Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Бікінін — дэпутат ад Ляхавічаў


Ягор Маёрчык, Ляхавічы

Выбіраючы паміж зімою і летам, бальшыня жыхароў райцэнтру Ляхавічы Берасьцейскай вобласьці аддаюць паревагу халадам. Нізкая тэмпэратура замінае імкліваму распаўсюду пахаў — і колькі месяцаў запар насы жыхароў адпачываюць ад смуроду, які льецца з гарадзкіх ачышчальных збудаваньняў. Тыя знаходзяцца ў самым цэнтры гораду, на беразе ракі Ведзьма.

(Спадар: ) “Асабліва ўлетку гэта адчуваецца. Пахне там вельмі здорава! Там перакачка брыдоты гэтай усёй. Гімназія побач, вучні ўсе туды ідуць. У 50 мэтрах ад гэтага збудаваньнья. Усе закрываюць насы ды йдуць праз гэты мост. Выхюхае кожны сваю порцыю ды й маўчыць”.

Добрай навіной са мною падзяліўся Вечаслаў Сельмановіч — дырэктар тутэйшага аграрнага каледжу. Па сумяшчальніцтве ён зьяўляецца памочнікам дэпутата Барыса Бікініна, старшыні Камісіі ў справах нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў.

(Сельмановіч: ) “Што значыць сёньня прабіць вельмі вялікую суму грошай, каб завершыць будаўніцтва ачышчальных збудаваньньяў для Ляхавічаў? Гэта вельмі важная праблема: эканамічная, экалягічная дый проста пабытовае пытаньне, якое два дзесяцігодзьдзі не вырашалася нават у камуністычны час. І дагэтуль вісіць. А ён гэта прабіў! Ён! Зь ягонай беспасярэдняй дапамогай! А што сёньня значыць асфальтаваньне вуліцы Кастрычніцкай, якая за ўсю гісторыю Ляхавічаў ня бачыла асфальту? Гэта пры дапамозе ягонага дэпутацкага мандату, пры дапамозе ягонага стану ён знайшоў для гэтага падыходы! Ён на сёньня вельмі шмат зрабіў. Гэта ня тое, як у некаторых акругах, людзі заяўляюць, што яны болей памятаюць гэтага дэпутата, чым бачаць яго”.

Зь Вечаславам Сельмановічам мы гутарылі сорак хвілінаў. Спыніліся на кожным пункце зь перадвыбарчай праграмы Барыса Бікініна. Пералічу толькі некаторыя вынікі дэпутацтва. Высьветлілася, што па-першае, народны абраньнік спрыяе вырашэньню праблемаў газіфікацыі й тэлефанізацыі паселішчаў; па-другое, аказваецца і адрасная дапамога пэнсіянэрам, інвалідам, шматдзетным сем’ям, настаўнікам, а таксама лекарам. А яшчэ спадар Сельмановіч пахваліўся, што на падуладным яму прадпрыемстве заробак выплачваецца своечасова. І гэта адпавядае адмысловаму пункту праграмы дэпутата Бікініна.

Пэнсіянэрка баба Вера, што жыве на вуліцы Дзісюкевіча, не дачакалася ўвагі з боку раённага вузлу сувязі. Яна пракапала траншэю й праклала да свайго дому тэлефонны дрот. Паўтаруся, што рабіла кабета ўсё саматугам, аднак квітанцыю ад сувязістаў за нібыта праведзеныя працы, яна ўсё ж такі атрымала. Паабуралася-паабуралася, але рабіць іншага не выпадала: узяла ды і аплаціла рахунак. І стала баба Вера чакаць, пакуль яе падключаць да АТС.

(Вера: ) “Ужо паўгоду, як я той дрот укапала. Цяпер я пайшла да іх і пытаюся: “А чаму вы мне не праводзіце таго тэлефону?” Адказваюць: “Няма нумароў. Чакайце, нумары будуць ажно пры канцы году”. Я кажу: “А навошта было дрот класьці?” Грошы зь мяне-та ўзялі за дрот! Болей за сто тысяч. Натуральна, што вялікія, бо атрымліваю толькі восемдзесят!”

(Карэспандэнт: ) “У Палаце прадстаўнікоў ад Ляхавічаў ёсьць дэпутат — Барыс Бікінін. Калі яго абіралі, гэта было чатыры гады таму, ён казаў, што будзе абараняць інтарэсы людзей, што будзе адрасная дапамога для састарэлых і пэнсіянэраў”.

(Вера: ) “Мне не дапамагалі! Мне ўжо 70 гадоў. Калі ласка, хай яны мне правядуць тэлефон”.

Маладога чалавека завуць Алег. Сям’я: ён, жонка і дзьве дачкі. Усе разам жывуць у новым доме на Замкавым завулку. Паўтарыць подзьвігу бабы Веры спадар ня можа. Пагадзіцеся: адная справа выкапаць раўчак і пракласьці дрот, іншая — падвесьці газ. Нібыта ўсё проста: бяры ды й падключайся. Але на гэта папросту бракуе грошай.

(Алег: ) “Ад самага пачатку нам сказалі сабраць усіх жадаючых. І пасьля, паводле іхнай колькасьці будуць глядзець, павядуць яны туды газ ці не. Сабралі блізу дванаццаці чалавек. Нам сказалі прыблізную цану — 800 даляраў. І гэта толькі чарнавая праца! А яшчэ там вельмі шмат нэрваў трэба ўкласьці. Праект робіцца ў Баранавічах, ухваляецца ў Берасьці. Туды некалькі разоў трэба езьдзіць. Толькі два прыёмных дні на тыдні й вельмі шмат людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Каб сабраць 800 даляраў, колькі часу трэба вашай сям’і?”

(Алег: ) “Гадоў, можа, пяць ці шэсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Ад Ляхавічаў ў Палаце прадстаўнікоў ёсьць дэпутат — Барыс Бікінін. І ў ягонай праграме ёсьць нават адмысловы пункт “садзейнічаць газіфікацыі”.

(Алег: ) “Да нас ужо зьвярталіся туды. І ніякіх рашэньняў не прымалі”.

У маёй праграме Ігар Лобан фігуруе двойчы. Першы раз як мэдык, другі — у якасьці палітычнага дзеяча. Асноўная ягоная праца — тэрапэўт у тутэйшым тэрытарыяльна-мэдычным аб’яднаньні.

(Лобан: ) “Праблема з затрымкай заробкаў была й будзе. У 2003 годзе я памятаю толькі адзін месяц, калі нам выплацілі заробак у прадугледжаны тэрмін. І больш такога не было. Штомесяц гэтыя затрымкі ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Калі падсумоўваць вынікі дэпутацтва Барыса Бікініна, што ён зрабіў для Ляхавічаў за чатыры гады?”

(Лобан: ) “Шмат людзей я ведаю ў Ляхавічах і Ляхавіцкім раёне. Водгукаў і аповедаў пра звароты да дэпутата я за гэты ўвесь час ня чуў”.

(Спадарыня: ) “Едуць сьмецьце вывозіць. Раз на тыдзень прыедуць. Са сьметніцы прыбяруць, а тое, што побач насыпана, гэтая куча, застаецца. Гэта ня іхная нібыта справа. Дрэнна, і ўсё тут. Толькі паболей плаці. А так налічаць, што, можа, там і залішняе ёсьць. Адкуль я гэта ведаю? Ды толькі плаці й плаці. Болей як 60 тысяч. Пайшла якога сальца ці мясца купіла бы. Мне 11-га чысла атрымаць пэнсію, і ў мяне усяго 3 тысячы грошай засталося. Берагу толькі на хлеб”.

Жыроўка зь лічбаю 60 тысяч прымусіла інвалідку зьвярнуцца ў райвыканкам па грашовую падамогу. Забягаючы наперад, скажу: спадарыня апеклася й зрабіла для сябе пэўныя высновы.

(Спадарыня: ) “У райвыканкам я хадзіла. Сказалі: “Як вам ня сорамна?! Вы атрымліваеце 108 тысяч — гэта такая пэнсія!”

(Карэспандэнт: ) “Вы, можа, з гэтымі сваімі надзённымі праблемамі зьвярталіся да свайго дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў. Можа, ён чым вам бы дапамог?”

(Спадарыня: ) “Ведаеце, ад адных такі адказ атрымала… А праўда, можа сорамна? Можа, я ўжо дурнею?”

(Карэспандэнт:) ”Дзякуй вам за размову! Я ўжо пайду”.

(Спадарыня: ) “Вось пагаварылі, дык ужо й на душы інцярэсьней стала. Хоць бы яшчэ хто зайшоў вось так проста пагаварыць!”

Каб высьветліць, які чыноўнік пакрыўдзіў пэнсіянэрку, я скіраваўся ў Ляхавіцкі райвыканкам. Заходжу да Мікалая Куліцкага, намесьніка кіраўніка тутэйшае вэртыкалі:

(Куліцкі: ) “А якое радыё?”

(Карэспандэнт: ) “Беларуская служба Радыё Свабода”.

(Куліцкі: ) “Радыё Свабода? Няма ў нас такога радыё!”

Тут я паказваю спараду Куліцкаму журналісцкае пасьведчаньне. Той вывучае дакумэнт некалькі хвілінаў:

(Куліцкі: ) “А хто вас сюды накіраваў?”

(Карэспандэнт: ) “Сам прыехаў. Я сам выбіраю месцы, куды езьдзіць”.

(Куліцкі: ) “Гавораць, што неяк была вашая перадача. Але я яе ня чуў”.

(Карэспандэнт: ) “Не мая!”

(Куліцкі: ) “Навумчыка”.

(Карэспандэнт: ) “Але я не Навумчык, я — Маёрчык!”

(Куліцкі: ) “У кожнага чалавека ёсьць літаратурны псэўданім”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта маё прозьвішча”.

Пасьля гэтага, Мікалай Куліцкі дае зразумець, што аўдыенцыя скончаная. Толькі пазьней ўсьвядоміў, што вэртыкальнік паводзіў сябе вельмі нават шляхетна. Да такой высновы я прыйшоў, калі пазнаёміўся з рэдактаркай незалежнага тыднёвіка “Ляхавіцкі час” Ірыны Мухарэўскай і пачуў ад яе наступнае:

(Мухарэўская: ) “Вельмі бурна на нас заўсёды рэагуе адзін з намесьнікаў Мікалай Куліцкі. Ні разу ня даў нам якога-небудзь камэнтару. Ягоныя самыя тыповыя адказы: “Я ня ведаю такой газэты”, а таксама “Прэч з майго кабінэту!” Наколькі добра нас успрымаюць простыя людзі, настолькі адмоўна нас успрымаюць чыноўнікі. Улады баяцца”.

(Карэспандэнт: ) “А якую небясьпеку нясе для райвыканкаму незалежная газэта?”

(Мухарэўская: ) “За паўтара году нашае працы ў мяне адказу на гэтае пытаньне няма”.

Тут я перапыняю спадарыню Мухарэўскую. І зноў пры мікрафоне зьяўляецца Ігар Лобан. Ён ачольвае Ляхавіцкую суполку Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ — адзінага тутэйшага палітычнага фармаваньня:

(Лобан: ) “Нашая партыя ня будзе ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Наша партыя аб’яўляе байкот выбарам! Паводле гэтага выбарчага заканадаўства, немагчыма на сёньняшні дзень праводзіць выбары, каб яны былі дэмакратычныя й празрыстыя”.

(Карэспандэнт: ) “Якія перадвыбарчыя настроі пануюць у гармадзтве?”

(Лобан: ) “Людзі нават ня ведаюць, што сёлета павінны адбыцца выбары ў Палату. Людзі займаюцца сваімі ўласнымі пытаньнямі: здабываюць грошы, каб неяк выжыць”.

Напярэдадні выбараў галоўным раздражняльнікам для ўладаў застаецца недзяржаўнае выданьне “Ляхавіцкі час”. І гэта пры тым, што ягоны наклад крыху перавышае адну тысячу асобнікаў. З Ірынай Мухарэўскай мы гутарым пра будучыя парлямэнцкія выбары.

(Карэспандэнт: ) “Сёлета будзе чарговая выбарчая кампанія — выбары ў Палату прадстаўнікоў. Як зьменіцца стаўленьне ўладаў да незалежнай газэты?”

(Мухарэўская: ) “Стане значна цяжэй здабываць інфармацыю. Напярэдадні любой падзеі такога кшталту мы й раней адчувалі вялікі ўціск”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ніколі не спрабавалі зьвяртацца да таго ж Барыса Бікініна, каб ён дапамог вырашыць канфлікт паміж выканаўчай уладай і недзяржаўнай прэсай?”

(Мухарэўская: ) “Шкада сілаў, шкада часу і шкада сваіх нэрваў. Мы лічым, што гэта зусім беспэрспэктыўная справа”.

Пры канцы пра вынікі дэпутацтва Барыса Бікініна. Ягоная перадвыбарчая плятформа чатырохгадовай даўніны ўтрымлівала не пералік канкрэтных справаў, а адно толькі агульныя кірункі дзейнасьці. Адпаведна, на кожны станоўчы вынік прыпадае некалькі праігнараваных зваротаў ды нявыкананых абяцаньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG