Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЗІРАЛЬНІКІ НА ВЫБАРЧЫХ УЧАСТКАХ МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ФІКСУЮЦЬ ПАРУШЭНЬНІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

На ўчастку ў вёсцы Княжыцы Шклоўскага раёну шмат людзей прагаласавала датэрмінова. Назіральнікі паведамілі, што сябры камісіі тэлефанавалі людзям і вазілі выбарцаў на сваім аўтамабілі.

Тым ня менш, і сёньня на гэтым выбарчым участку было шматлюдна. На мандат дэпутата раённага савету прэтэндуюць тры чалавекі: канкурэнцыю намесьніку старшыні Шклоўскага райвыканкаму склалі сябар Партыі БНФ і беспартыйная жыхарка вёскі. Партыйца паабяцалі тры дні таму звольніць, а на працы ў жанчыны зрабілі тэрміновую рэвізію, калі тая не паддалася на ўгаворы зьняць сваю кандыдатуру.

Давераныя асобы альтэрнатыўных кандыдатаў скардзіліся, што некаторыя сябры камісіі падчас датэрміновага галасаваньня ўказвалі людзям, за каго галасаваць. З гэтым разьбіралася раённая выбарчая камісія.

Сёньня адзін з назіральнікаў Мікалай Крупенька распавёў пра парушэньні з выязным галасаваньнем. Сябры камісіі зьяжджаюць са скрыняй і не бяруць з сабой давераных асобаў кандыдатаў на той выснове, што гэта аўтамабіль камісіі. Давялося даганяць машыну і тлумачыць выбарчае заканадаўства.

(Крупенька: ) “Пакуль мяне няма, яны схапілі іншую скрыню і паехалі ў вёску Аўгустоў. Таксама дагнаў іх на машыне наш прадстаўнік. Я ім растлумачыў, што давераных асобаў ад любога кандыдата яны абавязаныя браць з сабой. Скрыня не павінна зьнікаць з майго зроку”.

У суседняй вёсцы Лакуці выбарцы сёньня з раніцы не сьпяшаліся галасаваць, і ў краме разважалі пра жыцьцё і выбары.

(Спадар: ) “Як усё было, так і застанецца. Пра сялянаў забыліся. Разумееце, за такія грошы ў калгасе працаваць і галасаваць? — несур’ёзна”.

(Спадарыня: ) “5 тысяч на фэрме рабочыя атрымліваюць — ці гэта жыцьцё? Дык за што галасаваць? Што стала лепей з выбараў тых?”

У першы раз за ўсю зіму ў Лакуцях да выбараў расчысьцілі дарогу, аднак гэтая навіна не выклікала ў жыхароў станоўчых эмоцыяў.

(Спадар: ) “Спадары, як іх трэба абраць, так яны і прачысьцілі, каб ім было. А як іх толькі выбралі, яны пра вёску і забыліся. Яны будуць сядзець, грошы атрымліваць, а мы як у брудзе былі, так і засталіся. Правільна? Вось і ўсё!”

У вёсцы Бярозаўка Глускага раёну, дзе ідзе вострая барацьба за мандаты сярод чатырох кандыдатаў, на ўчастак раніцай не пусьцілі назіральнікаў ад выбарчага клюбу і Беларускага Гельсынскага камітэту на той падставе, што гэтых арганізацыяў няма ў сьпісе, які даслала вобласьць.

Пасьля тэлефанаваньня ў Цэнтарвыбаркам назіральнікаў на ўчастак дапусьцілі, аднак старшыня камісіі паведаміў, што месца ў памяшканьні для галасаваньня няма, а таму прадстаўнікам дэмакратычных арганізацыяў было прапанавана назіраць за працэсам з-за дзьвярэй.

На адным з участкаў Цэнтральнага раёну Магілёва, дзе канкуруюць кіраўнік раённай вэртыкалі і рэдактар недзяржаўнага выданьня, паводле словаў назіральнікаў, была раніцай адкрытая скрыня для датэрміновага галасаваньня.

На іншым участку, паводле паведамленьня назіральніка ад Беларускага Гельсынскага камітэту, у сьпісы для галасаваньня ня ўнесеная трэцяя частка выбарцаў, а старшыня камісіі адмаўляецца прымаць скаргі й даваць інфармацыю.
XS
SM
MD
LG