Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах будаўнікі выкапалі вялікую траншэю пад калектар блізу Крыжа Пакуты


Ганна Соусь, Менск

Сёньня раніцай актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ засыпалі пяском вялікую траншэю, якую ўчора ўвечары будаўнікі праклалі зусім блізка ад Крыжа Пакуты. Намесьнік старшыні партыі Сяргей Папкоў распавядае Радыё Свабода пра падзеі ўчорашняга вечара:

(Папкоў: ) “А 17-й гадзіне мы прыехалі, ужо тэхніка тут працавала. Бульдозэр ужо падвозіў жвір. Экскаватар навозіў пясок. Прыйшлося рашуча спыніць гэта. Проста сталі людзі перад тэхнікай і спынілі працы. А вось сёньня мы вяртаем усё на сваё месца — закопваем траншэю. Ужо зараз відавочна, што робіцца. Па гэтай траншэі робіцца аснова, далей кладуць трубу 45 мэтраў і якраз робяць зьліў з 5–кілямэтровай адлегласьці, і ўвесь лівун і сьцёкавыя воды запускаюць пад крыжы й пад ямы-магілы. Робяць у Курапатах балота”.

Сяргей Папкоў заклікае ўсіх, каму не абыякавы лёс нацыянальнага нэкропалю, прыходзіць і разам зь імі бараніць Курапаты ад зьнішчэньня.

Сёньня ж ва ўрочышча прыехаў і галоўны інжынэр праекту Мікалай Крачэтнікаў. Высьветлілася, што будаўнікі, капаючы траншэю, парушылі праект. Калектар павінен быць разьмешчаны за 22 мэтры ад Крыжа Пакуты, а траншэя прайшла ўсяго за 5–6 мэтраў ад яго. Да таго ж, як зазначыла прадстаўніца Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Аксана Сматрэнка, дазволу на пракладку калектару праз урочышча Дэпартамэнт не даваў.

(Карэспандэнтка: ) “Гэтыя працы з вамі ўзгодненыя?”

(Сматрэнка: ) “Не. Пісьмовай згоды на ўладкаваньне тэрыторыі ўрочышча мы не давалі. Мы давалі згоду толькі на ўладкаваньне дарогі”.

А навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная мяркуе, што трэба пракладваць водны калектар у абыход мэмарыялу.

(Кляшторная: ) “Усе рашэньні, якія прымаюцца, толькі з пазыцыі пракладкі дарогі й абароны яе ад усяго. Зараз мы прайшлі паглядзелі, як укладваецца вадаправод. “Што вы хочаце? Столькі атмасфэр... Калі лопне калектар, ён размые адкос”. А мяне іхны адкос не цікавіць. Таму як размые найперш магілы. А яго праклалі блізка да магілаў.

Калі мы толькі пачалі гэтую праблему абмяркоўваць, хуценька трубу пачалі класьці. Цяпер мы стаім перад фактам. Няхай будзе так, як дарога нарабіла. Але рашэньне нават тут можна знайсьці — адвесьці гэтую трубу за межы Курапатаў. Хай гэта будзе 700–800 мэтраў, але гэта трэба зрабіць дзеля абароны Курапатаў”.

Але галоўны інжынэр праекту Мікалай Крачэтнікаў мяркуе, што правесьці калектар ў абыход Курапатаў будзе надта дорага.

(Крачэтнікаў: ) “Вы настойваеце, каб нічога тут не рабіць. Дык я згодны. Толькі аформіце гэтае пратаколам, афіцыйным лістом праз Дэпартамэнт, што ніякіх працаў тут не рабіць, ніякіх трубаў ня класьці, ніякіх падсыпак не рабіць. І мы тут жа здымаемся адсюль і сыходзім. Нас прасілі зрабіць мінімум работ па мэмарыялізацыі гэтага месца. Бараніце. Будзеце тут увосень і ўвесну стаяць у брудзе”.

Сёньня ж Курапаты наведаў начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Менскага раёну спадар Зіневіч. Паводле яго, супраць людзей, якія спынілі тэхніку, могуць быць прынятыя адпаведныя меры.

(Зіневіч: ) “Паступіла паведамленьне, што не даюць будаўнікам працаваць, б’юць тэхніку, кідаюць камяні. За гэта будзем прыцягваць да адказнасьці. Гэта хуліганства, зьнішчэньне й пашкоджаньне маёмасьці”.

Але ж, паводле Ўладзімера Юхо, які ўчора браў удзел у спыненьні тэхнікі, усё адбывалася мірна, ніхто каменьняў у рукі ня браў.

І яшчэ адна дэталь. Вось якім чынам рэагавалі на ўсе гэтыя падзеі будаўнікі з Магілёва, якія ўчора капалі траншэю блізу Крыжа Пакуты:

(Будаўнік: ) “На ўсё жыцьцё запомніцца гэтая праца такая. Кажуць, што адмыслова сюды прыслалі прэзыдэнцкіх стаўленікаў, халуёў з Магілёва, у самае пекла сунулі...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG