Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каля чырвонага касьцёла”. Валеры Дайнека. Музыка Л.Захлеўнага, верш Л.Пранчака. Альбом “Між Менскам і Нью-Ёркам”, “Ковчег”, 2000



Жыцьцё нашае складаецца з парадоксаў. Гэта прыкмета ня толькі пераходных пэрыядаў гісторыі, жыць у якія разумныя людзі ня раілі нікому. І калі пільна прыгледзецца да таго, што адбываецца наўкола, тых парадоксаў можна налічыць колькі заўгодна.

Адным з найбольшых парадоксаў для мяне асабіста быў той факт, што вядомы Чырвоны касьцёл у Менску вярнулі вернікам. І добра, калі б той касьцёл месьціўся дзе-небудзь падалей ад плошчы Незалежнасьці, дамінантай якой і цяпер зьяўляецца помнік правадыру пралетарыяту. Не, сапраўды цяжка напачатку было ўявіць крыжы мэтраў за дзьвесьці ад помніка чалавеку, які веру, мякка кажучы, не любіў.

Цяпер пачалася грандыёзная перабудова самой плошчы. Гэта нічога, што настаўнікі, лекары, бюджэтнікі наагул разам з пэнсіянэрамі маюць значныя праблемы з атрыманьнем грошай. Гіганцкае будаўніцтва па задуме галоўнага прараба краіны павінна засьведчыць сьвету эўрапейскасьць сталіцы. Чарговы парадокс, ня іначай! Ці, іншымі словамі, сындром Манежнай плошчы ў Маскве. Яшчэ адно перайманьне чужой ідэі. У гэтым роўных нам няма.

З увагі на такое будаўнічае шаленства Чырвоны касьцёл, канешне ж, выглядае як цалкам чужы элемэнт плошчы. Хоць бы таму, што ён — арыгінальны і непаўторны. А гэтага ў нас ня любяць. Песьня “Каля Чырвонага касьцёла” была напісана Леанідам Захлеўным на верш Лявона Пранчака, мне думаецца, невыпадкова. Гэты куток гораду можна ўявіць бяз помніка правадыру, без падземнага гандлёвага комплексу, аднак без касьцёла — немагчыма. Слухаем Валерыя Дайнеку.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG