Вайна ў Іраку цяпер знаходзiцца ў цэнтры ўвагi большасьцi мэдыяў ва ўсiм сьвеце. Асноўнай тэмай яна стала i для многiх iнтэрнэт-выданьняў. У беларускiм Сецiве вельмi пiльна ход вайны адсочвае сайт naviny.by. Яшчэ да пачатку ваенных дзеяньняў на сайце зьявiлася адмысловая рубрыка, прысьвечаная iрацкаму канфлiкту. Гаворыць адзiн з рэдактараў выданьня Кiрыла Пазьняк.
(Пазьняк: ) “Натуральна, што мы не маглі абмінуць гэтую падзею ўсясьветнага маштабу. Таму мы вырашылі аддаць пад гэта цэлую рубрыку. Асноўныя матэрыялы там будуць хранікальнага, падзейнага кшталту. Іх там будзе досыць багата – натуральна, шмат будзе залежаць ад таго, як будуць разьвівацца падзеі, наколькі інтэнсіўна будуць ісьці ваенныя дзеяньні, але гэта ўжо не ад нас залежыць.
Будуць там і свае матэрыялы аналітычнага характару. Яны напачатку, хутчэй за ўсё, будуць зьяўляцца ў нашых асноўных рубрыках –“Тэма”, “Палітыка”, а потым ужо будуць дублявацца ў гэтай рубрыцы “Ірак”.
Зьяўленьне сваіх матэрыялаў на гэтую тэму абумоўленае тым, што тут ёсьць і наш, беларускі, інтарэс. Ён зьвязаны з пазыцыяй беларускага кіраўніцтва па ірацкай праблеме. Таму, натуральна, будзе і аналітыка”.
Паколькi naviny.by ня маюць свайго карэспандэнта ў раёне Пэрсыдзкай затокi цi перакладчыкаў з ангельскай, а тым болей з арабскай, то iнфармацыйная падборка абмяжоўваецца расейскамоўнымi крынiцамi.
Кiрыла Пазьняк патлумачыў, што ў аналiтычных матэрыялах будзе найперш адсочвацца ўплыў вайны ў Іраку на сытуацыю ў Беларусi. Рэч у тым, што беларускае кiраўнiцтва ня проста крытыкавала амэрыканскiя дзеяньнi супраць Іраку, але й актыўна кантактавала зь iрацкiм кiраўнiцтвам i выказвала яму падтрымку. “Афiцыйны Менск ужо прайграў iрацкую вайну”, – пiша галоўны рэдактар сайту naviny.by Аляксандар Класкоўскi. Паводле спадара Класкоўскага, незразумелыя частыя кантакты беларускiх уладаў зь iрацкiмi напярэдаднi вайны яшчэ адгукнуцца для Беларусi мiжнароднымi непрыемнасьцямi.
У iншых матэрыялах рубрыкi таксама аналiзуюцца магчымыя уплывы вайны ў Іраку на эканомiку Беларусi.
Тэму вайны не абмiнуў i зусiм новы сайт, якi зьявiўся 16 сакавiка – афiцыйны партал Беларускай праваслаўнай царквы. Ён месьцiцца на адрасе www.church.by. На сайце былi выстаўленыя крытычныя камэнтары найвышэйшых гiерархаў праваслаўных цэркваў датычна тады яшчэ патэнцыйных ваенных дзеяньняў.
Партал Беларускай праваслаўнай царквы мае шмат рубрыкаў – на яго ўжо выстаўлена мноства матэрыялаў з царкоўнай гiсторыi, мастацтва, багаслоўя. На сайце таксама разьмешчаныя дакумэнты БПЦ, iнфармацыя пра яе кiраўнiцтва, епархii ды падзеi царкоўнага жыцьця.
Сайт амаль цалкам расейскамоўны за выняткам рубрыкi “Праваслаўе на Белай Русi”. Там выстаўленая кнiга былога япiскапа Вiцебскага ды Полацкага Афанасiя Мартаса “Беларусь у гiстарычным, дзяржаўным i царкоўным жыцьцi”. Гэтая кнiга выдавалася ў Буэнас-Айрэсе ў 1966 годзе, а потым перавыдавалася ў Беларусi ў 1990 i 2000 гадох.
Зусiм нядаўна зьявiўся яшчэ адзiн новы беларускi лiтаратурны сайт. Маладэчанскі краязнаўча-літаратурны альманах “Віленскі куфэрак” займеў сваю вэб-вэрсію – http://kuferak.iatp.by. Стварэньню сайту спрыяла фундацыя IREX. Апошні – сёмы – нумар альманаху, якi якраз i выстаўлены ў Інтэрнэт, прысьвечаны постаці беларускай культурнай i грамадзкай дзяячкi Зоські Верас. Пра сайт распавядае вэб-рэдактар “Віленскага куфэрку” Алесь Капуцкі:
(Капуцкі: ) “Сайт, ён дароблены, але ён ня ў поўным аб’ёме. Там пакуль што адзін апошні нумар. Але плянуецца запоўніць цалкам архіў з шасьці папярэдніх нумароў. І будзе да канца запоўненая галерэя: мастацкія творы, якія зьмяшчаюцца ў часопісе, нашых мясцовых мастакоў”.
Больш аддаленая пэрспэктыва – зьмяшчэньне бібліятэчкі “Віленскага куфэрку”.
(Капуцкі: ) “Апошняя кінжка – гэта “палянэз Агінскага” Н.Гілевіча, выходзілі кніжкі В.Шніпа і Л.Рублеўскай, кніжка А.Камінскага “Крэўскае мора”… Ужо нямала кніжак выйшла”.
Яшчэ Алесь Капуцкі кажа пра жаданьне ўдаскналіць дызайн вэб-старонкі “Віленскага куфэрку”.
(Капуцкі: ) “Зразумела, што чым далей будзе ісьці час, тым больш ідэй будзе прыходзіць у нашыя галовы. І зразумела, што на гэтым мы ня спынемся. Штосьці будзе ўдасканальвацца, штосьці новае зьявіцца. Будзе разьвівацца сайт”.
У стваральнікаў сайту часопісу “Віленскі куфэрак” ёсьць задумкі паэкспэрымэнтаваць з магчымасьцямі Інтэрнэту, скарыстаўшы досьвед ужо існых літаратурных сайтаў “Беларуская палічка” і “Літара”.
* * *
Выкарыстаньне Інтэрнэту ў адукацыi ў сьвеце даўно ўжо ня рэдкасьць. Многiя вышэйшыя навучальныя ўстановы маюць свае сайты, якiя дапамагаюць у навучальным працэсе. У Беларусi, аднак, такiя сайты пакуль рэдкасьць. Тым болей нечакана, калi такiя сайты маюць сярэднiя школы. Аднак калi на беларускiм каталогу poisk.com зайсьцi ў разьдзел навучальныя ўстановы, то можна ўбачыць, што некаторыя беларускiя школы ўжо маюць свае старонкi ў Інтэрнэце.
Зьмест такiх старонак розны – ад простага набору фатаздымкаў, зьвязаных са школьным жыцьцём, да вялiкага аб’ёму разнастайнай iнфармацыi. Бадай? найбольш насычаны сайт мае салiгорская школа №4. Гаворыць рэдактар сайту, вучань 11-й клясы Аляксей Цюрын.
(Цюрын: ) “Першая ідэя прыйшла ў галаву мне, бо я вельмі любіў займацца html, рабіў іншыя сайты, у тым ліку сайт пра горад Салігорск. Я палічыў, што нашай школе таксама патрэбны сайт – сайт , дзе любы чалавек мог бы знайсьці інфармацыю, усё што яму патрэбна ведаць пра нашую школу: фатаграфіі, канстытуцыю, гісторыю, расклад заняткаў”.
На сайце сярэдняй школы №4 Салiгорску можна прачытаць ня толькi яе канстытуцыю, якая сама па сабе рэдкасьць для беларускiх школаў. На той жа iнтэрнэт-старонцы месьцiцца мноства навучальных матэрылаў. Гаворыць Аляксей Цюрын.
(Цюрын: ) “Так як нашая школа з пыглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы, то на сайце ёсьць шмат інфармацыі, розных тэмаў па ангельскай мове. Таму многія “ходзяць” туды браць сачыненьні па ангельскай. Ёсьць людзі, якія даўно скончылі школу, і ім цікава, што зараз адбываецца, як цяпер выглядае нашая школа, якія цяпер настаўнікі ў нашай школе, што новеньнкага. Яны “ходзяць” больш на разьдзел аб гісторыі школы, на фатаздымкі нашых настаўнікаў”.
Намесьнiца дырэктара школы Сьятлана Крывальцэвiч, кажа, што сайт дапамагае лепей наладзiць навучаньне.
(Крывальцэвіч: ) “Выгода ў тым, што там больш інфармацыі. Нашыя падручнікі даюць не настолькі шмат інфармацыі, як можна браць зь Інтэрнэту. Інфармацыя, якую там можна ўзяць – звыш таго, што ёсьць у падручніках”.
Да прыкладу, у разьдзеле, прысьвечаным гiсторыi Беларусi, на сайце можна знайсьцi ўрывак з кнiгi “Дзесяць вякоў беларускай гiсторыi”. Сярод дапаможных матэрыялаў па беларускай лiтаратуры – агляд творчасьцi Васiля Быкава ў апошнiя гады, у прыватнасьцi, ягоных аповедаў "На чорных лядах", "Перад канцом" і "Жоўты пясочак".
Сьвятлана Крывальцэвiч кажа, што магчымасьць карыстацца навучальнымi матэрыяламi зь Інтэрнэту, у прыватнасьцi, з сайту школы, маюць усе вучнi.
(Крывальцэвіч: ) “Па-першае, у нас ёсьць карыстальнікі, якія маюць дома свае кампутары. Можна прыйсьці ў кабінэт да дырэктара – у нас тут стаіць кампутар. Таксама ёсьць кампутарная кляса. Калі ласка, хто ведае доступ, той прыходзіць, карыстаецца, бярэ любую інфармацыю”.
Сярод беларускiх навучальных установаў сваiм сайтам вылучаецца i Нацыянальны дзяржаўны гуманiтарны лiцэй iмя Якуба Коласа ў Менску. На гэтым сайце ў фармаце МР3 нават выстаўленыя песьнi, прысьвечаныя лiцэю.
Пра абноўлены сайт Нацыянальнага лiцэю распавядае адзiн зь яго рэдактараў Раман Цыбульскi.
(Цыбульскі: ) “Нашым сайтам займаюцца выключна навучэнцы нашага ліцэю. Калі ён ствараўся, першачаргова ўдзел у стварэньні браў наш былы выкладчык інфарматыкі. Але пасьля ён пакінуў ліцэй, і па ягоным сыходзе праца над сайтам заглохла. Сёлета мы вырашылі аднавіць наш сайт, таму што ўсё ж такі наш ліцэй – даволі значны прадстаўнік беларускамоўнай адукацыі ў нашай краіне, і ён мусіць мець добрае прадстаўніцтва ў тым ліку і ў Сеціве, для наладжваньня зьнешніх кантактаў. Працай над гэтым сайтам займаюцца чалавек пяць – мы ставім туды розныя навіны, весткі аб працы ліцэйскага самакіраваньня, з розных ліцэйскіх вечарын”.
Як вы чулi, сайт Нацыянальнага лiцэю ствараюць самi вучнi. Гэткая ж сытуацыя i з сайтам мазырскай школы №7, на якiм можна знайсьцi ня толькi гiсторыю школы цi спасылкi на навучальныя рэсурсы Інтэрнэту, але й анэкдоты пра настаўнiкаў ды вучняў. Выглядае, што менавiта на стварэньнi школьных сайтаў гадуецца новае пакаленьне беларускiх вэб-рэдактараў i дызайнэраў.