца легендамі. Адна зь легендаў беларускай папулярнай музыкі — гэта, безумоўна, Уладзімер Мулявін. У няпростыя для яго дні праграма “Мэлёдыя дня” як можа падтрымлівае гэтага музыканта, жадаючы яму як мага хуткага выздараўленьня.

Чым больш аддзяляе нас ад таго часу, як пачалася біяграфія ансамблю “Песьняры”, тым больш узьнікае зьвязаных зь ім легенд. Прынамсі, мы плянуем блізкім часам паказаць вам некалькі твораў, пра існаваньне якіх, магчыма, ня ведаюць нават даўнія фанаты калектыву.

Сёньня ж прагучыць твор, які таксама ня вельмі часта гучаў падчас канцэртаў. Магчыма, пільныя цэнзары савецкага часу адчулі ў вершах Петруся Макаля нейкія намёкі, алегорыі. Да таго ж, па музыцы песьня “Маналёг сабакі” аднаго з найбольш яскравых і індывідуальных кампазытараў Беларусі Ігара Паліводы ў нечым ня ўпісвалася ў звыклую стылістыку калектыву.

Гэтую песьню, як і, да прыкладу, “Крык птушкі”, можна назваць адным з найбольш сьмелых, прынцыповых твораў з рэпэртуару “Песьняроў”, якія ўлады ня вельмі ўхвалялі й нават забаранялі для выкананьня падчас канцэртаў. Тое ж, дарэчы, здарылася і з цыклем Ігара Паліводы на вершы Бёрнза, які цалкам, здаецца, так ніколі й не прагучаў. “Маналёг сабакі” і голас Уладзімера Мулявіна. Здароўя вам, Уладзімер Георгіевіч!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG