Удзельнікі: намесьніца старшыні Партыі БНФ Галіна Сямдзянава і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч
(Валер Карбалевіч: ) “30 студзеня завершылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Поўнай карціны на сёньняшні дзень мы пакуль яшчэ ня маем. Але тэндэнцыі выбарчай кампаніі больш-менш выявіліся. Ужо відавочна, што вельмі шмат апазыцыйных кандыдатаў не зарэгістравана. Ёсьць значныя адрозьненьні па рэгіёнах. Ці было нешта нечаканае падчас гэтага этапу выбарчай кампаніі? Ці такія вынікі выбарчай кампаніі менавіта і прагназаваліся?”
(Галіна Сямдзянава: ) “Рэгістрацыя праходзіць так, як мы і прагназавалі. У рэгіёнах, дзе няма нашага электарату, як, напрыклад, Гомельская вобласьць, усе кандыдаты зарэгістраваныя. У тых месцах, дзе ёсьць наш электарат, напрыклад, Гарадзеншчына, Берасьцейшчына, Менск, адбываюцца цуды. Там нашы кандыдаты не рэгіструюцца, у іх знаходзяць такія памылкі, якія немагчыма было прадугледзець. Так, на Гарадзеншчыне было падключанае ўпраўленьне юстыцыі, каб даказаць, што Партыя БНФ у рэгіёне не існуе. Таму для нас ніякіх нечаканасьцяў няма”.
(Мікола Статкевіч: ) “Сытуацыя з кандыдатамі ў дэпутаты ад нашай партыі розная ў залежнасьці ад рэгіёнаў.Напрыклад, у Віцебскай вобласьці 10% нашых кандыдатаў не зарэгістраваныя, у Берасьцейскай вобласьці — 20%, у Менску — 20%.
Самая вялікая колькасьць нерэгістрацыі — па Менскай вобласьці. Але гэта зьвязана з тым, што 11 нашых кандыдатаў ішлі на выбары, ведаючы, што іх не зарэгіструюць. Таму што 16 сьнежня Цэнтарвыбаркам сваёй пастановай адмяніў Выбарчы кодэкс. 4 ліпеня 2000 году Палата прадстаўнікоў унесла зьмены ў Выбарчы кодэкс. Там быў спрошчаны парадак вылучэньня ад райкамаў партыяў. Але Цэнтарвыбаркам адмяніў гэты парадак. У выніку мы губляем недзе каля 70 кандыдатаў. Але 10–11 сябрам нашай партыі мы прапанавалі ўсё роўна вылучацца, каб дайсьці да суду і паказаць абсурднасьць гэтай сытуацыі.
Усяго рознымі формамі альбо іх спалучэньнем БСДП “Народная грамада” вылучыла 173 кандыдаты. Зь іх 45 — у абласныя саветы, у тым ліку ў Менскі гарадзкі савет — 11. 15 кандыдатаў вылучаныя ў сельскія і пасялковыя саветы. Мы мяркуем, што нерэгістрацыя будзе на ўзроўні 30 кандыдатаў. Да нашых кандыдатаў амаль няма прэтэнзіяў па зборы подпісаў.
Падчас мясцовых выбараў 1999 году з 76 вылучаных нашай партыяй кандыдатаў было зарэгістравана ўсяго шэсьць. А падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў было зарэгістравана 30% нашых кандыдатаў, якія паказалі сваю партыйнасьць, і 70% з тых, якія не паказалі яе. На паўторных выбарах у 2001 годзе ў нас была ўжо стопрацэнтная рэгістрацыя.
Зараз мы навучыліся блякаваць усе правакацыі па зборы подпісаў. У тым ліку нават улічваецца пры здачы подпісаў узрост выбарцаў, якія падпісаліся. Напрыклад, мы не здаем подпісы людзей сталага веку, бо на іх лёгка аказаць уціск, узяць заяву, што яны ня ставілі дату сваёй рукою.
Праблемы ўзьніклі ў сувязі з тым, што мы праходзім упершыню, а менавіта вылучэньне ад партыйных структураў. Як я ўжо казаў, Цэнтарвыбаркам адмяніў закон, а мы да гэтага не былі гатовыя.
Што тычыцца дэклярацыяў аб даходах. Кіраўніку нашай гарадзкой арганізацыі Міхасю Ганчарыку прыпісалі “Масквіч” у ДАІ. Гэта не адзіная сытуацыя, выбарчыя камісіі тут працуюць вельмі груба і яўна, каб зьняць нашых кандыдатаў. Але мы спадзяемся, што нам удасца частку нашых незарэгістраваных кандыдатаў адсудзіць. Мы разьлічвалі прыкладна на 30% нерэгістрацыі. Зараз гэтая лічба дасягае 20%. Так што сытуацыя чаканая”.
(Карбалевіч: ) “Ці зьмянілася тактыка ўладаў у дачыненьні да апазыцыйных кандыдатаў? Ці стала яна больш гнуткая? Ці ёсьць тут новыя тэндэнцыі? Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2000 годзе на этапе рэгістрацыі не прапусьцілі амаль усіх сур’ёзных дэмакратычных кандыдатаў, якія пайшлі на выбары і не падтрымалі байкот. А зараз сытуацыя трохі іншая. Ці згодныя вы з такой высноваю?”
(Сямдзянава: ) “Мы ўлічылі, што выбарчыя камісіі могуць прымяніць тактыку нерэгістрацыі на той падставе, што незарэгістраваныя першасныя партыйныя стуктуры. Таму мы проста не вылучалі сваіх людзей у тых месцах.
Акрамя таго, мы добра навучыліся зьбіраць подпісы падчас мінулых кампаніяў, у прыватнасьці, прэзыдэнцкай кампаніі. Таму ў нашай партыі таксама амаль няма кандыдатаў, якіх зьнялі бы з-за памылак пры зборы подпісаў. Зьявіліся іншыя формы ўціску. Нашых людзей яшчэ на этапе вылучэньня выклікалі на працы да начальнікаў, пагражалі звальненьнем. Тое ж самае адбывалася і пасьля вылучэньня кандыдатаў. І некаторыя людзі вымушаныя былі здымаць свае кандыдатуры.
У Менску ўлады выкінулі ўсіх нашых кандыдатаў, якія мелі шанцы на посьпех. Пакінулі толькі маладых людзей, якія ідуць упершыню, і ў якіх невялікая пэрспэктыва перамагчы. Тое ж самае адбываецца ў Менскай і Віцебскай абласьцях”.
(Статкевіч: ) “На мой погляд, устаноўкі зьверху аб нерэгістрацыі няма. Тое, што адбываецца зь нерэгістрацыяў апазыцыйных кандыдатаў, зьвязана зь дзьвюма акалічнасьцямі: альбо з памылкамі апазыцыі, альбо зь дзейнасьцю мясцовых уладаў, якія імкнуцца расчысьціць дарогу для сваіх кандыдатаў.
Я думаю, што на гэтых выбарах улада гуляе ў зьнешнепалітычную гульню. Яна хоча даць як мага менш доказаў недэмакратычнасьці гэтых выбараў для міжнароднай супольнасьці. І на гэтым этапе ёй не патрэбна праводзіць нейкі тэрор. Улада ўпэўненая, што здолее кіраваць вынікам галасаваньня, падлікам галасоў, бо выбарчыя камісіі ў яе руках. І ўсе сюрпрызы падрыхтаваныя на этап падліку галасоў. А нерэгістрацыя — гэта занадта яўна. Мы праверым гэтую тэзу і абскардзім большасьць выпадкаў нерэгістрацыі нашых кандыдатаў спачатку ў абласных выбарчых камісіях, а потым у судзе”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна сказаць, што ўлады вытрымліваюць сваю стратэгію: каб і міжнароднае прызнаньне маглі атрымаць гэтыя выбары, і каб апазыцыю не дапусьціць у саветы.
А наколькі гатовая апазыцыя да змаганьня ў неспрыяльных палітычных умовах? Загадзя было вядома, што кандыдатаў ад апазыцыйных партыяў будуць прасьвечваць як на рэнтгене. І любыя іх памылкі, недакладнасьці будуць выкарыстаныя супраць іх. Ці ёсьць нейкія сродкі супрацьдзеяньня такой тактыцы ўладаў?”
(Сямдзянава: ) “Я б не пагадзілася з тым, што цэнтральная ўлада не аказвае ціску на працэс нерэгістрацыі кандыдатаў ад апазыцыі. Нашы прадстаўнікі не былі ўключаныя ў тэрытарыяльныя, участковыя камісіі. Зараз нашыя кандыдаты не рэгіструюцца. Потым іх будуць здымаць падчас агітацыйнай кампаніі. І на заканчэньне будуць рабіць фальсыфікацыі падчас падліку галасоў. Барацьбу супраць апазыцыі вядуць паэтапна, бо будзе вельмі відавочна, калі “вырубіць” усіх адным махам.
Ёсьць вельмі цікавыя зьвесткі аб тым, што нехта здаў у букіністычную краму кніжку, і прыбытак ад яе не занёс у дэклярацыю. Гэта сьмешна, але гэта факт. І на гэтай падставе чалавека здымаюць з рэгістрацыі. Прабачце, але такое ў нармальную галаву нават прыйсьці ня можа. Таму, канечне, ёсьць прыклады непадрыхтаванасьці асобных кандыдатаў, але да такога падрыхтавацца проста немагчыма”.
(Статкевіч: ) “Тут адказ адзін: трэба быць падрыхтаванымі, навучанымі. У нашай партыі быў вопыт удзелу ў выбарах у 2000 годзе. Тады нашых кандыдатаў не рэгістравалі за тое, што ў дэклярацыі не была ўказаная сума, роўная кошту пляшкі піва. Таму мы ўжо навучаныя. Ёсьць пэўныя мэханізмы і тэхналёгіі, як ад гэтага адбівацца”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, этап рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты выявіў, што стратэгія ўладаў не зьмянілася. Яны не зьбіраюцца праводзіць свабодныя і дэмакратычныя выбары. Але тактыка беларускіх уладаў стала больш гнуткай і дыфэрэнцыяванай. І выцісканьне дэмакратычных кандыдатаў будзе адбывацца на некалькіх этапах, па кроку. І менавіта гэта выявіў прамінулы этап выбарчай кампаніі”.