Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 год сайту Беларускай службы Радыё Свабода.


Вiталь Тарас

1 год сайту Беларускай службы Радыё Свабода.

(эфір 10 сьнежня)
Вядучы Віталь Тарас.

Вось ужо год, паважаныя слухачы, як вы можаце чытаць нашыя матэрыялы на беларускай мове й слухаць нашыя перадачы ў рэальным часе праз усясьветнае сеціва.

Мы працягваем "Беларускі дыялёг на Інтэрнэце". У сёньняшняй перадачы, акрамя статыстыкі, зьвязанай з гадавінай нашае старонкі, вы даведаецеся пра вынікі віртуальнай акцыі пратэсту супраць падпісаньня беларуска-расейскай дамовы і пра тое, чаму малады прадпрымальнік зь Берасьця вырашыў адчыніць уласны сайт на беларускай мове.

10 сьнежня летась, акурат у 50-гадавіну прыняцьця Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека, ў Інтэрнэце зьявілася старонка Беларускай службы Радыё Свабода. У першыя тры тыдні колькасьць наведваньняў старонкі складала звыш дзесяці ў дзень. Зараз штодня сярэдняя колькасьць наведваньняў нашага сайту перавышае 4100.

Пра гэтыя ды некаторыя іншыя лічбы – крыху пазьней.

А зараз – некалькі словаў пра віртуальную акцыю пратэсту "Абаронім незалежную Беларусь", якая адбылася 8 сьнежня, у дзень падпісаньня дамовы аб стварэньні саюзу Беларусі й Расеі ў Маскве.

У гэты дзень на інтэрнэт-старонцы пад назвай "Хартыя –97" было надрукавана пасланьне да ўрадаў і парлямэнтаў ЗША й Вялікай Брытаніі, кіраўніцтва АБСЭ. У пасланьні, у прыватнасьці, нагадвалася пра мэмарандум аб прадстаўленьні названымі дзяржавамі гарантыяў бясьпекі Беларусі ў сувязі зь яе правапераемнасьцю ў скарачэньні наступальных узбраеньняў і ў Дамове аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі. Мэмарандум, у прыватнасьці, утрымліваў заабавязаньне "у адпаведнасьці з прынцыпамі Заключнага Акту АБСЭ паважаць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі".

Далей у тэксьце віртуальнага пасланьня гаворыцца (цытую) "Мы настойваем на тым, што надыйшоў час выконваць гэтыя забавязаньні, паколькі незалежнасці Беларусі ў выніку дзеяньняў прэзыдэнта Лукашэнкі, які страціў сваю легітымнасьць, пагражае рэальная небясьпека. Мы, грамадзяне Беларусі, сьцвярджаем, што так званая саюзная дамова, якую прэзыдэнт Лукашэнка падпісаў 8 сьнежня з Расеяй, ськіраваная на інкарпарацыю Беларусі ў іншую дзяржаву насуперак нормам міжнароднага права, паколькі ліквідацыя ў рэспубліцы міжнародных інстытутаў пазбавіла беларускі народ магчымасьці распараджацца сваім лёсам"(канец цытаты).

Тэкст звароту быў складзены на ангельскай і расейскай мовах, што ў кантэксьце падпісаньня саюзнай дамовы выглядала крыху двухсэнсава. Магчымасьцю пераслаць гэты зварот скарысталіся, паводле сайту "Хартыя –97", 230 чалавек.

Нядаўна аднавіў сваю працу ў Інтэрнэце сайт Акавіта, які ставіць на мэце папулярызацыю беларускіх вэб-старонак. Тыя, хто мае такія старонкі, могуць атрымаць на Акавіце падрабязную інфармацыю ня толькі пра колькасьць наведваньняў, але і інфармацыю пра карыстальнікаў – прынамсі, пра тое, у якіх краінах яны знаходзяцца.

Паводле статыстыкі Акавіты, найбольшую актыўнасьць у карыстаньні беларускімі сайтамі праяўляюць: правільна, у Беларусі. На Беларусь прыпадае звыш 40 адсоткаў усіх наведвальнікаў беларускіх старонак. На другім мейсцы – ЗША: звыш дваццаці адсоткаў. Кожны дзясяты наведнік – з Расейскай Фэдэрацыі. Далей у гэтым сьпісе ідуць Нямеччына, Канада, Вялікая Брытанія, Украіна, Швэйцарыя, Люксэмбург і Нідэрлянды.

Калі мы ўжо загаварылі пра статыстыку, дык вернемся да тэмы гадавіны беларускага сайту Радыё Свабода. За першыя паўгады існаваньня колькасьць наведваньняў сайту перавысіла 50 тысячаў у месяц. Сёлета ў верасьні яна дасягнула 90 тысячаў, а ў кастрычніку склала 123 тысячы 855 у месяц. У лістападзе гэтая лічба склала 122 тысячы 619. Аднак, паколькі ў лістападзе на адзін дзень меней, сюды тэарэтычна можна было б прыплюсаваць яшчэ 4200 наведваньняў. Менавіта столькі наведваньняў мы маем у сярэднім кожны дзень. А ўвогуле колькасьць наведваньняў за год павялічылася амаль на тысячу адсоткаў!

Зразумела, статыстыка сама па сабе яшчэ мала што гаворыць нашым слухачом. Тым болей, што пераважная колькасьць жыхароў Беларусі, на жаль, пазбаўленая магчымасьці карыстацца кампутарамі, а значыць, Інтэрнэтам.

Гэты факт выклікае раздражненьне ў некаторых нашых слухачоў, што было адзначана, між іншым, у рэдакцыйным аглядзе вашых лістоў на Свабоду "Паштовапя скрынка 111", зьмешчаным сёньня ніжэй на сайце.

Аднак, развагі пра тое, што ў Інтэрнэту ў Беларусі няма пэрспэктываў, тым больш у Інтэрнэту на беларускай мове, насамрэч пазбаўленыя грунту.

На пачатку гэтага тыдня адбылася віртуальная падзея, якую, мабыць, далёка ня ўсе заўважылі. Але нам яна падалася цікавай. Нехта Юры Давідзюк зь Берасьця правёў, паводле моднага цяпер выразу, прэзэнтацыю ўласнай старонкі. Аўтар старонкі напісаў (цытую) "Увесь час пакутую ад сумненьняў. А каму, акрамя мяне, гэта патрэбна? Большая частка жыхароў Беларусі ня ведае, што ёсьць Інтэрнэт. Ды я сам… Што для мяне важней – папрацаваць у Сетцы, ці паехаць да бацькі, выкінуць віламі з-пад кабанчыка гной…" Праўда, сам ён адразу ж дае адказ на гэтае пытаньне. На сваёй старонцы спадар Давідзюк зьмясьціў параўнальную табліцу падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы пацікавіліся ў аўтара матывамі, якімі ён кіраваўся, калі ствараў сваю старонку.
Гаворыць Юры Давідзюк.

(Давідзюк:) "Справа ў тым, што я ўжо даволі доўгі час займаюся гісторыяй Беларусі, менавіта пэрыядам яшчэ даславянскім. Чыста па-дылетанцку займаюся гэтым пэрыядам. А калі займаешся гэтым пэрыядам гісторыі Беларусі, хочацца таксама паглядзець, што адбывалася ў гэты час у сьвеце. А нідзе такой інфармацыі, такога супастаўленьня я ніколі ня бачыў. Я ўсё-ткі ня маю гістарычнай адукацыі. Я хачу, каб мне дапамагалі людзі скласьці табліцу. Ну, і такая табліца, мне здаецца, вельмі дапаможа зразумець нам самых сябе – што мы не такія ўжо адсталыя, неяк уплывалі на падзеі ў сьвеце.

Па адукацыі я інжынер-электроншчык, але ўжо 5 гадоў я зьяўляюся прадпрымальнікам. Зарабляю тым, што нешта купляю, нешта прадаю.

У тым жа маім сайце ёсць зноска кшталту банэру па кампутарных сыстэмах, мікрампрацэсарных сыстэмах. У гэтым таксама і мае распрацоўкі. Але галоўнае – гэта менавіта гісторыя.

(Карэспандэнт: ) "Ці вядзеце Вы нейкую статыстыку? Колькі наведвальнікаў у Вашым сайце было?)

(Давідзюк:) "Даволі добра наведваліся, як толькі я ўключыўся. Менавіта за першы тыдзень недзе больш за 100 наведнікаў. Я нават нідзе свой сайт не рэклямаваў і нікому не гаварыў. Я нават ня ведаю, як мяне знаходзілі".

(Карэспандэнт: ) "А самі Вы якімі сайтамі карыстаецеся, якія сайты наведваеце часьцей за ўсё – беларускія і небеларускія?"

(Давідзюк:) "Найчасьцей я наведваю інфармацыйны сайт "Хартыя", "Край", ваш – "Свабоды", газэты "Свабода". Вось гэтыя беларускія найчасьцей наведваю. А пашукавікі розныя – у асноўным, расейскія".

(Карэспандэнт: ) "Часам выказваецца меркаваньне, што інтэрнэт на беларускай мове неканкурэнтазольны. Вы згодны з гэтым? Ці усё ж ёсць нейкія перспэктывы ў інтэрнэту на беларускай мове?"

(Давідзюк:) "Ёсьць, канечне. Толькі ня будзе камэрцыйным. Камэрцыйным ён, мне здаецца, ніколі ня будзе на беларускай мове. Так, для душы, інфармацыйны, для адпачынку, для зносінаў, мне здаецца, ён мае будычыню. Жыхары Беларусі выходзяць у інтэрнэт цраз Белпак, а гэта вельмі стрымлівае. Таму што адзіны манапаліст у рэспубліцы, і для нас, хто жыве тут, гэта дарагавата".

Гэта быў Юры Давідзюк, а тым, хто хацеў бы дапамагчы яму ў стварэньні параўнальнай гістарычнай табліцы, паведамім адрас: http//members.belpak/brest.by/~david/index html.

Магчыма, старонка Юрыя Давідзюка выглядае недасканалай – ён, дарэчы, і сам прызнаў гэта ў нашай размове. Аднак, гэта ўжо ня першая, і галоўнае, можна меркаваць, не апошняя аматарская старонка ў інтэрнэце на беларускай мове. Сам гэты факт ня толькі дазваляе спадзявацца на працяг беларускага дыялёгу на Інтэрнэце, але выказаць меркаваньне, што зьяўленьне беларускай старонкі Радыё Свабода паспрыяла цікавасьці беларусаў да ўсясьветнай сеткі.

І на гэтым, як кажуць у кампутарным сьвеце, шатдаўн.

Да наступных перадачаў.

А пакуль нагадаю наш адрас у інтэрнэце. WWW.SVABODA.org

XS
SM
MD
LG