Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайт Зубра: плюралізм ідэалёгіі ўражвае – духоўнымі аўтарытэрамі для Зубра – Далай Лама і Чэ Гевара; ПаніХіда – ужо гучыць і ў Інтэрнэце.


Вольга Караткевіч, Прага

Незарэгістраваная арганізацыя Зубар займела свой сайт у Інтэрнэце. Адрэса – www.zubr-belarus.com. На сайце – інфармацыя пра актыўнасьцьў Зубра. А таксама “Песьня пра Зубра” Міколы Гусоўскага. Пра тое, як Зубар інфармуе, трэба сказаць асобна.

На сайце сабраныя паведамленьні са сродкаў масавай інфармацыі, прысьвечаныя акцыям актывістаў Зубра. На ўсе выданьні і агенцтвы зробленыя спасылкі. А вось спасылкі на Радыё Свабода адсутнічаюць. Прычым матэрыялы нашых карэспандэнтаў цалкам узятыя з сайту Беларускай Свабоды, нават ня зьмененыя арыгінальныя скарочаныя загалоўкі – head-lines. Нагадаю, што месца працы Любові Лунёвай і Валера Каліноўскага, якія зрабілі рэпартажы з ацыяў Зубра – Радыё Свабода.

Характэрным зьяўляецца выбар духоўных лідэраў беларускага Зубра – Ўладзімір Высоцкі, Маці Тэрэза, Спартак, Махадма Гандзі. На сайце зьмешачыя іх фатаздымкі. Беларускіх герояў супраціву і гістарычных пэрсанажаў не заўважана.

Яшчэ зьдзіўляе тое, што разам Зубар надумаўся спалучыць Далай Ламу, які, адмаўляючы ўсялякія забойствы, адганяе ад сябе камарыкаў, і Чэ Гевару, абсалютнага прыхільніка гвалту.

Асноўныя заклікі Зубра – змагайся, дзейнічай, чыні супраціў, і толькі пасьля – думай.


Радыё Свабода працягвае апытаньне карыстальнікаў нашай Інтэрнэт-старонкі. На мінулым тыдні мы высьвятлялі, якім матэрыялам аддаецца перавага. Лідэрам – унутрыпалітычныя падзеі, пасьля – рэлігійная тэматыка, культура і міжнародныя тэмы. Вы можаце пасьпець аддаць свой голас за цікавую для вас тэму – а яшчэ прапаноўваюцца эканоміка, мэдыцына, агляды Інтэрнэту.
Апытанка будзе на сайце да панядзелка.

Ад панядзелка мы прапаноўваем новае пытаньне – Хто з суседзяў Беларусі духоўна найбольш блізкі беларусам? Адказамі – расейцы, палякі, літоўцы, латышы, украіны. Альбо ніхто. Ад наступнага тыдня высьвятляем, зь кім беларусы лягчэй разумеюцца.

Беларускі Інтэрнэт актыўна рэагуе на палітычныя працэсы ў краіне. На чатах і форумах абмяркоўваюцца прэзыдэнцкія выбары, магчымыя кандыдаты. Дыскусія на сайце Хартыі-97 – www.charter97.com называецца “Новы прэзыдэнт Беларусі?”

Адна з асноўных тэмаў – статыстыка адносна падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі грамадзтвам. Так званы “жорсткі” электарат Лукашэнкі ацэньваецца ад 5-ці да 35 працэнтаў.

На “Драніках” www.draniki.com актуальная тэма – зьяўленьне Зубра. Адзін з удзельнікаў дыскусіі ўзгадвае аналёгію з украінскім ЗСУБРом – парлямэнцкай фракцыі “За Саюз Украіны, Беларусі і Расеі”…

А беларускі міліцыянт Алег Батурын разважае пра тое, як будзе паводзіць сябе міліцыя, калі паўстане пытаньне зьмены ўлады ў Беларусі.

Ня менш актыўна за палітычныя сайты гумарыстычныя рэагуюць на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. На “Беларускія лінкі” - www.haa.narod.ru, напрыклад, зьмешчаны такі анэкдот… Чытае Кастусь Бандарук.

Пераабралі на другі тэрмін прэзыдэнта адной сінявокай краіны. З гэтае нагоды быў зладжаны банкет у коле паплечнікаў. І ў парыве ўдзячнасьці да электарату прэзыдэнт сказаў:
- Ну што, таварышы? У кожнага з вас ёсьць сво й маёнтачак, дзялка, іншамарка. Цяпер час і пра народ падумаць!
Пачуліся аплядысмэнты. Пасьля аплядысмэнтаў прагучэў голас:
- Вы маеце Рацыю, Аляксандар Рыгоравіч! Ну хоць бы з душ дзесяць для пачатку можна…

Некаторыя сьмешкі на сайце “Карчма ў старога Язэпа” прысьвечаныя прадстаўнікам беларускай апазыцыі:

- Статкевіч! Вы глядзіце сябе па БТ?
- Канечне! Інакш адкуль жа ж бы я ведаў, што ў гэтай краіне ёсьць дэмакратыя?

Нагадаю адрэсу Карчмы… www.jazep.f2s.com

Джынгл


Віртуальная гуртоўня Litv@nika - новая вэб-старонка ва ўсясьветным сеціве па лучыве www.litvanika.sjb.net. Мэта – “стварэньне і распаўсюд празь Інтэрнэт працаў і артыкулаў адносна Ліцьвінства й Вялікалітоўскае ідэі, гісторыі Вялікалітвы і ейнага сучаснага“. Сайт чытаў, а пасьля гутарыў з аўтарам наш менскі карэспандэнт Ягор Маёрчык.

Самай вялікай неспадзянкай сталася тое, што аўтарам Вялікалітоўскай гуртоўні з такімі амбіцыйнымі памкненьнямі зьяўляюцца не навуковец ці суполка патрыётаў-ліцьвінаў. Стваральнік сайту і аўтар публікацыяў -- зусім малады чалавек, які хаваецца пад псэўданімам Яцэк Русэцкі. Яму 16 год, вучыцца ў філялягічнай клясе адной зь менскіх школаў, займаецца дасьледчай працай у галіне... польскага правазнаўства.

Яцэк, будзем і мы так яго называць, апантаны гісторыяй роднага краю. Ён лічыць, што гістарычныя веды – адзін са шляхоў да вяртаньня беларусамі нацыянальнага самаўсьведамленьня. Яму, які зь дзяцінства мае доступ да Інтэрнэту, падалося, што і ў віртуальнай прасторы можна зрабіць унёсак у выпрацоўку... нацыянальнае ідэі.

(Русэцкі: ) «Праект Літуаніка ставіць мэтай вывучэньне ліцьвінскай нацыі, стварэньня прэрэгатывы для яе разьвіцьця. Я ня бачыў у Сеціве ніякіх рэсурсаў і вырашыў стварыць нешта сваё, каб людзі, якія маюць падобныя погляды, маглі спаткацца, пагутарыць».

Яцэкава цяга да навукі адбілася і на структуры сайту, які складаецца з трох частак: навуковыя працы, бібліятэка й форум. У разьдзеле “Працы” зьмешчаны дэбютны артыкул самога Яцэка -- “Канстытуцыя 3 траўня 1791 року”. А ў “бібліятэцы” можна паглядзець плян Вільні ўзору 1576 году і плян аблогі Берасьця ў 1657-м.

(Русэцкі: ) «Я зараз ужо працую са многімі людзьмі, якія прапанюць свае работы. Будуць прадстаўленыя даволі розныя погляды, нават некаторыя славянафільскія погляды. У разьдзеле «Бібліятэка» таксама зьявяцца некалькі першакрыніцаў па гісторыі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя працы я сам буду перакладаць на родную мову».

Апошнім часам усё большая колькасьць людзей выбірае менавіта Інтэрнэт дзеля распаўсюду ўласных ідэяў і поглядаў. Яцэк Русэцкі не выключэньне.

(Русэцкі: ) «Інтэрнэт – гэта такая рэч, дзе павінныя прысутнічаць усе погляды чалавека, народу. Я таксама вырашыў абараніць сваю думку. А ў распрацоўцы стратэгічных праектаў у Інтэрнэце мы можам знаёміць увесь сьвет з тымі ідэямі, якія мы падтрымліваем».

Разьдзел-форум "Востая Барма" адчынены для ўсіх, хто жадае выказацца або зрабіць свой унёсак у распрацоўку Вялікалітоўскае ідэі. Адзінае абмежаваньне -- аўтар допісаў не павінен быць заангажаваным (цытую) “ні ў якія кампраметуючыя лявацкія, “лібэральніцкія” ці шавіністычныя суполкі і партыі”.

Яцэк Русэцкі заканчвае свой зварот да наведвальнікаў сайту заклікамі "Вялікалітва будзе! Жыве Літва-Воля!"

З 16-ці гадовым аўтарам беларускай старонкі гутарыў Ягор Маёрчык. Віртуальную гуртоўню Litv@nika можна наведаць па лучыве www.litvanika.sjb.net

А зараз навіны Інтэрнэту.

Хутка ў віртуальнай прасторы зьявіцца сайт віртуальнага дзяржаўнага ўтварэньня – Саюзу Беларусі і Расеі, - паведамляе Белорусская Деловая Газета. Гэта здарыцца напярэдадні пятай гадавіны так званага Дня яднаньня Беларусі і Расеі. Называцца Інтэрнэт старонка будзе “Саюз-Інфо”.

Паводле справаздачы Эўрапейскай камісіі, падрыхтаванай да сустрэчы лідэраў краінаў – сябраў Эўразьвязу, колькасьці карыстальнікаў Інтэрнэту ў аб’яднанай Эўропе няўхільна павялічваецца: яна дасягнула амаль 146 мільёнаў чалавек. Гэта зьвязана і з тым, што зьніжаюцца цэны на доступ да Інтэрнэту. Эўрапейскія чыноўнікі адзначаюць, што, паводле колькасьці Інтэрнэт-карыстальнікаў стары кантынэнт амаль не адстае ад ЗША. Дарэчы, дасьлеваньні структуры аўдыторыі Інтэрнэту ў ЗША, праведзеныя кампаніяй Nielsen/NetRatings паказалі, што найбольш хуткі рост колькасьці карыстальнікаў назіраецца сярод людзей зь нізкімі даходамі.

Аддзел прэсы, адукацыі і культуры амбасады ЗША ва Ўкраіне абвесьціў праект “Інтэрнэт для чытачоў грамадзкіх бібліятэк”. Агульны бюджэт праграмы складае 400 тысячаў даляраў. Праект мусіць дапамагчы грамадзкім бібліятэкам палепшыць ровень інфармацыйных паслугаў. Праграма прадугледжвае фінансаваньне Інтэрнэт-цэнтраў у 15-ці бібліятэках. Кожны з цэнтраў будзе даступны чытачам бясплатна цягам двух гадоў.

Тры амэрыканскія кампаніі заявілі, што яны – кожная паасобку – навучыліся змагацца з самымі разбуральнымі хакерскімі атакамі, называнымі “адмовай абслугоўваць” Сэнс гэтай забавы вельмі просты – у дзесяткі месцаў сеціва закідваюцца праграмы-зомбі, якія адначасовы генэруюць запыты да абранага для атакі сайту. Сайт зь імі не спраўляецца і становіцца заблякаваным для рэальных наведнікаў, даючы ім адмовы – адсюль і назоў атакаў. Менавіта такім чынам год назад былі блякаваныя такія буйнейшыя сайты як Yahoo, eBay, Amazon.com.


Ізраільскія навукоўцы пастанавілі стварыць штучны інтэлект, які б мог вольна і свабодна размаўляць на розныя тэмы. Навукоўцы працуюць з кампутарам, які яны назвалі – HAL – у гонар кампутара зь фільму “Касьмічная адысея 2001 году”. Цяпер асноўная праца ськіраваная на тое, што кампутару чытаюць байкі і пасьля задаюць пытаньні пра іхны зьмест. Пакуль што HAL дэманструе посьпехі: ягоны слоўны запас сувымерны з лексыконам пяцігадовага дзіцяці. Зараз ужо кампутар можа так бы мовіць адчуць тэму размовы і ў залежнасьці ад гэтага мадыфікаваць адказы. Паводле словаў стваральнікаў, HAL ужо змог заблытаць экспэртаў, якія, чытаючы яго адказы, пастанавілі, што маюць справу з сапраўдным дзіцем.


І апошняе паведамленьне. Яшчэ адзін беларускі рок-гурт займеў Інтэрнэт-Старонку – Пані Хіда. На сайце – гісторыя, асобы, артыкулы і музыка аршанскай каманды Пані Хіды. У фармаце MP3 можна паслухаць файл Страляцца, Веру, Ня ўдаўся пазл. Адрас старонкі www.panihida.narod.ru . Песьні Пані Хіды расейскамоўныя і англамоўныя. Аднак гурт браў удзел і ў беларускамоўных праектах. У прыватнасьці, у запісы “Песьнярка”…


XS
SM
MD
LG