Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Беларусь стаць сусьветным цэнтрам мастацтваў?


Сяргей Харэўскі, Вільня

Томас Венцлава сёньня ня толькі літаратар і культуроляг, але й адзін з апошніх савецкіх дысыдэнтаў, які застаўся на Захадзе. Ён амэрыканскі прафэсар, і большую частку свайго працоўнага часу аддае выкладаньню славянскіх моваў і літаратураў у Ельскім унівэрсытэце, у ЗША. Разам з тым спадар Венцлава пільна сочыць за гісторыяй і разьвіцьцём беларускае культуры. У гутарцы са мною ён зазначыў, што яго цешыць і кранае тое, як рупна беларусы ставяцца цяпер да мастацтва Марка Шагала. Роўна ж і да творчасьці Малевіча, Страмінскага, якія нядаўна папросту выкэсьліваліся зь беларускага кантэксту. Томас Венцлава працягвае...

(Венцлава: ) "Я мяркую, што гэта слушна лічыць такіх творцаў беларускімі, нават калі яны, можа быць, па-беларуску не размаўлялі – ну, Шагал, напэўна, у часы свайго юнацтва ў Віцебску дамаўляўся зь людзьмі навокал па-беларуску. Так што гэта слушная пазыцыя – лічыць гэтых творцаў прыналежнымі да беларускай традыцыі. Гэта, пэўна, тычыцца і Малевіча, які доўгі час працаваў у Расеі. Гэтак жа ён належыць і сусьветнай культуры як пачынальнік абстракцыянізму. І Страмінскі – калі ён нарадзіўся і правёў юнацтва на Беларусі – ён ёсьць прадстаўніком беларускай культуры. Вельмі прыгожа, хораша, што беларусы лічаць Шагала сваім. У Літве творцаў жыдоўскага паходжаньня ўсё ж прымаюць толькі часткова – тут ёсьць пэўны лятэнтны антысэмітызм, хаця і непрыемна пра гэта казаць – маўляў, калі жыд, значыць – ня наш”.

(Харэўскі: ) “Томас Венцлава лічыць, што мастакоў правамоцна ўважаць прыналежнымі да тае ці іншае культуры адно з факту іхнага нараджэньня. Але мастакі не зьвязаныя ўсё ж з моваю, галоўным этнічным чыньнікам. І могуць, што вольныя птушкі, гэтаксама тварыць паўсюль. І паўсюль быць зразумелымі безь перакладу. У чым тады выяўляецца беларускасьць тых творцаў, клясыкаў сусьветнага мастацтва?”

(Венцлава: ) “У гэтым сэнсе мастакі, якія жылі й жывуць на тэрыторыі Беларусі і малююць яе ляндшафт, яе людзей – тыя традыцыі, якія б яны ня былі – ўсё ж пэўна належаць беларускай культуры, нават калі разам з тым яны далучаныя і да якой іншай культуры. Шагал таксама належыць і да францускай культуры, і жыдоўскай. Ён пісаў жыдоўскія традыцыі, жыдоўскія нацыянальныя тыпажы, штодзённае жыцьцё мястэчка, якое знаходзіцца ж на Беларусі. Перадусім гэта колеры краявіду й паветра”.

(Харэўскі: ) “Спадар Венцлава лічыць, што для мастака вызначальным ёсьць натуральнае атачэньне, у якім ён працаваў, тое сьвятло й тое паветра. Так, каб адкрыць для сябе поўны спэктар колераў, францускі мастак постімпрэсіяніст Поль Гаген зьехаў на выспы Таіці, што ў Ціхім акіяне. А беларускі мастак зь Беласточчны Лёнік Тарасэвіч сьведама езьдзіў у амэрыканскія пустыні Нэвады й Арызоны, каб вычуць поўнае белае й жоўтае скварыстае сьвятло.

Прафэсар Томас Венцлава выдатна ведае Беларусь, яшчэ ад 1950-х гадоў. Ён бываў тут часта. Спадар Томас, а як вам уяўляецца візуальны вобраз Беларусі, тае краіны, дзе закрасавалі гэткія мастакоўскія таленты, як Шагал, Малевіч, Суцін ды многія іншыя...”

(Венцлава: ) “Яшчэ ў раньнім юнацтве, у савецкі час, я падарожнічаў нямала па Беларусі, асабліва па тых месцах якія для літоўцаў цікавыя, якія, так бы мовіць, нашыя агульныя мясьціны – Наваградак і акруга – Мясьціны Міцкевіча, Ліда, Гальшаны, Гародня. Я праплыў зь сябрамі на байдарках увесь Нёман, ад вёскі Пясочнае, ад Мікалаеўшчыны, дзе нарадзіўся Якуб Колас, і далей праз Стоўбцы, праз Горадню ў Літву да самага Балтыйскага мора. Гэта было ў 1957-м. Са сваім бацькам некалі быў на Нарачы. Словам, Беларусь больш-менш ведаю, ня раз быў у Менску, Віцебску, Магілёве, Гомелі – у такіх мясьцінах, якія з традыцыйнай Літвой маюць мала агульнага. Так што гэты край мне знаёмы. Візуальна ён вельмі нагадвае Літву, падобная і архітэктура. Бліжэй да Вільні тыя самыя каталіцкія барочныя касьцёлы, а калі цэрквы – дык і ў нас ёсьць падобныя цэрквы...”

(Харэўскі: ) “Паводле вашых словаў, спадар Томас, атрымліваецца, што беларускі й літоўскі краявіды падобныя. Аднак вялікая пляяда мастакоў, якія заклалі падваліны сусьветнага авангарду ў ХХ стагодзьдзі, нарадзіліся ўсё ж у Беларусі. Чым вылучаецца тое, нашае сьвятло й ляндшафты, калі параўнаць, скажам, з вашай радзімаю...”

(Венцлава: ) “Беларускі пэйзаж такі... больш аб’ёмны, больш грунтоўны, трывалы, шырэйшы, большага масштабу – але так вельмі лягічна і натуральна пераходзіць адзін пэйзаж ў другі. І пераяжджаючы дзяржаўную мяжу, розьніцы амаль ня заўважаеш. У гэтым сэнсе памежжа нашых краёў ад часоў Вялікага Княства Літоўскага мала адрозьніваецца візуальна”.

(Харэўскі: ) “Томас Венцлава як культуроляг і публіцыст багата езьдзіць па сьвеце, удзельнічае ў розных культурных імпрэзах. Мяне, натуральна, цікавіць, як гледзіцца з Амэрыкі, Эўропы ці з Расеі, дзе Венцлава бывае штогод, пэрспэктыва разьвіцьця мастацтва. Спадар Томас, як бы вы акрэсьлілі стан сучаснага выяўленчага мастацтва?”

(Венцлава: ) “Сучаснае выяўленчае мастацтва перажывае – ну, я б сказаў, нават, пэўны крызыс, бо такога мастацтва, як было ў 20-м стагодзьдзі, нават абстрактнага, ужо няма. Мастацтва ёсьць канцэптуальнае, ёсьць мінімалісцкае, мастацтва ёсьць такое і гэткае, але традыцыйны жывапіс набывае найбольш маргінальнае значэньне. Ёсьць людзі, якія працуюць ў гэтай сфэры, але менш, чым было. Надышлі новыя часы, часы інсталяцыяў, гэпэнінгаў – я невялікі прыхільнік гэтага, але яны маюць сваю аўдыторыю, маюць права на жыцьцё”.

(Харэўскі: ) “На мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў выяўленчыя мастацтвы шмат у чым перанялі ролю філязофіі. Мастацтва ХХ стагодзьдзя, ягоныя шэдэўры ёсьць ня толькі спосабам спасьціжэньня ці адлюстраваньня навакольнага сьвету, але й магутнай крыніцаю чалавечага Духу... Якая ж цяпер роля ў мастацтва? Якую нішу яно займае?”

(Венцлава: ) “Сучаснае мастацтва, асабліва канцэптуальнае мастацтва, ў сваёй значнай частцы выражае сацыяльную і нават палітычную пазіцыю. Вельмі часта гэта social political statement – пэўныя “ўстаноўкі” сацыяльнай палітыкі. Як ні выглядае гэта дзіўным, гэта нават адпавядае колішняй агітацыйнай традыцыі ў мастацтве, якая нам у савецкі час была непрымальнай і чужою. На маю думку, найноўшае канцэптуальнае мастацтва менавіта гэтую нішу і займае. Часткова – і сфэру філязофіі. Думаю, што ў гэтак званых “новых” формах сучаснага мастацтва можна выявіць і пэўныя філязофскія погляды. Гэта рабіў наш Чурлёніс, які паходзіць з Друзгенікаў, так што беларусы таксама могуць лічыць яго сваім. Можна і іншыя прыклады, – скажам, Сэзан, зусім іншы мастак, без сумневу, у яго творчасьці адчуваецца пэўная ясная філязофская пазіцыя. Але, мяркую, філязофскую пазыцыю мастацтва можа выявіць і новымі формамі, якія для мяне больш далёкія, чужыя, чым формы жывапісу пачатку ХХ стагодзьдзя”.

(Харэўскі: ) “Ці гэта азначае, што мастацтва, як на сёньня, мае недараўнальна меншае месца ў культуры, чым колісь? То бок, яно гэтак і не знайшло сабе адпаведнага месца...”

(Венцлава: ) “Мяркую, што мастацтва заўсёды знойдзе спосабы заняць значную нішу ў грамадзтве, хаця яго формы і зьмяняюцца. І што ўплывы мастацтва на грамадзтва ня звузяцца. Нягледзячы на зьмены і разьвіцьцё формаў. Апроч таго, ёсьць Інтэрнэт, зь цягам часу ён будзе рабіцца больш даступным. Ёсьць такія рэчы, як рэпрадукцыі, выдатныя альбомы, якіх не было ў ХІХ ці ХVIII стагодзьдзях. З гэтага ўсяго можна атрымаць уяўленьне пра вялікае мастацтва, нават не наведваючы музэяў, ня бачыўшы арыгіналаў. Вядома, уяўленьне будзе ня поўнае, але тое-сёе – будзе. Думаю, што чалавек ХХІ стагодзьдзя да вялікага мастацтва можа далучыцца лягчэй і больш, чым 100 – 200 гадоў таму...”

(Харэўскі: ) “Скажыце, калі ласка, а дзе тады месца для нацыянальных мастацтваў? Ці можам мы гаварыць, што апрычоныя школы й народныя традыцыі, урэшце, тое пэўнае сьвятло й характар краявіду, будуць перахоўвацца ў найноўшым мастацтве? Гэта анахранізм ці падмурак для “высокага” мастацтва?”

(Венцлава: ) “У такіх рэчах ужо цяжка вылучыць нацыянальныя традыцыі і міжнацыянальныя. Але ў выяўленчым мастацтве, наколькі яно ні было б фігуратыўным ці абстрактным, нацыянальныя элементы застаюцца. Нават калі мастак адмыслова да гэтага не імкнецца. Гэта падобна, як паэт піша на такой, а не на іншай мове, мастак, які ўзгадаваўся на Беларусі, нават вельмі мадэрнісцкі і інтэрнацыянальны, – непазьбежна, адмыслова да таго не імкнучыся, праявіць свае нацыянальныя рысы, элемэнты нацыянальнай школы ў яго творчасьці праявяцца. Толькі ўжо, вядома, справа крытыкаў і адмыслоўцаў тыя рысы, элементы адсачыць. Часам яны могуць быць вельмі прыхаваныя, але яны будуць. А так мне здаецца, вызначае рашэньне самога творцы – ён можа быць вельмі інтэрнацыянальны ў сваёй творчасьці, і нават працаваць недзе на чужыне, але калі ён уважае сябе за беларуса, літоўца, паляка альбо эстонца альбо немца і гэтак далей, хаця ён можа жыць, да прыкладу, у Амэрыцы, ён , напэўна будзе належаць да тае культуры, якую ён сам для сябе выбірае і да якой ён хоча належыць”.

(Харэўскі: ) “Мастацкія цэнтры Эўропы перамяшчаліся ўвесь час з аднаго рэгіёну ў іншы. Ад антычнай Грэцыі ў Старажытны Рым, з Італіі часоў Рэнэсансу ў Францыю. У розныя часы найбуйнейшымі мастацкімі цэнтрамі станавіліся Вэна й Барсэлёна, Мюнхен і Віцебск. Цяпер гэткіх бясспрэчных цэнтраў ці рэгіёнаў няма. Вялікае мастацтва ствараецца паўсюль. І паўсюль людзі маюць знаёміцца зь ягонымі здабыткамі, хоць і зь іншага канца сьвету. Якая будучыня можа чакаць беларускае мастацтва ў кантэксьце сусьветнае глябалізацыі?”

(Венцлава: ) “Здараюцца вельмі нечаканыя рэчы. Вы ўзгадалі Віцебск – я сам вельмі зьдзівіўся, даведаўшыся, што быў такі момант, калі Віцебск быў найвялікшым мастацкім цэнтрам у сьвеце. Напэўна большым, чым Парыж. Бо ў Віцебску працавалі Малевіч, Шагал, Лісіцкі … Віцебск быў сусьветным мастацкім цэнтрам.

Усяго пару дзён таму ў Нью-Ёрку я размаўляў са С’юзан Зонтаг – яна кажа, што найлепшы ў сьвеце тэатральны рэжысэр зараз жыве ў Вільні – Некрошус. Так што можна казаць, што Вільня для сучаснага тэатральнага мастацтва – ну, можа, не як Віцебск некалі для мастацтва, але – падобна… Можна верыць, што гэта ж станецца і зь Менскам, і зь Вільняй, і можа з Магілёвым, і з Горадняй, Гомелем. Нашыя нацыі яшчэ параўнальна маладыя, моцныя і нашая маладосьць ў гэтым сэнсе – карысная рэч”.

(Харэўскі: ) “Спадар Венцлава гэтымі днямі зноў у Беларусі. Едучы ў Маскву, на прэзэнтацыю сваёй кнігі “Гранёнае паветра”, у перакладзе зь літоўскае, што расейская крытыка ўжо пасьпела назваць лепшай рускамоўнай кнігаю году, ён вырашыў наведаць зь юнацтва ведамыя мясьціны. Яго цікавіць уся Беларусь: руіны замкаў і крыжы ў Курапатах, паэзія й тэатар, разлогі палёў і беларускае сьвятло. Можа быць, наступная ягоная кніга й будзе прысьвечаная нашай краіне. І беларусы змогуць далучыць яе да сваёй культуры”.
XS
SM
MD
LG