Незалежныя кандыдаты з гораду Барань – спадарожніка Воршы – падалі заяўку на правядзеньне адмысловае сустрэчы зь сябрамі выбарчае камісіі. Пра меркаваныя мэты гэтай сустрэчы распавядае кандыдат у дэпутаты Аршанскага гарсавету Юры Нагорны:
(Нагорны: ) “Мы хацелі сустрэцца. Каб абмеркаваць тыя пытаньні, што не прапісаны ў выбарчым законадаўстве. Скажам, ці будзе старшыня камісіі браць у сяброў зьвесткі шэптам, або ўголас, каб чуў назіральнік… За колькі мэтраў ад стала мусіць сядзець назіральнік, бо бывае, што старшыня камісіі кажа: “Вы мусіце знаходзіцца за 5 ці 6 мэтраў, і бліжэй не падыходзьце”… Да прыкладу, колькі выбарцаў на ўчастку й колькі ўжо прагаласавала – такія зьвесткі старшыні звычайна ня кажуць, нібыта нейкая гэта дзяржаўная таямніца…
Вось усё гэта мы хацелі абмеркаваць, каб заўтра не было якіх непаразуменьняў. Аднак у такой сустрэчы нам адмовілі”.
У адмове старшыні Бараньскага гарвыканкаму сказана, што падобныя сустрэчы могуць быць ініцыяваныя толькі з боку саміх выбарчых камісіяў, а больш ніхто падобнага права ня мае.