Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ КХП БНФ АДНАВІЛІ ЗЬНІШЧАНЫЯ КРЫЖЫ Ў КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

Уздоўж курапацкага лесу з боку поля ляжаць адзінаццаць паваленых крыжоў. Разам з актывістам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімерам Юхо я абыходжу лясны масіў, і з боку вёскі Цны мы заўважаем яшчэ шэсьць выкарчаваных і расьпілаваных на часткі крыжоў. Гэтыя акты вандалізму былі ўчыненыя напачатку мінулага тыдню. Уладзімер Юхо кажа, што хутчэй за ўсё крыжы былі расьпілаваныя аўтаматычнай пілой.

(Юхо: ) “Вандалізм нейкі накіраваны. Парэзаць і да таго ж аўтаматычнай пілой… Ужо аднавіць іх нават нельга. Парэзаныя ў некалькіх месцах. Проста дзікунства. Мяне гэта вельмі ўзрушыла, бо ўсю зіму прыходзілі, было ўсё нармальна. А толькі пацяплела, і зьявіліся ўжо ў Курапатах людзі, якія гэтак ставяцца да гэтага месца”.

Уладзімер Юхо лічыць, што гэтыя акты вандалізму магчыма было б прадухіліць.

(Юхо: ) “Улады не зьвяртаюць аніякай увагі на тыя ўчынкі, што робяцца тут. Дастаткова было б, каб хоць раз на дзень сюды заходзіла міліцыя, тады б так да гэтага месца не ставіліся б. Сёньня мы паставім на месца крыжы, тыя што цэлыя. І 17 красавіка будзе талака. Як і летась, будзем ладзіць талокі па суботах, будзем аднаўляць разбуранае. Пачысьцім, прывядзем у парадак усе Курапаты, як раз перад Радаўніцай”.

Тым часам актывісты КХП БНФ пачынаюць ставіць на месца выкарчаваныя крыжы. Гаворыць Генадзь Пляшко.

(Пляшко: ) “Усталёўваем крыжы, якія былі вывернутыя кімсьці. Я думаю, што гэта ўнукі кэгэбэшнікаў, энкавэдэшнікаў, нашчаднікаў камуністычных. Гэта іхная работа”.

Думку Генадзя Пляшко працягвае Георгі Туміловіч.

(Туміловіч: ) “Гэта патрэбна сёньняшнім уладам Беларусі. Паводле іхных указаньняў усё гэта робіцца. Знайшлі сябе халуёў, якія выконваюць гэта за грошы”.

Гэта было меркаваньне Георгія Туміловіча.

Як і летась увесну пляцоўка ля крыжа “Пакутнікам Беларусі” уся забалочаная. З вадасьцёкавай трубы ў бок галоўнага курапацкага крыжа няспынна цячэ вада. Гэта ўсё наступствы будаўніцтва менскай кальцавой дарогі. Таксама з прычыны брудных сьцёкаў з дарогі многія курапацкія сосны засыхаюць, а некаторыя дрэвы ўжо высяклі рабочыя ждановіцкага лясьніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG