Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская народная песьня “Віно маё зеляно”, выкананьне — ансамбль “Песьняры”. Альбом “Зачараваная мая-1”, “Мелодия”, 1982



Ці згодныя вы з тым, што з гадамі разуменьне тых ці іншых зьяваў, у тым ліку ў музыцы, мяняецца даволі істотна? Часам слухаць куміраў яшчэ нядаўняга мінулага проста немагчыма, а тыя, хто, здавалася б, ніколі ролі першага пляну не выконваў, аказваецца, прафэсыяналізму ня страцілі. Вітаю вас!

Двайны вінілавы альбом “Зачараваная мая”, бадай, ніколі не належыў да найлепшых у дыскаграфіі “Песьняроў”. Па-першае, стракатая праграма абодвух дыскаў, калі ніякай сюжэтнай канцэпцыі ўвогуле не было, па-другое, запісваліся песьні падчас канцэрту ў зале “Россия”, і чуваць, што граюць і сьпяваюць музыканты ня надта зладжана. Па-трэцяе, слухаць песьні на вершы Янкі Купалы на расейскай мове, асабліва сёньня, проста цяжка і недарэчна.

Аднак гэтыя вінілы далі і некалькі сапраўды цікавых прыкладаў. Гэта перш за ўсё народныя мэлёдыі, адну зь якіх, “Віно маё зеляно”, мы сёньня і паслухаем. Аранжыроўшчыкам твору выступіў гітарыст Уладзімір Ткачэнка, запявае Валерый Дайнека, і лёгка заўважыць, што 20 гадоў таму сьпяваў ён прыкметна інакш. Як — ня буду тут разважаць, аднак я вось пра што: тады гэтыя песьні выклікалі сапраўдную цікавасьць, а вось сёньня вялікага ўражаньня, апрача асобных, ня робяць. Хоць многім прыёмам аранжыроўкі ў “Песьняроў” можна вучыцца маладым і сёньня. “Віно маё зеляно”, “Песьняры” 1982 году разьліву. Пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG