Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Туманы”. Музыка Л.Шырына, словы А.Камоцкага. Выкананьне — Стэфан.Дэма-запіс, 2002



Шчыра кажучы, не рызыкну сказаць, колькі ж выканаўцаў дэбютавала ў праграме “Мэлёдыя дня” за пяць мінулых месяцаў. Для некаторых слухачоў гэта наагул былі ніякія не дэбютанты, многія гэтых сьпевакоў сапраўды пачулі ўпершыню. А што будзе далей!.. Прывітаньне! І з пачаткам каляндарнага лета!

Праўду кажучы, па настроі мэлёдыя гэтага дня зусім ня летняя, а, бадай, хутчэй восеньская. Што ж, спрацуем на кантрасьце. Тым больш, што выконваць гэтую песьню будзе зноў жа дэбютант, імя якога — Стэфан. Ні больш, ні менш. Па ўзросту ня хлопчык-пачатковец, ён, аднак, стрэліў двума-трыма песьнямі недзе з тры гады таму, а потым неяк неўпрыкмет сышоў з радыёэфіру. Хоць вакальныя дадзеныя ў Стэфана вельмі неблагія, асабліва — тэмбр голасу. Дый выканальніцкая манера ў яго дастаткова арыгінальная.

Цяжка сказаць, што перашкодзіла сьпеваку дасягнуць большай вядомасьці й папулярнасьці. Асноўны ягоны рэпэртуар складаўся зь песень, што былі напісаныя гітарыстам і кампазытарам Леанідам Шырыным на словы вядомага барда Алеся Камоцкага. Пры гэтым Камоцкі надзіва арганічна ўспрымаў ідэі аўтара музыкі, і ў выніку атрымлівалася гэткая якасная папулярная музыка бяз розных там танных штучак.

Песьня “Туманы” гэтых двух аўтараў — якраз зь ліку такіх вартых увагі твораў. І Стэфан — для каго выканаўца вядомы, а для “Мэлёдыі дня” — дэбютант.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG