Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Нёман” Несьцера Сакалоўскага на словы Анатоля Астрэйкі ў выкананьні Іосіфа Кабзона. Запіс з канцэрту фэстываля “Залаты шлягер”, 2001



Часам зоркі замежнай, у тым ліку расейскай эстрады настолькі падаўляюць нашых слухачоў папулярнасьцю, што сярод іх мала хто ўслухваецца, а што, уласна, сьпяваецца. “Мэлёдыя дня” дазваляе кожнаму ўслухацца ў песьню. У тым ліку, калі ў праграме ўдзельнічае замежны сьпявак.

Вось што цікава: многія айчынныя зоркі эстрады будуюць рэпэртуар амаль выключна ці то на расейскай, ці то на ангельскай мовах, пры гэтым, як Аляксандар Саладуха, наладжваюць тур па Беларусі й загадзя называюць яго галоўнай падзеяй музычнага году.

Зьедлівы аматар эстрады можа рашуча заявіць: нашто, маўляў, нашыя сьпяваюць па-расейску, калі з расейцаў ніхто па-беларуску сьпяваць і не зьбіраецца. Сапраўды, амаль ніхто. Бо сапраўдных прафэсіяналаў у Расеі моўныя праблемы не спыняюць.

Канечне, цяжка чакаць, што якія-небудзь “Стрэлкі” ці “Белкі” засьпяваюць па-беларуску. А вось Іосіф Кабзон — прафэсіянал сапраўдны, шануе перш за ўсё добрую, якасную музыку. У тым ліку Несьцера Сакалоўскага і ягоную песьню на словы Анатоля Астрэйкі — славуты “Нёман”. І сьпявае тую песьню практычна кожны раз, калі выступае ў Беларусі. І сьпявае, дарэчы, аніяк не саромеючыся беларушчыны, у адрозьненьне ад многіх мясцовых “профі”.

Гэты запіс пад раяль зроблены падчас апошняга фэстывалю “Залаты шлягер”, і гэтая песьня была ці не адзінай, якая прагучала на беларускай мове падчас усяго вялікага канцэрту. Магчыма, “Залаты шлягер” вырашылі праводзіць радзей менавіта з-за таго, каб Кабзон больш не сьпяваў па-беларуску? Пытаньне, аднак.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG