Самазвалы звозяць друз на дарогу. Абаронцы Курапатаў мяркуюць, што з прыходам вясны будаўніцтва кальцавой дарогі пойдзе больш шпаркімі тэмпамі.
Сёньня ва ўрочышчы лесьнікі Ждановіцкага лясьніцтва працягвалі высякаць сухія дрэвы. Актывіст Алесь Гетман з задавальненьнем кажа, што цяпер дроваў хопіць надоўга.
(Гетман: ) "Акрамя гэтага, мы дамовіліся зь лесьнікамі, што сырыя дрэвы пойдуць на крыжы. Дапамога нам таксама патрэбная, таму што гэтыя дрэвы трэба пераносіць з другога боку лесу. Учора да нас двойчы завітвалі міліцыянты, мы іх павіншавалі з Днём міліцыі. Дачыненьні зь міліцыяй цяпер больш-менш нармальныя — яны ставяцца да нас з павагай”.
Што да адносінаў з будаўнікамі, то, паводле Сяржука Мацкойця, іх можна назваць стабільна-спакойнымі:
(Мацкойць: ) "Яны да нас прыходзяць і параіцца, і проста паразмаўляць. Працы ў іх актывізаваліся зараз, але ж пакуль зь імі вялікіх праблем не было.
Надоечы адбыўся паказальны выпадак — прыходзіў прадстаўнік расейскай праваслаўнай царквы, якая будуе на гары побач з урочышчам каплічку. Ён зьвярнуўся да нас з просьбай, каб мы дазволілі правесьці кабэль з электрычнасьцю й тэлефоннай сувязьзю ў абыход ляснога масіву. Ён паабяцаў, што й да нас правядуць электрычнасьць і тэлефон".
(Карэспандэнтка: ) "Сюды ў намёт?"
(Мацкойць: ) "Так, у намёт".
(Карэспандэнтка: ) "І як хутка гэта адбудзецца?"
(Мацкойць: ) "Ня вельмі хутка, але й ня вельмі марудна, бо яны таксама вельмі зацікаўленыя ў працягу будоўлі".
Паводле Сяржука Мацкойця, валанцёры зьбіраюцца пакінуць урочышча на пачатку восені, калі скончыцца будаўніцтва дарогі й пачнецца мэмарыялізацыя ўрочышча Курапаты.
А пакуль працягваецца добраўпарадкаваньне намёту — сёньня ў ім зьявілася новая канапа, якую прывез для валанцёраў старшыня гарадзской рады партыі БНФ Вадзім Кішкурна.
Але ж надыходзіць час абеду, й дабраахвотніца Каця пачынае абіраць бульбу.
(Карэспандэнтка: ) "Што вы сёньня будзеце гатаваць?"
(Каця: ) "Гэта не да мяне. Гетман, што мы сёньня будзем гатаваць?”
(Гетман: ) "Капусту".
(Каця: ) "Капусту”.
(Карэспандэнтка: ) "А Вы толькі дапамагаеце? Бульбу абабраць ды іншае..."
(Каця: ) "Проста захацела дапамагчы".
(Карэспандэнтка: ) "А якія звычайна ў дзяўчат тут абавязкі?"
(Каця: ) "Посуд памыць, бульбу абабраць, прыбрацца..."
(Карэспандэнтка: ) "А што найбольш складана для дзяўчыны ў лягеры?"
(Каця: ) "Калі тут сядзіш, усё павінна быць добра, і нічога ня можа быць складаным..."
На ложку валанцёраў ляжыць гітара. Некаторыя абаронцы Курапатаў, у тым ліку й Каця, часта вечарамі сьпяваюць пад яе. Многім тут вельмі падабаецца песьня "Kein Russland", якую напісаў адзін з актывістаў Зьміцер Захарэвіч. І вось сёньня ў часе нашай гутаркі валанцёр Алег узяў у рукі й пачаў граць...