Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта "Навіны" зноў у сетцы.


Вiталь Цыганкоў

Газэта "Навіны" зноў у сетцы. Электронны гандаль. Навіны Менскага Слана.

(эфір 26 верасьня)
Вядучы Віталь Цыганкоў.

Сёньня мы распавядзем пра доўгачаканае аднаўленьне сайту газэты "Навіны", пазнаёмім вас з некаторымі ўнікальнымі спосабамі электроннага гандлю, а таксама прэзэнтуем www-старонку пра музычныя, забаўляльныя ды іншыя непалітычныя навіны Менску.

Некалькі дзён таму, 22 верасьня на Інтэрнэце нарэшце аднавіўся сайт газэты "Навіны". Звыш году гэтае выданьне не магчыма было прачытаць ва ўсясьветнай сетцы, і вось цяпер пасьля доўгага перапынку газэта зноў стала даступная ў інтэрнэце.

Сецевая вэрсія выданьня пакідае даволі прыстойнае ўражаньне. Прыемна, што наведвальнікі ўсясьветнае сеткі могуць убачыць і фатаздымкі, надрукаваныя ў газэце. Наколькі мне вядома, гэта пакуль адзіны падобны прыклад для беларускай грамадзскай прэсы ў інтэрнэце. Дызайн "Навінаў" даволі прывабны, увесь зьмест падзелены на рубрыкі, на кожнай старонцы разьмешчана некалькі матэрыялаў, што вельмі зручна для чытаньня.

На сайце "Навінаў" адкрытая гэтак званая гасьцёўня, дзе чытачы могуць выказацца наконт дызайну сайту й зьместу газэты. Адметна, што за некалькі дзён пасьля аднаўленьня існаваньня сайту ў гасьцёўні ўжо зьявілася некалькі дзясяткаў заўвагаў і выказваньняў.

* * *

Яшчэ некалькі год таму інтэрнэт быў пераважна мейсцам для спэцыялістаў кампутарнае справы, і выкарыстоўваўся пераважна як вялікая бібліятэка. Але літаральна апошнія некалькі месяцаў сытуацыя кардынальна зьмянілася. Колькасьць наведвальнікаў сеціва дасягнула сотняў мільёнаў, аднак, галоўнае, адбыліся якасныя зьмены. Цяпер інтэрнэт у разьвітых краінах перастаў быць толькі забаваю падлеткаў і прыладаю бізнэсоўцаў – усясьветнай сеткаю ў масавым парадку сталі карыстацца звычайныя грамадзяне.

Можа менавіта таму пачала імкліва разьвівацца сфэра паслугаў у інтэрнэце. Аб'ём электроннага гандлю дасягнуў ужо дзесяткаў мільярдаў даляраў, пры тым, што яшчэ тры гады таму гэтага рынку проста не йснавала. Інтэрнэт-крамы ня маюць сьценаў, складаў і шкляных вітрынаў, але, можа, якраз з-за гэтага іхныя прыбыткі растуць у геамэтрычнай прагрэсіі. Да прыкладу, біржавая вартасьць знакамітай ужо сецевай кнігарні Amazon.com зараз ацэньваецца ў 22 мільярды даляраў. Увесь працэс афармленьня куплі зводзіцца да аднаго ціску клявішаю мышы.

Увогуле, многія бізнэсмэны хутка зразумелі, што ў сеці магчымая рэалізацыя самых неверагодных праектаў. Некаторыя зь іх пачалі раскручвацца зусім нядаўна, але ўжо набылі пэўную вядомасьць.

Гэта так званыя інтэрнэт-аўкцыёны ў продажы авіябілетаў. Патэнцыйным спажыўцам даецца магчымасьць самім называць кошт авіябілетаў. Пры гэтым гандаль пачынаецца з самых мізэрных сумаў. Авіякампаніі такім чытам атрымліваюць магчымасьць пазбавіцца ад незамоўленых мейсцаў або распрадаць білеты на ня вельмі папулярныя маршруты. Спажывец мае рэдкую мажлівасьць аддаць за білет значна менш звычайнае цаны. Цяпер штотыднёва кампанія Priceline.com, якая займаецца падобнымі аўкцыёнамі, прадае каля 40 тысячаў авіябілетаў.

30 верасьня першы падобны аўкцыён адбудзецца на постсавецкіх прасторах. Піянэрам тут выступае Lufthansa.

Увогуле набірае моц наступная схэма электроннага гандлю – кліент указывае, колькі ён гатовы аддаць за той ці іншы прадукт, а кампутар выбірае з базы дадзеных, прадастаўленых рознымі фірмамі, той тавар, які адпавядае гэтае цане. Відавочна, што ў бліжэйшыя месяцы інтэрнэт-гандаль закране ня толькі авіябілеты.

* * *

Забаўляльныя сайты ўсясьветнага сеціва займаюць свой "пачэсны пасад" сярод інтэрнэт-рэсурсаў. Можа, гэта й не зусім да мейсца, але нагадаю, што паводле некаторых падлікаў, найбольшы аб'ём у інтэрнэце маюць парнаграфічныя сайты.

Аднак, сёньня, як, зрэшты, і далей у нашай праграме пра парнаграфію мы гаварыць ня будзем, а лепш пазнаёмім слухачоў з web-старонкаю "Менскі СЛОН. Навіны нашага гораду", прысьвечанай непалітычным навінам Менску. Вядзе яе аўтар, які называе сябе Слон.

Пра папулярнасьць сайту гаворыць той пераканаўчы факт, што за час ягонага йснаваньня на гэтай старонцы зарэгістравана ўжо каля 40 тысячаў наведваньняў. Мэта сайту – сабраць як мага больш інфармацыі пра сфэры паслугаў і вольнага часу ў Менску. Рубрыкі гавораць самі за сябе – «пляны на вечар», «культура», «прыйсьці ў сябе», «турызм», «крамы», «спорт», «выставы», «кіна- і відэа-навінкі», праграмы тэлебачаньня, FM-радыёстанцыяў і нават «знаёмствы». Пэўную сур'ёзнасьць сайту надаюць камэнтары й гістарычныя зьвесткі пра некаторыя опэры, якія ідуць у Нацыянальным тэатры Беларусі.

Зазірнем у адну з рубрыкаў, напрыклад, «пляны на вечар». Тут прапануецца даволі багаты выбар – рэстарацыі, казіно, дыскатэкі, стрыптыз. Аднак, акрамя гэтага джэнтэльменскага набору, можна даведацца й пра мейсцы сустрэчаў у Менску нефармальных груповак, якія гуртуюцца паводле нейкіх спэцыфічных інтарэсаў. Напрыклад, аматары размоваў празь інтэрнэт (гэтак званыя «чатнікі») сустракаюцца ў пэўныя дні каля будынку філярмоніі.

Характэрна, што сайт "Навіны нашага гораду" ствараецца ня толькі ягоным непасрэдным уласьнікам, але і ўсімі ахвотнымі наведвальнікамі. Слон, да прыкладу, прапануе дасылаць яму свае ўражаньні ад наведваньняў рэстарацыяў, дыскатэкаў і гэтак далей – часам яны могуць быць зусім супрацьлеглымі, паколькі агляды публікуюцца безь якой-небудзь цэнзуры.

Відавочна, "Навіны нашага гораду" знаходзяцца яшчэ на адной з першых стадыяў свайго разьвіцьця, аднак, выглядае, што ідэя падобнай www-старонкі мае самыя далёкасяжныя пэрспэктывы.

XS
SM
MD
LG