Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Даставай, Язэп, гармонік”. Мікалай Скорыкаў. Музыка Зьмітра Яўтуховіча, словы Лявона Пранчака. Альбом “Талака”, “Ковчег”



У народзе панядзелак звычайна называюць днём цяжкім. Таму ёсьць мноства тлумачэньняў. Адно зь іх такое, што менавіта панядзелак пачынае напружаны працоўны тыдзень. Адна з задачаў праграмы “Мэлёдыя дня” якраз у тым, каб зрабіць той працоўны тыдзень як мага менш напружаным.

А яшчэ ў народзе кажуць: добра там, дзе нас няма. Мне асабіста яшчэ не выпадала на ўласнае скуры паспытаць слушнасьць таго выслоўя. Адно ведаю дакладна: у час нават непрацяглай выправы куды-небудзь па-за межы радзімы ў пэўны момант пачынае нясьцерпна цягнуць дадому. Што тут казаць пра тых, хто пакінуў Беларусь ужо даўно!

Кампазытар Зьміцер Яўтуховіч, здавалася б, меў усе пэрспэктывы для пасьпяховай працы на радзіме, аднак колькі гадоў таму зьехаў за акіян, пакінуўшы, на шчасьце, па сабе дастаткова шмат адметных, яскравых песень. Адна зь іх, прынамсі, сталася ці не народным гітом і цяпер сьпяваецца ці не як сапраўдны фальклёрны твор.

Гаворка ідзе пра песьню “Даставай, Язэп, гармонік”, вытрыманай у выразнай народнай манэры, чаму, безумоўна, паспрыяў вельмі ўдалы тэкст Лявона Пранчака. Ня ведаю, наколькі з-за адсутнасьці аўтара музыкі на радзіме хлопцы па Зьмітру Яўтуховічу плачуць як бабры, аднак нельга не прызнаць: гэтая песьня — адна з найбольш удалых з тых, што былі напісаныя беларускімі кампазытарамі за многія апошнія гады. Мікалай Скорыкаў даводзіць тое пераканаўча.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG