Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канадыйскія навукоўцы, магчыма, знайшлі шлях лячэньня гепатыту С


Сяргей Абламейка, Прага

Клеткі печані, заражаныя вірусам гепатыту С, могуць быць выбарачна зьнішчаныя пры дапамозе новага мэтаду геннай тэрапіі, прапанаванага канадыйскімі навукоўцамі. Аб гэтым інфармуе чытачоў у апошнім нумары часопіс NewScientist.

Вірус гепатыту С быў адкрыты ў 1989 годзе, да таго часу яго не адрозьнівалі ад гепатыту В. Аказалася, што гэта вельмі распаўсюджаная і вельмі небясьпечная хвароба – некаторыя мэдыкі параўноўваюць яе са СНІДам. Гепатыт С выклікае ў 30-40 працэнтаў хворых цыроз або рак печані. Сёньня ва ўсім сьвеце гепатытам С заражаныя каля 200 мільёнаў чалавек, і колькасьць гэтая хутка расьце.

Зараз існуе даволі эфэктыўны мэтад лячэньня гэтай цяжкай хваробы – лекары адначасова ўводзяць хворым інтэрфэрон і лек пад назвай рыбавірын. У выніку ў 50-60 працэнтах выпадкаў вірус зьнікае, але, на жаль, празь нейкі час шмат у каго зьяўляецца зноў.

“Новы мэтад генэтычнай тэрапіі можа некалі даць хворым абсалютна поўнае аздараўленьне,” – заявіў часопісу NewScientist вірусоляг Крыстафэр Рычардсн зь Інстытуту рака ў правінцыі Антарыё.

Сутнасьць мэтаду наступная. Доктар Рычардсан і яго калега Эрык Су знайшлі слабое месца ў віруса гепатыту С – гэта энзім пратэаза, які выпрацоўваецца вірусам. Рэагуючы на некаторыя пратэазы бялкі ў чалавечых клетках уключаюць мэхнізм самазьнішчэньня клеткі. Таму мэдыкі выдалілі з клеткі печані генэтычны код, які дазваляе бялкам пазнаць чалавечую пратэазу, і замянілі яго на код пратэазы віруса гепатыту С. Падчас экспэрымэнту бялок пазнаў інфікаванасьць клеткі і зьнішчыў яе, ўключыўшы мэханізм самазабойства! Доктар Рычардсан назваў гэты мэтад “вэктарам самазабойства” і “шыкоўнай антывіруснай бомбай”.

Апісаны экспэрымэнт быў праведзены на лябараторных мышах. Тыя зь іх, што мелі сярэдні або малы ўзровень інфікаванасьці, вылечыліся цалкам. У цяжкіх выпадках, новы мэтад дазволіў скараціць колькасьць віруса ў аргнізме жывёлы ў 1000 разоў. За чатыры тыдні, што прайшлі пасьля заканчэньня экспэрымэнту, вірус у мышэй так і не зьявіўся.

“Гэта неверагодна новы падыход!” – заявіў у сувязі з паведамленьнем канадыйскіх мэдыкаў выканаўчы дырэктар Брытанскага Фонду печані і дарадца брытанскага ўраду ў пытаньнях барацьбы з гепатытам С Найджэл Хугес. Ён выказаў і некаторыя засьцярогі. Напрыклад, – сказаў Хугес – калі мы будзем мець масыўны каскад паміраючых клетак у печані чалавека, дык які будзе адказ арганізму? Ці не спрычынім мы яшчэ большую шкоду?

У адказ на гэтыя сумненьні адзін з аўтараў новага мэтаду доктар Крыстафэр Рычардсан сказаў, што канчатковае вырашэньне яшчэ наперадзе. Гэта мэтад будучага, – сказаў ён, – і мы не выступаем за неадкладнае выпрабаваньне яго на людзях.

Замест гэтага Рычардсан прапанаваў прамежкавы варыянт – а менавіта выкарыстаньне новага мэтаду па-за чалавечым целам. Можна, – сказаў ён, – выдаліць у пацыента з цяжкай формай гепатыту С адносна здаровую частку печані, пралячыць яе пры дапамозе новага мэтаду геннай тэрапіі, у выніку чаго загінуць усе хворыя клеткі і застануцца здаровыя, а пасьля трансплянтаваць іх назад пацыенту, каб яны разрасьліся і аднавілі страчаныя функцыі печані – аднаго з самых важных органаў чалавека.

***

У эфіры Радыё Свабода. Вы слухаеце перадачу “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. А зараз – традыцыйныя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge як жыць доўга і захаваць да старсьці добрае здароўе.

1. RealAge яшчэ і яшчэ раз засьцерагае – ня грэбуйце кальцыем, калі вы хочаце схуднець. Адэкватнае спажываньне кальцыю дапамагае страціць вагу або не дазволіць набраць лішнія кіляграмы. Аб гэтым сьведчаць найноўшыя дасьледаваньні. Калі вы мужчына, старайцеся спажываць ня менш за 1000 міліграмаў кальцыю ў дзень, калі жанчына – ня менш за 1200. Вельмі добрыя крыніцы кальцыю – малочныя прадукты з паніжаным утрыманьне тлушчаў, напрыклад, малако, сыр і ёгурты. Можна браць кальцый і ў выглядзе харчовых дадаткаў. У гэтым выпадку выбірайце тыя зь іх, у складзе якіх ёсьць і вітамін D. Атрыманьне зь ежай 400 адзінак вітаміну D і 1200 міліграмаў кальцыю ў дзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост амаль на паўтара года маладзейшым.

2. Хадзьба на сярэднія дыстанцыі можа гэтак сама палепшыць вашае здароўе, які і бег трушком на такія ж адлегласьці. Падчас аднаго нядаўняга экспэрымэнту ў тоўстых людзей, якія праходзілі каля 20 кілямэтраў у тыдзень ажыўленай хадой, узровень халестэролу зьнізіўся настолькі ж, наколькі ён зьнізіўся і ў тых, хто прабягаў такую ж адлегласьць. Мэдыкі таксама сьведчаць, што дадатковыя кілямэтры могуць выклікаць яшчэ больш драматычнае падзеньне ўзроўню халестэролу. Таму не забывайцеся, што рэгулярныя фізычныя практыкаваньні могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG