Застаецца шкадаваць, што новая “Мэлёдыя дня” гучыць ня з ранку, а ўвечары. Зь іншага боку, паўтор навуцы ня шкодзіць, таму часам мэлёдыя ўчорашняе выпечкі няблага спажываецца і наступным ранкам, у паўторы. Прывітаньне!
Мне хочацца нагадаць вам, што ўсе мэлёдыі, якія гучаць у гэтай праграме, вы можаце пачуць паўторна яшчэ неаднойчы, калі толькі зазірнеце ў Інтэрнет на адрас www.svaboda.org. Калі, аднак, там вы ня ўбачыце поўнага мэню, параю вам крыху пачакаць: прынамсі, зь цягам часу ўсё павінна апынуцца на адпаведных месцах.
А сёньня прапаную вам зноў жа музыку экспэрымэнтальную, нечаканую, прынамсі, для прыхільнікаў Веранікі Кругловай. Летась яна запісала ў Бэрліне некалькі кампазыцыяў у садружнасьці з музыкантамі з розных краін, якія пераважна працуюць у жанры джазавай музыкі.
Матэрыялам для гэтай работы, вытрыманай, умоўна кажучы, у стылістыцы world jazz, зрабіліся пераважна беларускія народныя мэлёдыі. Ня ўсе зь іх, праўда, аранжыроўшчыкі здолелі асэнсаваць у адпаведнасьці з натуральнай вобразнасьцю музыкі.
Усё ж задача сапраўды была пастаўлена сьмелая і нават па-добраму нахабная. Што атрымалася — мяркуйце самі. Песьня “Ой, рана-рана”, Вераніка Круглова і “Experience In Berlin”. Пачуемся!
Зьміцер Падбярэскі